Цікава-важная лекцыя пра медыі ды іх спажыванне

Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь” запрашаюць на лекцыю Аляксея Крывалапа “Купляйце беларускае, альбо Што рабіць, калі заўтра не наступіць”.

Калі: 11 лістапада, 18:30.
Дзе: прастора ЦЭХ, вул. Кастрычніцкая, 16, Мінск.

Спажывецкае грамадства пабудавана па такім прынцыпе, каб падтрымліваць у чалавеку прагу да спажывання. Мода на вопратку трымаецца не болей за сезон, нашмат часцей змяняюцца мадэлі кампутараў, тэлефонаў, паляпшаецца праграмнае забеспячэнне і г.д… Гэтая сфера функцыянуе такім чынам, каб падштурхоўваць чалавека спажываць нашмат болей, чым патрабуе яго натура і нават здаровы сэнс. Паступова ў чалавеку фармуецца лёгкае стаўленне да ўсяго – усё можна набыць і ад усяго можна лёгка пазбавіцца. Мяжа паміж каштоўнасным і другасным становіцца вельмі хісткай. Акрамя таго, чалавек трапляе ў самападман, думаючы, што праз такі ці іншы выбар рэчаў ён выказвае сябе, сваю індывідуальнасць, што гэта ён задае той ці іншы “дызайн” самога сябе.

Падаецца, што сённяшняя медыясфера ў Беларусі (і не толькі) існуе вельмі падобным чынам – яна насычае чалавека інфармацыяй, часцей за ўсё залішняй і не вартай. У жаданні прыцягнуць новую аўдыторыю выдумваюцца скандальныя гісторыі, статус “сенсацыйнасці”, “унікальнасці” ці “фенаменальнасці” надаецца падзеям другасным, а вартыя абмеркавання пытанні застаюцца “па-за трэндам”. Бурнае развіццё інтэрнэту і сацсетак знішчае аўтарытэты, у пэўным сенсе прымушае СМІ функцыянаваць у прасторы “інфармацыйнага шуму” і самім станавіцца яго стваральнікамі.

  • Калі мы паспрабуем уявіць сабе беларускую медыяпрастору праз некалькі гадоў і зразумець, што нас чакае, – ці знойдзем мы падставы для аптымізму?
  • Што насамрэч уплывае на развіццё беларускага медыярынку?
  • Ці магчыма існаванне СМІ, не арыентаваных на “інфармацыйнае спажыванне”?

Пра гэта разам з удзельнікамі будзе разважаць Аляксей Крывалап. Яны паспрабуюць прааналізаваць стан сучаснай журналістыкі, узаемаадносіны СМІ і грамадства, уплыў “інфармацыйнага спажывання” на нас і нашу ідэнтычнасць і тыя чыннікі, якія здольныя мяняць сітуацыю і канструяваць іншую будучыню медыяпрасторы.

Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей шукайце на сайце fly-uni.org