Шукайце свае лепшыя ідэі, каб палепшыць мясцовую супольнасць! На іх чакаюць

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” і Школа маладых мэнэджараў публічнага адміністравання SYMPA абвяшчаюць конкурс праектных ідэй, скіраваных на спрыянне мясцоваму і рэгіянальнаму развіццю па ўсёй Беларусі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца любыя непалітычныя ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя арганізацыі, фізічныя асобы, крэатыўныя каманды і ўсе, хто займаецца паляпшэннем культурніцкай і сацыяльнай прасторы ў сваім населеным пункце або рэгіёне.

На конкурс прымаюцца ідэі, якія:

  • могуць зрабіць лепшым жыццё ў вашай мясцовасці агулам ці для нейкай групы людзей;
  • яднаюць актыўных жыхароў для вырашэння грамадска важных пытанняў;
  • умацоўваюць ідэнтычнасць, у тым ліку праз пашырэнне ведаў пра гісторыю і культуру, пра родны горад або рэгіён;
  • матывуюць да адказнасці за лёс свайго населенага пункту;
  • развіваюць крэатыўны падыход да ажыццяўлення задумаў;
  • павялічваюць патэнцыял грамадскіх актывістаў;
  • дапамагаюць наладзіць кантакты розным групам паміж сабой і з дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі.

Заяўка мусіць утрымліваць:

  • імёны і прозвішчы аўтараў / ініцыятараў праекту, кантакты;
  • назву, мэту і сутнасць праекту (да 700 словаў);
  • мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);
  • чаму ідэя ўнікальная і/ці актуальная;
  • калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;
  • якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Заяўку неабходна даслаць да 20 студзеня 2017 года праз е-адрас razam@budzma.org з пазнакай “На конкурс ідэй”.

Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў перыяд з 01.02.2017 па 31.01.2018 года
Вынікі конкурсу абвесцяць 30 студзеня 2017 г. на сайце budzma.by.

З дадатковымі пытаннямі звяртайцеся на е-адрас razam@budzma.org.