Навуковая практыка ў Польшчы

Польскі ўрад у межах праграмы для маладых навукоўцаў прапануе 70 стыпендый на 2017-2018 акадэмічны год для прадстаўнікоў Беларусі, Украіны, Малдовы, Расіі, Грузіі ды іншых краінаў.

Да ўдзелу запрашаюцца маладыя лектары, кандыдаты навук або выпускнікі ўніверсітэтаў, якія жадаюць працягнуць сваю навуковую дзейнасць. Стыпендыятам будуць прызначаны ментары з ліку спецыялістаў па абраным імі прадмеце даследвання, якое яны змогуць працягнуць па вяртанні дадому.

Перавага будзе аддадзеная кандыдатам і кандыдаткам з высокай акадэмічнай паспяховасцю, арганізатарскімі здольнасцямі, чые дасягненні дазваляюць перайсці да паглыбленага вывучэння іх тэмаў.

Стыпендыі выдаткоўваюцца на рэалізацыю навуковай практыкі цягам аднаго году дадатковага навучання.

Агульная працягласць праграмы ўключна з падрыхтоўчымі курсамі польскай мовы складае 10 месяцаў. Існуе магчымасць падаўжэння знаходжання ў Польшчы да ліпеня 2018 года, калі праграмны каардынатар па ўзгадненні з ментарам стыпендыята пададуць на падаўжэнне тэрміну, і толькі ў выпадку добрай акадэмічнай паспяховасці стыпендыянта.

Кандыдаты, якія маюць дастатковы ўзровень валодання польскай мовай, пачнуць займацца  з 1 верасня 2017 г.

Фінансавыя ўмовы

Памер стыпендыі на месяц складае 1350 PLN (прыблізна 300 еўра).

Дэдлайн падачы дакументаў – 1 сакавіка 2017 г.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся на е-адрас stypendia.studium@uw.edu.pl.

Паводле by.odb-office.eu