Летняя школа ў Вільні пра правы чалавека

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека FIDH у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і Праваабарончым цэнтрам “Вясна” абвяшчаюць конкурс на ўдзел у Летніх школах для творчай моладзі “Правы чалавека – сучасная сістэма каштоўнаснага светапогляду”.

Лакацыя – Беларускі Дом правоў чалавека Літва (Вільня). Перыяд – 23 ліпеня – 1 жніўня 2016 года.

У межах праграмы ўдзельнікі знаёмяцца з:

  • гісторыяй і філасофіяй правоў чалавека;
  • метадамі і сродкамі іх абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях;
  • стандартамі і дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды выказвання меркавання;
  • правам на прыватнасць;
  • свабодай ад дыскрымінацыі і іншымі правамі і свабодамі. Асобная ўвага будзе нададзена аўтарскаму праву, практыцы яго ўжывання і абароны на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Экспертамі з’яўляюцца прадстаўнікі праваабарончых, творчых і прафесійных арганізацый Беларусі, Украіны, Францыі, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты ў адпаведных галінах правоў чалавека і права.

Да ўдзелу ў праграме запрашаецца творчая моладзь з Беларусі, зацікаўленая ў набыцці ведаў у галіне правоў чалавека.

Узрост – ад 18 да 35 гадоў.

Працоўныя мовы: беларуская і руская.

Як падацца

Для ўдзелу ў Школе прэтэндэнт павінен спампаваць, запоўніць рэгістрацыйную форму і даслаць не пазней за 14 чэрвеня на е-адрас press@baj.by з пазнакай “Школа”.

УВАГА! Патрабаванні да пашпартоў: тэрмін дзеяння пашпартоў прэтэндэнтаў павінен быць на 3 месяцы большы, чым тэрмін заканчэння Школы; у пашпарце павінны быць дзве чыстыя старонкі з адзнакай “візы”; пашпарт павінен быць выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў.

Удзельнікі будуць абраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў у выніку конкурсу, які правядзе спецыяльная кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу прэтэндэнты даведаюцца цягам пяці дзён пасля завяршэння адбору.

Ад удзельнікаў патрабуецца прысутнасць на ўсіх занятках. Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка ў выпадку невыканання ўмоваў удзелу ў Школе.

Фінансавыя ўмовы

Удзел у занятках і навучальныя матэрыялы бясплатныя. Арганізатары Школы пераймаць выдаткі на аплату віз і страхавых полісаў, пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў, транспартныя выдаткі (кошт праезду да месца правядзення Школы і назад).

У выпадку, калі вы маеце дадатковыя пытанні, звяртайцеся на адрас press@baj.by.

Дэдлайн – 14 чэрвеня 2016 года.