БАЖаўскі курс па сацыяльных сетках

Як зрабіць сацыяльныя сеткі адным з асноўных інструментаў прасоўвання ўласных матэрыялаў СМІ ды сталым каналам сувязі з чытачамі і экспертамі – пра гэта распавядзе новы курс БАЖу “Сацыяльныя сеткі – компас журналіста”.

Да ўдзелу запрашаюцца журналісты, якія вядуць свае акаўнты ў сацыяльных сетках, а таксама SMM-мэнэджары рэдакцый СМІ.

Асаблівая ўвага будзе накіравана на распрацоўку стратэгіі працы з сацыяльнымі сеткамі для кожнага ўдзельніка:

  • прасоўванне рэдакцыйнага кантэнту праз сацыяльныя сеткі;
  • стварэнне і публікацыя паспяховых пастоў у сацыяльных сетках;
  • асаблівасці размяшчэння рэкламы ў сацсетках;
  • мадэрацыя і развіццё актыўнасці ў супольнасцях і пабліках;
  • пастаноўка задач для SMM-спецыяліста;
  • аналіз эфектыўнасці працы для SMM-спецыяліста.

Пасля сканчэння курсу слухачы будуць ведаць:

  • Якімі бываюць сацыяльныя сеткі і навошта журналісту здабываць у іх пастаянную прапіску?
  • Як скарыстаць сацыяльныя сеткі для збору эксклюзіўнай інфармацыі ды праверкі фактаў?
  • Як прасоўваць у сеціве свае тэксты, фота і відэа (SMM)?
  • За што адказвае SMM-мэнэджар у рэдакцыі СМІ і якія могуць быць крытэры ацэнкі яго працы?
  • Як і навошта вывучаць аўдыторыю карпаратыўнага акаўнта і групы ў сацыяльных сетках?
  • Як даведацца якія тэмы найбольш абмяркоўваюць карыстальнікі сацыяльных сетак з Беларусі?
  • Якія сёння назіраюцца трэнды SMM у Беларусі?
  • Як, карыстаючыся сацыяльнымі сеткамі, не парушыць аўтарскія правы ды нормы прафесійнай этыкі?
  • Як вырашаць канфліктныя сітуацыі з адміністрацыяй сацыяльнай сеткі або наведвальнікамі вашага акаўнта?
  • Як захаваць уласную бяспеку ў сацыяльных сетках?
  • Што нясуць SMM-мэнэджару папраўкі ў закон «Аб СМІ», якія ўступілі ў дзеянне з 1 студзеня 2015 года?

Курс «Сацыяльныя сеткі – компас журналіста» максімальна арыентаваны на практыку, прадугледжвае вялікі аб’ём самастойнай працы ўдзельнікаў.

Галоўны трэнер курса — медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Дэталі курсу

«Сацыяльныя сеткі — компас журналіста» стартуе 23 студзеня 2016 года ў Мінску і завяршаецца заключнай сесіяй 19 сакавіка 2016 года ў Вільні.

Курс складаецца з васьмі заняткаў, якія правядуць беларускія прафесіяналы, і майстар-класу замежнага трэнера.

Заняткі будуць праводзіцца раз на тыдзень па суботах з 11:00 да 14:00.

Удзельнікі будуць працаваць над сваім медыяпраектам, канцэпцыю якога яны мусяць сфармуляваць і прэзентаваць падчас курсу.

Неабходныя дакументы:

  • кароткі расповед пра сябе;
  • абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе;
  • просьба АБАВЯЗКОВА даць у заяўцы спасылкі на свае акаўнты ў сацыяльных сетках, а таксама ацаніць свой узровень валодання тэхналогіямі працы ў сацыяльных сетках па шкале ад 1 (найніжэйшы ўзровень) да 5 (найвышэйшы ўзровень).

Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас baj@baj.by  (з пазнакай «SMM»).

Дэдлайн – 19 студзеня 2016 г.