Суперклёвая лекцыя пра інтэрнэт ад ECLAB

20 чэрвеня ў межах праекта ECLAB_Інтэракцыя адбудзецца інтэрактыўная лекцыя даследчыка і выкладчыка ECLAB Міхаіла Дарашэвіча «”Чалавечы твар” Інтэрнэту».

Мадэратары – студэнты канцэнтрацыі «Інтэрнэт і грамадства».

Дзе: прастора ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16, над барам «Хуліган»).

Дакладны час: 18:30.

Інтэрнэт – гэта цэнтры захоўвання інфармацыі, серверы, кампутары, спадарожнікі, кабелі. Інтэрнэт – гэта сацыяльныя сеткі, мэсэнджары, пошукавыя сістэмы. Але без аднаго – галоўнага – складніку любое апісанне будзе няпоўным, без яго не было б і самога Інтэрнэту. Інтэрнэт – гэта людзі, Інтэрнэт – гэта мы, карыстальнікі.

Хто такі тыповы беларускі прадстаўнік інтэрнэт-аўдыторыі? Якога ён полу? Колькі яму гадоў? Які ўзровень яго адукацыі і дастатку? Што ён шукае ў сеціве? Якімі сэрвісамі карыстаецца? Якія з сацыяльных сетак у Беларусі самыя «жаночыя» і самыя «мужчынскія»? У які дзень тыдня беларусы праяўляюць найбольшую актыўнасць анлайн? Адказы на ўсе гэтыя пытанні могуць быць не самымі чаканымі.

Партрэт сярэднестатыстычнага беларускага інтэрнэт-карыстальніка намалюе Міхаіл Дарашэвіч, кіраўнік праекту «Gemius Belarus», які займаецца аналізам анлайн-аўдыторыі, чалавек, які даследуе сетку Інтэрнэт у Беларусі з 1995 г.

Міхаіл Дарашэвіч – даследчык і незалежны эксперт у галіне развіцця інтэрнэт-тэхналогій. Кіраўнік праекта «e-belarus.org» (з 2001 г.). Кансультант у пытаннях ІКТ для развіцця ў межах Праграмы развіцця ААН у Беларусі (2004–2005). Займаецца даследаваннямі ў галіне новых медыя, інфармацыйнай палітыкі, электроннага ўрада, эканомікі ведаў, кіравання сеткай Інтэрнэт.

Уваход вольны!

Мерапрыемства ў Facebook.