Нямеччына

Асаблівасці

Вышэйшая адукацыя ў Германіі мае доўгую гісторыю. Найстарэйшы ўніверсітэт заснаваны ў 1386 г. у Гайдэльбергу.

Галоўная асаблівасць нямецкай адукацыі: яна нецэнтралізаваная. Гэта значыць, няма адной установы, якая кіравала б адукацыйным працэсам усёй краіны. Адукацыйных сістэм столькі, колькі і федэратыўных зямель – 16. Адрозненні некатастрафічныя, але істотныя. Дзякуючы такой сістэме, у ВНУ Германіі безліч аўтарскіх праграм навучання, разнастайных стажыровак і курсаў. Таму калі “што-якое”, даведвацца ці спраўджваць інфу трэба “на месцы”.

Яшчэ адна асаблівасць, якая ёсць і галоўным прынцыпам нямецкай адукацыі – “акадэмічная свабода”. Традыцыйна студэнты досыць вольныя ў арганізацыі свайго навучання. На многіх курсах яны самастойна абіраюць пэўныя прадметы і лекцыі. Па шмат якіх прадметах навучанне падзяляецца на пачатковы этап (вывучэнне асноваў навукі) і асноўны этап навучання. Пачатковы этап звычайна завяршаецца прамежкавым іспытам. Па заканчэнні навучання студэнты здаюць у залежнасці ад спецыяльнасці іспыт на атрыманне дыплому ці ступені магістра, дзяржаўны іспыт (перадусім па медыцыне і правазнаўству) ці царкоўны іспыт па тэалягічных спецыяльнасцях.

Тут для некаторых нашых студэнтаў невялікая небяспека. Звыклыя да перыядычнага “падцісканя” тэрмінаў здачы розных хвастоў у родных alma mater, могуць проста ніколі нічога не здаць. У Нямеччыне студэнтаў ніхто не кантралюе, больш за тое, яны самі вызначаюць тэрміны здачы і, па-сутнасці, у любы час могуць іх адцягнуць. Можа, таму і вучацца немцы ўсё жыццё...

У сярэдняй школе дзеці знаходзяцца да 19 гадоў. Потым, натуральна, атрымліваюць в/а, калі хто хоча. Павальнага паступлення пасля школы ў Нямеччыне няма. Выбіраць прыходзіцца з 326 ВНУ, але народ не парыцца. Калі ты сканчваеш школу ў адной зямлі, то там звычайна і паступаеш. Так прасцей, бо ведаеш умовы і патрабаванні. Замежніку ж па-любому. Але калі вельмі хочацца атрымаць атэстат аб сканчэнні сярэдняй адукацыі ў Нямеччыне, з якім непараўнальна лягчэй рухацца потым, то неабходна правучыцца там як мінімум два гады.

Навучанне ў дзяржаўных ВНУ бясплатнае. Гэта прынцыповая палітыка дзяржавы, якую можа дазволіць сабе палітычна і эканамічна стабільная краіна.

    Варыянты навучання

  1. “Гасцявая” вучоба. Гэта звычайнае навучанне (ці давучванне, каб паскорыць працэс пераходу на новую ступень) цягам году з вялікай верагоднасцю атрымаць стыпендыю. У выніку – ступень бакалаўра.

  2. Поўнае навучанне, дзе хутчэй за ўсё бабак не дадуць. У выніку – нямецкі ці ўвогуле міжнародны дыплом.

  3. Магістарскае ці доктарскае навучанне, якія па-рознаму заахвочваюцца і могуць працягвацца пэўны час.


Набор студэнтаў праводзіцца два разы на год. Заявы прымаюцца на зімовы семестр да 15 ліпеня, на летні – да 15 студзеня. Каб пачаць вучобу ў верасні, вы павінныя падаць заяву да 15 ліпеня, калі ў сакавіку – да 15 студзеня.

Колькасць замежнікаў неабмежаваная, больш за тое, для іх рэзервуюцца каля 8% месцаў у кожным універы. Трэба даведацца, ці прапануе унівэрсытэт спецыяльнасць, якую вы жадаеце атрымаць, і ці ёсць на яе г. зв. “numerus clausus” – абмежаваны прыём студэнтаў, куды патрапіць можна толькі па конкурсу. NC звычайна ёсьць на эканоміку, псыхалёґію і мэдыцыну.

Спіс універсітэтаў з Yahoo

Іспыты і іншыя ўмовы

Пры паступленні замежныя студэнты павінныя здаць іспыт па нямецкай мове (DSH або любы эквівалент, ZDP, напрыклад). Іспыт можна здаць у мінскім Гётэ-інстытуце. Некаторым навучальным установам дастаткова пацверджання, што ты вывучаў нямецкую мову ў тваім універсітэце (каля 600 гадзін) – але гэта рэдкасць.

Яшчэ адна асаблівасць: студэнт-замежнік можа паступіць толькі на тую спецыяльнасць, на якой навучаецца на радзіме. Завочніку неабходна адвучыцца ажно 4 курсы ў Беларусі, каб быць залічаным у ВНУ Германіі. Выпускнікі ж могуць скараціць два гады навучання, калі частка дысцыплінаў залічыцца.


Дакументы

    Вам спатрэбяцца завераныя ў натарыюса копіі наступных дакументаў:
  • атэстат аб атрыманні сярэдняй адукацыі ці яго натарыяльна завераная копія;
  • выпіска з атэстата;
  • завераная копія загада аб залічэнні ў беларускую ВНУ (з адзнакамі на ўступных іспытах);
  • завераная акадэмічная даведка (выпіска з заліковай ведамасці) з указаннем усіх прадметаў, якія вывучаліся, з адзнакамі і колькасцю гадзін, разбітых па семестрах;
  • завераная копія пасведчання аб дзяржаўнай акрэдытацыі ВНУ, калі той недзяржаўны;
  • завераныя даведкі (сертыфікаты) аб вывучэнні нямецкай мовы з указаннем колькасці праслуханых гадзінаў;
  • 9 фотаздымкаў (4*5).

  • Калі гэта гасцявая вучоба, то абавязкова спатрэбіцца рэкамендацыйны ліст ад беларускага прафесара, які павінен падкрэсліць, што атрыманыя веды спатрэбяцца студэнту на радзіме.


Грошы і стыпендыі.

Кошты пражывання ў сярэднім каля 660-700 еўра на месяц. У тым ліку:


*за жыллё (+дадатковыя выдаткі) - калі 250 еўра (да 310 еўра ў Франкфурце-на-Майне, Гамбургу і Мюнхене)

*ежа - каля 160 еўра

*вопратка - каля 60 еўра

*на праезд - каля 86 еўра

*медычная страхоўка - каля 60 еўра

*кнігі, іншыя расходы на матэрыялы для навучання - каля 40 еўра

У Германіі студэнты часта атрымоўваюць зніжкі на наведванне культурных мерапрыемстваў, але трэба паказаць студэнцкае пасведчанне ці картку ISIC.

Як правіла, ВНУ Германіі не даюць стыпендый. Выключэнне складаюць студэнты, якія наведваюць краіну па праграмах Службы акадэмічных абменаў DAAD, але ім не даецца права на працу.

Праўда, у некаторых універсітэтах зацікаўленыя ў таленавітых студэнтах, і шанец атрымаць стыпендыю досыць высокі. Адзінае, што яна даецца не на поўны курс навучання.
Кандыдатамі на стыпендыю могуць быць студэнты, якія вучацца на гасцявым навучанні, праграме магістраў ці promotion.

Вялікі шанец атрымаць стыпендыю ў маладых выкладчыкаў, прафесараў і былых стыпендыятаў.


Часта атрымлівае група студэнтаў разам з выкладчыкам (на 4 тыдні) для распрацоўкі якога-небудзь праекта. Памер стыпендыі вагаецца ад 720 еўра + страхоўка і штомесячны праезд да 960 для падрыхтоўкі дысертацыі. У першым выпадку стыпендыя разовая, у апошнім – з правам працягу на тры гады.

Узроставая планка для атрымання стыпендыі – 18-32 гады.

Дапамагчы ў фінансаванні могуць рознага кшталту фундацыі, але ўмовы ў кожнай з іх розняцца, таму лепш за падрабязнай інфармацыяй звяртацца непасрэдна да іх.

Памер стыпендыі адпавядае сярэднім коштам на пражыванне.

Спіс нямецкіх фундацый: www.stiftungsindex.de

www.Daad.de стыпендыі

www.io.uni-bremen.de пералік усіх арганізацый, фондаў і палітычных партый, якія даюць стыпендыі на навучанне.

Жыллё ды праца


Студэнты атрымліваюць права на на пражыванне ў інтэрнаце. Але не ўсе могуць гэтым правам скарыстацца, бо месцаў у інтэрнатах, як і ў нас, не хапае. Таму варта паклапаціцца пра жыллё зарань. Інфармацыю пра студэнцкія інтэрнаты можна атрымаць у Аддзеле міжнародных сувязяў абранай вамі ВНУ.

Таксама Вы можаце пашукаць прыватнае жыллё. Выгадным па кошце варыянтам з’яўляецца арэнда кватэры некалькімі студэнтамі (па-нямецку Wohngemeinschaft, скарочана WG). Такія прапановы Вы можаце знайсці на дошках аб’яваў універсітэта альбо ў інтэрнэце. У першыя дні Вы можаце спыніцца на недарагіх моладзевых турыстычных базах (адрасы шукай на сайце універсітэта).

Замежныя студэнты маюць права на працу падчас навучання. Але для беларусаў, паколькі наша краіна не ўваходзіць у склад Еўразвяза, існуюць абмежаванні. З 1 студзеня 2005 году ўступіў у сілу новы закон аб іміграцыі. Адно з важных яго наступстваў у тым, што выпускнікі ўніверсітэтаў пасля заканчэння вучобы могуць на працягу аднаго году заставацца ў Германіі з мэтай пошуку месца працы. Калі ты знойдзеш працу, то можаш атрымаць дазвол на далейшае знаходжанне ў Германіі. Раней жа такое было немагчыма.

Таксама важныя змены тычацца дазволу на працу. Раней прыходзілася асобна атрымоўваць дазвол на працу і на знаходжанне ў краіне, цяпер і тое, і другое ты зможаш атрымаць у ведамстве па працы з замежнікамі (Auslanderamt). Зараз без дазволу на працу можна працаваць на працягу 180 дзён (раней – толькі 90 поўных дзён на год). Супраца з універсітэтам, а таксама з іншымі навуковымі ўстановамі часава не абмяжоўваецца.

Віза

    Для падачы на студэнцкую візу вам спатрэбяцца наступныя дакументы:
  • пашпарт для выезда (як мінімум на 6 месяцаў);
  • запрашэнне з нямецкай ВНУ;
  • пацверджанне фінансавай самастойнасці (рахунак у нямецкім банку з мінімальнай колькасцю грошай – 7260 еўра на год). Важна: нельга здымаць больш за 605 за месяц.
  • даведка аб даходах бацькоў, завераная ў нямецкай амбасадзе;
  • тры запоўненыя анкеты;
  • пацверджанне аб медыцынскай страхоўцы, што прызнаецца ў Германіі (можна зрабіць і ў Беларусі);
  • даведка аб гарантаванні жылля (інтэрнат, сябры і г.д.)
  • заручэнне з боку нямецкага грамадзяніна (вялікая магчымасць зрабіць праз Au Pair)
  • тры фоткі 3*4.


З чым могуць узнікнуць цяжкасці, дык з даведкай аб вашай фінансавай забяспечанасцю падчас навучання ў Германіі. Вы павінныя мець суму мінімум 3600 еўра на паўгадовы тэрмін.
Таксама спатрэбіцца даведка пра рахунак у нямецкім банку на ўказаную суму, заява ад бацькоў, што яны абавязваюцца аплочваць табе стыпендыю ў еўра на працягу ўсяго перыяду навучання і даручэнне грамадзяніна Германіі.

Студэнты атрымліваюць візу з правам працягу ў Германіі.



Памятка

    Перад ад'ездам:
  • Прасачыць, каб твой пашпарт быў дзейсным на працягу ўсяго знаходжання ў Германіі, іначай прыйдзецца вяртацца дадому, каб яго змяніць.
  • Мець пасведчанне аб прыняцці ва ўніверсітэт.
  • Мець даведку аб фінансавым стане.
  • Своечасова паклапаціцца пра візу (але ні ў якім разе не турыстычную - гэта будзе потым толькі лішняй праблемай на тваю галаву).
  • Зрабіць копіі (па беларуску ці расейску, а таксама перакладзеныя на нямецкую мову і абавязкова завераныя натарыяльна ці ў нямецкім прадстаўніцтве) наступных дакумантаў: пасведчанне аб нараджэнні, паперы, якія пацвярджаюць ваш узровень адукацыі, пры наяўнасці - дыпломы аб вышэйшай адукацыі ці моўныя сертыфікаты.
  • Паклапаціцца пра сябе роднага/родную ды зрабіць медычную страхоўку.
  • Калі маеш, то захапі і правы на кіраванне аўтамабілем.
  • Пошук месца для пражывання таксама лепей пачаць зарань.


    Адразу па прыездзе:
  • Наведай ведамства па справах замежнікаў (das Akademische Auslandsamt) тваёй навучальнай установы, яно паведаміць збольшага ўсё неабходнае для арганізацыі твайго побыту ў Германіі.
  • У першыя ж дні прыйдзецца заплаціць медычную страхоўку, сацыяльныя ўнёскі, першую плату за пакой і г.д. Таму пажадана мець пры сабе як мінімум 250 еўра. Памятай, што з дапамогай крэдытнай карткі можна разлічыцца звычайна ў буйных крамах, рэстаранах, гатэлях, але ў маленькіх крамках гэта адносная рэдкасць, таму лепш мець і наяўныя грошы.
  • Калі ты не трапіў у працоўныя гадзіны ў ведамства па справах замежнікаў і яшчэ не маеш месца, дзе жыць, то лепш засяліцца ў гатэль ці моладзевы інтэрнат. Інфармацыю пра іх ты можаш атрымаць у падарожным бюро (Verkehrsamt) у кожным вакзале ці аэрапорце.
  • На пачатку твайго жыцця ў Германіі неабходна прайсці некаторыя бюракратычныя працэдуры. Трэба зарэгістравацца ў наступных установах: перш-наперш у Einwohnermeldeamt (аналаг нашаму пашпартнаму сталу), а затым у Auslanderamt (ведамства па справах замежнікаў), звычайна іх можна знайсці ў будынку гарадской адміністрацыі. Калі ты гэтага не зробіш, то можаш атрымаць значны штраф. Пры паходзе ў ведамства па справах замежнікаў трэба мець з сабой запоўненае пацверджанне аб рэгістрацыі з Einwohnermeldeamt, сведчанне аб медычнай страхоўцы, пашпарт з візай, студэнцкае пасведчанне і даведку аб фінансавым стане.


Дваццатка лепшых універсітэтаў:
1. Універсітэт Мюнхен

2. Тэхнічны ўніверсітэт Мюнхен

3. Вольны ўніверсітэт Берлін


4. Універсітэт Гайдэльберг

5. Універсітэт Бон

6. Універсітэт Гумбальта ў Берліне

7. Універсітэт Гётынген

8. Універсітэт Эрланген-Нюрнберг

9. Універсітэт Тубінген

10. Універсітэт Кёльн

11. Тэхнічны ўніверсітэт Берлін

12. Універсітэт Фрайбург


13. Універсітэт Штутгарт

14. Універсітэт Франкфурт

15. Універсітэт Бохум

16. Універсітэт Вюрцбург

17. Тэхнічны ўніверсітэт Дармштат

18. Тэхнічная вышэйшая школа Аахен

19. Універсітэт Мюнстэр

20. Універсітэт Гамбург



RSS-падпіска
рэклама
сябры