Эка-летнік на маляўнічай Дзвіне

Экалагічны летнік-экспедыцыя «Чыстая Дзвіна – Чыстая Балтыка 2016» – гэта восьмая па ліку экспедыцыя, падчас якой валанцёры прымуць удзел у практычным вырашэнні праблем, якія тычацца забруджвання водных рэсурсаў Беларусі. Летнік пройдзе з 7 па 12 ліпеня 2016 года ў Віцебскай вобласці па ініцыятыве Цэнтра экалагічных рашэнняў.

Праграма летніка-экспедыцыі «Чыстая Дзвіна – Чыстая Балтыка 2016»:

  • выезды на роварах або выхады пешшу (на выбар удзельнікаў) ўздоўж ракі і возера (басейн Заходняй Дзвіны, Віцебская вобласць / 4-6 гадзін штодня);
  • даследаванне прыбярэжных зон і старыц з мэтай пошуку крыніц забруджвання ракі, правядзенне даследаванняў, звязаных з вызначэннем забруджванняў;
  • вызначэнне якасці вады прыродных вадаёмаў хімічнымі і біялагічнымі метадамі;
  • адукацыйныя тэматычныя лекцыі і майстар-класы.

Умовы ўдзелу:

  • Удзельнікам экспедыцыі можа стаць асоба, якая дасягнула 18 гадоў;
  • Арганізатары бяруць на сябе адказнасць за харчаванне, але ўдзельнікі павінны ўзяць з сабой міску, кружку, лыжку і відэлец, а таксама быць гатовым прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ежы / выкананні іншай неабходнай працы. Патрэбу ў падрыхтоўцы асобных страваў (напрыклад, вегетарыянскіх) неабходна пазначыць падчас рэгістрацыі;
  • Арганізатары забяспечваюць трансфер удзельнікаў ад г. Полацк да месца правядзення летніка;
  • Удзельнікам летніка пажадана мець свой ровар, камізэльку са святлоадбіўнымі стужкамі, роварны шлем, рэмкамплект. Пры адсутнасці апошніх, варта загадзя паведаміць арганізатарам пра гэта, а таксама паведаміць памер колаў ровара;
  • Удзельнікам неабходна мець уласныя намёты, спальнікі, турыстычныя дыванкі;
  • Кожны ўдзельнік робіць рэгістрацыйны ўнёсак у памеры 200 тысяч беларускіх рублёў.

Колькасць месцаў – 20, адбор удзельнікаў ажыццяўляецца арганізатарамі. Падаць заяўку на ўдзел можна да 30 чэрвеня 2016 года.

Дадатковая інфармацыя:

+37529 643 46 10 Наталля Парэчына;

+37529 811 24 41 Зміцер Васьковіч.