Падвысіць сваё фотамайстэрства: курс для зацікаўленых

13 студзеня стартуе навучальны курс для фотажурналістаў “Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання“.

Навучанне будзе праходзіць у некалькі этапаў:

  • інтэнсіў расійскага дакументальнага фатографа Мішы Дамажылава;
  • праца над персанальнымі праектамі пад куратарствам беларускага фотажурналіста Сяргея Балая;
  • арганізацыя выставы ў Мінску;
  • майстар-клас замежнага трэнера ў Вільні.

Па выніках курсу ўдзельнікі распрацуюць уласную метадалогію па стварэнні фотапраектаў “ад ідэі да рэалізацыі і прасоўвання”.

Першы этап: 13.01. – 15.01.2017 года
Майстар-клас Мішы Дамажылава  

Каб рэалізаваць дакументальны фотапраект, трэба знайсці тэму, прыдумаць канцэпцыю, выбраць візуальную мову, атрымаць доступ, дабрацца да месца, затрымацца “ў полі”, выйсці з яго, зрабіць круты адбор, выдатны постпрадакшн і ў выніку прасунуць прадукт, які атрымаўся.

На кожным этапе фатографа чакаюць горкія расчараванні. Яны могуць суправаджацца вострым жаданнем памяняць тэму праекта, пачаць усё наноў і нават завязаць з фатаграфіяй назаўсёды. Але ўсяго гэтага можна пазбегнуць, калі ведаць, што самае галоўнае – гэта матывацыя.

З дакументальным фатографам і куратарам Школы сучаснай фотажурналістыкі “ДокДок Док” Мішам Дамажылавым удзельнікі майстар-класа цягам трох дзён вывучаць этапы стварэння фотапраекта, даведаюцца пра ўсе пасткі, у якія так лёгка патрапіць фотажурналісту, і выпрацуюць стратэгію іх пераадолення. Вынікам для кожнага з удзельнікаў стане гатовая канцэпцыя персанальнага праекта і здымкі, якія распачынаюць працу над ім.

Другі этап: 16.01 – 17.02.2017 года
Праца над праектамі з Сяргеем Балаем 

Праца над праектамі пад куратарствам фотарэдактара інтэрнет-газеты naviny.by Сяргея Балая: здымкі, кансультацыі, прамежкавы і фінальны адбор фотаздымкаў для серыі і выставы, распрацоўка канцэпцыі выставы, падрыхтоўка фотаздымкаў да друку. Арганізацыя і адкрыццё выставы.

Трэці этап: 24.02-25.02.2017
Майстар-клас замежнага трэнера па прасоўванні ўласных фотапраектаў, які пройдзе ў Вільні

Да ўдзелу запрашаюцца прафесійныя фотажурналісты, якія працуюць у СМІ і зацікаўленыя ў падвышэнні сваёй кваліфікацыі ў галіне стварэння асабістых фотапраектаў.

Заяўкі на ўдзел ў навучальным курсе “Фотапраект: ад ідэі да прасоўвання” прымаюцца ад сябраў ГА “БАЖ” па электроннай пошце на адрас baj@baj.by (з пазнакай “Photo”) да 6 студзеня 2017 года.

Заяўка павінна ўтрымліваць:

  • абавязкова партфоліа з 15 здымкаў;
  • кароткі расповед пра сябе (не больш за 1 000 знакаў);
  • абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.