10 правілаў добрага навучання
- 03.03.2016
- Цікавосткі
Вучыцца – гэта маё. Прайшоўшы нядаўна чарговы курс на Coursera, не магу не падзяліцца карыснымі парадамі пра тое, як эфектыўна вывучыць што заўгодна.
Поўная назва курса – “Learning How to Learn: Powerful mental tools to help you master tough subjects“, выкладалі ў асноўным Барбара Оклі і Тэррэнс Сейноўскі з Каліфарнійскага ўніверсітэту Сан-Дыега.
Да большасці відэа ёсць субтытры па-ангельску, партугальску, в’етнамску, гішпанску, арабску, галандску, кітайску, па-руску і па-украінску. Цалкам перакладзеная версія існуе па-партугальску.
Увесь курс разлічаны на 4 тыдні, складаецца з 4 гадзін відэа, 3 гадзін заданняў і 3 гадзінаў бонуснага матэрыялу – інтэрв’ю з пісьменнікамі, навукоўцамі, паліглотамі, блогерамі, якія дзеляцца сваімі парадамі па эфектыўным навучанні.
Да справы. Чытай хутчэй 10 правілаў добрага навучання з кніжкі Барбары Оклі ды вывучай тое, што даўно хацелася.
- Прыпамінай. Прачытаўшы старонку, закрый яе і паспрабуй узгадаць галоўныя ідэі. Выдзяляй і падкрэслівай у тэксце паменей, гэта вельмі расслабляе мозг і стварае ўражанне, што выдзеленае – ужо ў галаве, хаця гэта не так.
- Тэстуй сябе. Па ўсім вывучаным. Заўжды. Карткі – твае верныя сябры.
- Разбівай задачы на часткі (chunks). Калі разбіць праблему на часткі і засвоіць кожную частку да ўзроўню аўтапілота, то далей вырашэнне іншых падобных праблем будзе прыходзіць у галаву імгненна, быццам з падсвядомасці.
- Расцягвай паўтарэнне ў часе. Размяркоўвай навучанне любой дысцыпліне патрошку на кожны дзень, як спартовец. Твой мозг – гэта той жа мускул, яму таксама трэба дазаваныя нагрузкі.
- Чаргуй розныя тэхнікі вырашэння праблем. Ніколі не сядзі доўга над праблемай, выкарыстоўваючы толькі адзін падыход яе вырашэння: пасля нейкага этапу ты апынешся ў тупіку паўтарэння. Чаргуй розныя падыходы і розныя праблемы. Паспрабуй паўтараць тэмы да іспыту ў рандомным парадку, а яшчэ лепей – міксуй таксама і розныя прадметы, напрыклад, главу з матэматыкі, а потым – ангельскія дзеясловы. Каб вучыцца эфектыўней, пішы ад рукі (каб лепш асядала ў галаве) праблему з аднаго боку карткі, і вырашэнне – з іншага. Можаш таксама паспрабаваць разгортваць кніжку на любой старонцы і спраўджваць, ці можаш узгадаць, пра што ідзе размова.
- Рабі перапынкі. Вучыцца патрошкі кожны дзень нашмат лепей, чым вучыцца “запоямі”. Калі нешта не ідзе, зрабі перапынак, каб іншыя часткі твайго мозгу маглі падключыцца і вырашыць праблему, пакуль ты будзеш займацца іншай задачай, у фонавым рэжыме.
- Тлумач і праводзь простыя аналогіі. Калі ніяк не можаш справіцца з задачай, паспрабуй патлумачыць яе змест для сябе так, быццам табе 10 год. Аналогіі таксама дапамагаюць, напрыклад параўнаць элеткрычны ток і патокі вады. Пры гэтым лепей не проста прагаварыць такое тлумачэнне пра сябе, а патлумачыць камусьці ці нават напісаць. Ці нават запісаць на відэа, чаму б і не?
- Сканцэнтруйся. Павыключай усе дэвайсы, пастаў таймер на 25 хвілін, і пагрузіся ў адну тэму. Пасля 25 хвілін напружанай працы зрабі сабе маленькі падаруначак. Як лёгка гэта б ні здавалася, гэта рэальна дапамагае рабіць прагрэсс у навучанні.
- Спачатку з’еш жабу. Пачынай дзень з выканання самай складаннай задачы, пакуль маеш свежы розум і сілы.
- Выкарыстоўвай ментальны кантраст. Уяві, с чаго ўсё пачыналася і кантраст з той марай, да якой цябе прывядзе навучанне. Павесь на сцяну выяву або фразу, якія б нагадвалі пра гэтую мару. Гэта можа вельмі выручыць, калі з’явяцца праблемы з матывацыяй.
Поспехаў у навучанні! У наступны раз распавяду пра 10 правілаў дрэннага навучання, а пакуль – засвойвай добрыя!