Польшча

"За навучаньнем у Польшчу?"


Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі ў Польшчы больш за 400 вышэйшых
навучальных установаў і больш за 1,8 млн студэнтаў. Кожны год польскія ВНУ выпускаюць каля 350 тысяч спэцыялістаў. Дзяржаўная акрэдытацыйная камісія ў 2002-2004 гадах правяла кантроль якасьці адукацыі і высьветліла, што толькі ў 4% ВНУ яна нездавальняючая. 75% вышэйшых школаў у Польшчы даюць студэнтам салідны ўзровень ведаў (справаздачы Дзяржаўнай акрэдытацыйнай камісіі Рэспублікі Польшча можна знайсьці на старонцы www.menis.gov.pl/pka/).

Навучаньне ў Польшчы падзяляецца на дзённае і вечаровае, можна вучыцца таксама завочна і экстэрнам. Але найбольш распаўсюджаным зьяўляецца, натуральна, дзённая форма навучаньня. Паступаць маюць права асобы, якія атрымалі атэстат аб сярэдняй адукацыі (паліцэйскім школам хапае толькі заканчэньня ліцэя). У кожным годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы самі вызначаюць умовы паступленьня (уступны іспыт, конкурс па адзнаках у атэстаце, часам – асабліва ў прыватных навучальных установах – на падставе запісу).

У Польшчы ёсьць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя вышэйшыя школы (апошнія мусяць быць зарэгістраваныя пры Міністэрстве адукацыі Польшчы). З 1998 году дзейнічаюць таксам дзяржаўныя і недзяржаўныя тэхнічныя школы. Гэтыя вучэльні абавязаныя забясьпечыць студэнту 15 тыдняў практыкі.

Пасьля заканчэньня вышэйшай школы ў залежнасьці ад яе тыпу і абранай спэцыялізацыі можна атрымаць наступныя ступені:

  • Ліцэнцыят – па сканчэньні 3 ці 3,5 навучаньня ў вышэйшай тэхнічнай школе.


  • Інжынер – па сканчэньні вышэйшай тэхнічнай школы па тэхнічных, эканамічных ці сельскагаспадарчых спэцыяльнасьцях, навучаньне на якіх цягнецца 3,5 ці 4 гады.

  • Магістар – па сканчэньні 5 год цэльнага магістарскага навучаньня. Навучаньне па мэдычных і вэтэрынарных спэцыяльнасьцях цягнецца 6 гадоў. Таксама ступень магістра можна атрымаць пасьля заканчэньня 2-2,5-гадовага дадатковага магістэрскага навучаньня, права на якое маюць асобы, што скончылі вышэйшую тэхнічную школу з ступеньню ліцэнцыята ці інжынера.

Каб вучыцца на дзённым аддзяленьні ў Польшчы, вам прыйдзецца выдаткаваць ад 300 да 1100 злотых (рэч ідзе не пра платнае навучаньне, а пра аплату свайго пражываньня). Самым дарагім будзе жыцьцё ў Варшаве і Познані, нашмат таньней у Торуні, Беластоку ці Любліне.

Карысныя спасылкі:

На старонцы www.powitanie.com.pl можна знайсьці шэраг файных парадаў, якімі крытэрамі лепш кіравацца пры выбары навучальнай установы, дзе і як шукаць жытло, дзе добра і танна пад’есьці, а таксама як здаваць іспыты. Акрамя таго там можна адшукаць інфармацыю пра тыпы ВНУ, навуковых ступенях, стыпэндыях, мажлівасьцяў дадатковай працы і г.д.

www.aci.pl – адукацыйны партал. Тут кожны можа пабачыць досыць падрабязную прэзэнтацыю накірункаў познаньскіх ВНУ з праграмамі заняткаў, правіламі паступленьня і камэнтарамі навучэнцаў. Таксама на гэтай старонцы зьмешчаная інфармацыя пра вышэйшыя школы (дзяржаўныя і прыватныя) з усёй Польшчы. Што цікава, тут можна знайсьці падсумаваньні рэйтынгаў ВНУ з вядомых польскіх часопісаў.

www.dlastudenta.pl зьмяшчае інфармацыю пра ўсё, што датычыць студэнцкага жыцьця (адпачынак, ежа, культура, праца, мапы, расклад руху цягнікоў).


www.planner.pl – пашуковік па ВНУ, пасьлядыплёмным навучаньні, МВА, а таксама прэзэнтацыя ўнівэрсытэцкіх гарадоў (у т.л. колькасьць насельніцтва, колькасьць студэнтаў, прыблізныя кошты на кватэры, сьпіс ВНУ і студэнцкіх арганізацыяў, інфармацыя пра кінатэатры і бары).

www.student.ocochodzi.pl – тут вы знойдзеце шмат практычнай інфармацыі пра розныя накірункі навучаньня ад і для студэнтаў, старонка зьмяшчае таксама экзамэнацыйныя задачы і пытаньні з розных спэцыяльнасьцяў.

www.studiuj.pl – інфармацыя непасрэдна з ВНУ (напрыклад, пра пляны Беластоцкага ўнівэрсытэту наконт адкрыцьця філіі ў Вільні). Тут таксама інфармацыя пра ВНУ, рэйтынгі, характарыстыка спэцыяльнасьцяў, абвесткі аб курсах. Найбольшы ў Польшчы пашуковік па ВНУ. Досыць файная старонка, якую варта наведаць.


RSS-падпіска
рэклама
сябры