10 правілаў дрэннага навучання


10бэд

Добра засвоіўшы правілы добрага навучання, можна перайсці і да процілегласці. Каб спраўдзіць, ці ўсё робіш правільна.

Нагадаю, прайшоўшы нядаўна чарговы курс на Coursera, у мінулым артыкуле я дзялілася карыснымі парадамі пра тое, як эфектыўна вывучыць што заўгодна. Цяпер для  тых, хто лепш успрымае інфармацыю ў стылі “Шкодных парадаў” Остэра – чытайце 10 правілаў дрэннага навучання з кніжкі Барбары Оклі.

Поўная назва курса – “Learning How to Learn: Powerful mental tools to help you master tough subjects“, выкладалі ў асноўным Барбара Оклі і Тэррэнс Сейноўскі з Каліфарнійскага ўніверсітэту Сан-Дыега.

Да большасці відэа ёсць субтытры па-ангельску,  партугальску, в’етнамску, гішпанску, арабску, галандску, кітайску, па-руску і па-украінску. Цалкам перакладзеная версія існуе па-партугальску.

Увесь курс разлічаны на 4 тыдні, складаецца з 4 гадзін відэа, 3 гадзін заданняў і 3 гадзінаў бонуснага матэрыялу – інтэрв’ю з пісьменнікамі, навукоўцамі, паліглотамі, блогерамі, якія дзеляцца сваімі парадамі па эфектыўным навучанні.

  1. Пасіўна перачытвай. Сядзі ды прабягайся вачыма па старонках. Ні ў якім выпадку не намагайся ўзгадваць асноўныя тэзісы прачытанага, раптам яшчэ нешта запомніш.
  2. Выдзялай усё запар. Падмані мозг, няхай яму здаецца, што ўсё выдзеленае – ўжо крэпка засела ў памяці, хаця насамрэч ты ўсяго водзіш рукою з маркерам ці алоўкам па тэксце.
  3. Чытай адказы на заданні. Ні за што не старайся рашыць задачу ці ўзгадаць паслядоўнасць самастойна, не напружвайся, а то яшчэ зразумееш ды запомніш навекі.
  4. Пакідай вучобу на апошні дзень, яшчэ лепш – на ноч. Гэта як з марафонам, ты ж таксама да апошняга лянуешся, не трэніруешся, а потым устаеш зранку ды прабягаеш 42 кіламетры, праўда?
  5. Практыкуйся на самых простых заданнях. Тут як у баскетболе – ты ж таксама трэніруеш толькі вядзенне мяча, каб навучыцца закідваць мяч у кошык з іншай паловы поля? Чаму б і з вучобай так не зрабіць!
  6. Збірайся з сябрамі, каб разам падрыхтавацца і замест абмякроўвай апошнія плёткі ды серыялы. А калі яшчэ пакамунікаваць з сябрамі, блізкасць сесіі асабліва надае жывасці да тусоўкі!
  7. Ніколі не чытай тэорыі перад рашэннем задачы. Ну вось збіраешся ты скочыць з парашутам – і што, няўжо пойдзеш спачатку да інструктара? Дык і з вучобай навошта!
  8. Ні ў жыцці не выдавай выкладчыку і сябрам, што нешта незразумела. Ты ж не хочаш паказаць, што ты горш за астатніх? Вось і правільна, лепш захаваць імідж, чым нешта новае даведацца.
  9. Акружы сябе ўсімі відамі раздражняльнікаў. Уключы музыку, фільм, адчыні вокны, пазаві сяброў, размаўляй па тэлефоне і пішы паведамленні падчас вучобы. Толькі так можна загартавацца да рэальнага жыцця і нарасціць мазгавую мускулатуру!
  10. Толькі не высыпайся! Не давай мозгу расслабіцца і запхнуць веды глыбока ў памяць. Ты ж хочаш, каб усё было на паверхні, каб адказ можна было імгненна ўзяць з нядаўна засвоенага. А потым можна забыцца, як на страшны сон. Бо глыбокія веды ў нас час гугла і так нікому не патрэбныя.

Ну як, робіш усё як след? Плёну ў навучанні і добрага настрою! І падзяліся з намі сваімі лайфхакамі па эфектыўным навучанні, нам цікава!