10 рэчаў, якія трэба ведаць да паступлення ва ўніверсітэт
- 05.10.2016
- Цікавосткі
Пераклад артыкула Крыстафера Блэтмэна, vox.com
Я – універсітэцкі прафесар з досведам працы ва ўніверсітэтах Чыкага Калумбіі і Ельскім універсітэце. Гэтыя дзесяць рэчаў я раю практычна ўсім студэнтам, якія заходзяць да мяне на кансультацыі. Не думаю, што мае парады пасуюць толькі для элітных універсітэтаў. Зараз я працую ў вялікай і досыць добрай дзяржаўнай установе ў Канадзе – Універсітэце Ватэрлоо. Спадзяюся, што гэта будзе пасаваць усім студэнтам.
Як часта здараецца, я сам не прыслухоўваўся да большасці гэтых парад і пэўна мог бы назваць гэты спіс “10 рэчаў, якія я б жадаў пачуць у свой час ад іншых”. Хіба гэта схаваны загаловак да любога артыкулу з парадамі.
Я выкладаю эканоміку, паліталогію і міжнароднае развіццё. Большасць маіх студэнтаў збіраецца пайсці ў бізнес, юрыдычную сферу або ў дзяржаўную службу. Таму гэты спіс ім падыходзіць найбольш. Я не ведаю спецыфіку працы фізіка або гісторыка мастацтва. Але спадзяюся, што гэтыя парады дапамогуць усім студэнтам.
Я не буду паглыбляцца ў тое, што вы і так ведаеце: “Атрымлівай усебаковую адукацыю і насалоджвайся жыццём”. Гэта добрая парада, галоўная і найлепшая. Я маю для вас некалькі прапановаў па тым, каб узяць максімум ад універсітэцкай адукацыі.
1. Прымярайцеся да будучай працы
Праца будзе займаць вялікую частку вашага жыцця, а яна будзе вам падабацца і натхняць, то вы будзеце яшчэ і шчаслівыя. Камусьці пашанцуе з першай спробы. У мяне было тры ці чатыры спробы.
Не чакайце сканчэння юрыдычнага факультэту або медыцынскага ўніверсітэту, каб даведацца, што вы ненавідзіце абраную спецыяльнасць. Паспрабуйце як мага раней і часцей. Найлепшы варыянт – лета: даследчык, журналіст, валанцёр, фельчар і так далей.
Я пачаў з вывучэння фінансаў і бізнэсу. На шчасце, я вучыўся ва ўніверсітэце, які дапамагаў студэнтам знайсці практыку пачынаючы з першага курсу. Пасля другога курса ў мяне быў гадавы досвед у падатковай сферы і аўдыце, і я зразумеў, што ў мяне не тое што не атрымліваецца, я проста гэта ненавіджу.
Я змяніў сваю спецыяльнасць на эканоміку і паспрабаў папрацаваць улетку ў кіраўнічым кансультаванні. Гэта было больш цікава, і давалася мне лягчэй, але зрэшты не было тым, да чаго ляжала сэрца. Я атрымаў ступень бакалаўра, ведаючы, што ёсць дзве кар’еры, якімі я не буду займацца, але трэцюю трымаў у розуме – міжнароднае развіццё, магчыма, ў акадэмічным асяродку. Гэта было за некалькі год да таго, як я трапіў сюды. Але так ці інакш было б хутчэй, калі б я знайшоў сваю першую працу ў 22 гады.
2. Атрымлівайце веды, якія цяжка здабыць па-за ўніверсітэтам
Спачатку з’явіцца спакуса запоўніць расклад найцікавейшымі курсамі. Зрабіце гэта! Найлепшыя мае ўспаміны – з курсаў па гісторыі і псіхалогіі, якія літаральна адкрылі мой розум для новых месцаў і ідэяў. Але ж не забывайцеся, што ўніверсітэт можа вам дапамагчы здабыць тэхнічныя навыкі.
Тэхнічнымі навыкамі я называю тыя, якія цяжка здабыць самому. Сюды можна аднесці права, матэматыку, статыстыку, этнаграфію або фінансы. Каб зразумець гэтыя тэмы, вам спатрэбіцца добры гід і моцная матывацыя. Часцей за ўсё гэтыя навыкі з’яўляюцца падмуркам для далейшай працы.
Тым, хто цікавіцца правам, дзяржаўнай палітыкай, бізнэсам, эканомікай, медыцынай – і нават іншым накірункам – я б параіў узяць не менш за два семетры статыстыкі. Дадзеныя з’яўляюцца вялікай часткай працы ў гэтым накірунку, і статыстыка – мова, якую вам трэба вывучыць. Я шкадую, што ў мяне не было такой мажлівасці.
Нават калі вы не скарыстаецеся ёй у сваёй працы, статыстыка прыдасца вам па жыцці. Цяжка ацаніць звычайны артыкул у New York Times, не ведаючы гэтай мовы. І шчыра кажучы, у 30 год вас могуць хваляваць даследванні па цяжарнасці, а ў 60 год – па леках і хваробах. Калі вы аднойчы яе вывучылі, вы здзівіцеся, колькі ў свеце недакладнай інфармацыі.
3. Навучыцеся добра пісаць
Успрымайце напісанне тэкстаў сур’ёзна. Незалежна ад таго, дзе вы будзеце працаваць, яно вам спатрэбіцца. Здольнасць вытлумачыць складаныя думкі проста – навык, які патрэбны і адвакату, і блогеру, і прадаўцу, і доктару. Трэба навучыцца ясна думаць і пісаць так, быццам вы размаўляеце.
Вы будзеце здзіўленыя, але за сваё жыцце вам давядзецца напісаць шмат справаздач, прапаноў і лістоў. Нават калі гэта не ваша асноўная дзейнасць. Да таго моммнту, пакуль вам не імплантуюць чып у мозг (што можа быць зусім хутка), напісанне э-майлаў будзе асноўным спосабам камунікацыі з калегамі, начальствам, сябрамі і кліентамі.
І як палепшыць гэты навык? Кароткі адказ – практыка. За восем год блог і напісанне артыкулаў крытычна палепшылі мае навыкі пісання. Таксама варта падумаць пра курс журналістыкі.
На жаль, я не браў курсы, але шмат чытаў. Кожны раз, калі я пісаў артыкул у блог або ліст, я прымяняў на практыцы тое, што вывучаў. Гэта мне вельмі дапамагала.
4. Звярніце ўвагу на выкладчыкаў
На уласным досведзе я пераканаўся, што ад добрага выкладчыка можна даведацца больш, чым ад выдатнага курсу. У мяне было шмат заняткаў, якія вялі нудныя выкладчыкі. Хаця я і наведваў іх лекцыі, але не навучыўся чамусьці асабліваму.
Калі я думаю пра тыя заняткі, якія перамянілі мяне больш за ўсё, то адразу ўзгадваю пра заняткі па марксісцкай гісторыі Канады. Веды па гэтай тэме цяжка прымяніць па-за межамі Канады, таму я нават не уяўляў, дзе змагу практыкаваць тое, што вывучыў. Але наш прафесар быў сапраўдным майстрам дэбатаў – ён зацягваў студэнтаў у цікавыя, часам гарачыя спрэчкі. Я навучыўся думаць і ставіць пад сумнёў базавыя пастулаты нашага грамадства. Я кажу сваім студэнтам, каб яны выбралі восем-дзевяць курсаў па праграме, а потым абралі чатыры-пяць з найцікавейшымі прафесарамі.
5. Сумневы? Абярыце такі шлях, які адчыніць найбольш дзвярэй перад вамі
Калі вы адныя з мноства студэнтаў, то вы таксама не ўяўляеце, што жадаеце рабіць у будучыні. Паспрабуйце абраць шырокі накірунак: навуку, гісторыю, эканоміку, палітыку і гэтак далей. Памятайце пра матэматыку і статыстыку.
Шмат гуманітарных курсаў сабраныя ў блокі. Дакладная праграма і добры прафесар дапамогуць вам на гісторыі або паліталогіі навучыцца весці дэбаты, думаць і пісаць. Можа, іх трэба будзе пашукаць, але яны ёсць у кожным універсітэце. Другім блокам можа быць інфарматыка і, як я казаў раней, пісанне.
6. Вывучайце мінімум замежнай мовы ва ўніверсітэце
Гэта самая супярэчліваая парада. Шмат хто не пагодзіцца.
Мовы важныя, ніякіх сумнёваў. І вы мусіце вывучаць адну ці некалькі моў акрамя ангельскай. Але, на маю думку, мову лепей вывучаць з пагружэннем у асяроддзе, улетку або пасля ўніверсітэту. Можна ўзяць адзін уводны курс і два прасунутых, але не болей.
Статыстыка, вядома, не з’яўляецца важнейшай за замежныя мовы. Але кошт пропуску заняткаў па статыстыцы будзе вышэйшы, таму што яе складаней вывучыць па-за ўніверсітэтам. Памятайце, за перыяд навучання ў вас можа быць ад 30 да 40 курсаў. Існуе шмат магчымасцяў вывучыць замежныя мовы.
Тое самае пра курсы па бізнэсе і менеджменце. Яны з’яўляюцца важнымі нават у акадэмічным асяроддзі, але аўдыторыя – не самае лепшае месца для іх вывучэння. Выключэнне – фінансы ці бухгалтэрыя.
Адзначу, я насамрэч сам не размаўляю добра на замежных мовах. Я магу ўжываць французскую і гішпанскую (дрэнна) пры падарожжах, і шкадую, што не ведаю іх лепей. Але не думаю, што класічныя заняткі ва ўніверсітэце мне моцна дапамаглі б. Мне трэба было прымаць іншыя рашэнні, напрыклад, пажыць за мяжой. Гэта прыводзіць да наступнага пункту…
7. Едзьце ў незнаёмыя месцы
Скрыстайце лета або навучальны год, каб пажыць за мяжой, у цалкам іншым асяроддзі, дзе вы будзеце камунікаваць з мясцовымі (а не з суайчыннікамі!).
Калі я быў студэнтам, то не выязджаў за межы ЗША або Канады да таго, як мне споўніўся 21 год. Аднойчы я зразумеў, што не магу знайсці Партугалію на мапе. Мне было так сорамна, што я пачаў чытаць гісторыю гэтай краіны і вырашыў паехаць у падарожжа па Эўропе.
Шкада, што я правёў за мяжой менш за 12 тыдняў. Мне шкада, што не заставаўся доўга на адным месцы. Перабягаючы з аднаго хостэла ў другі з хуткасцю адна краіна на тыдзень, ты не спазнаеш іншае жыццё. Так было да пачатку маёй працы ў Індыі, Кеніі і Угандзе. Вось там я пачаў спазнаваць свет (і самога сябе).
Таксама я заахвочваю людзей выходзіць з іх зоны камфорту. Калі я апынуўся ў Эўропе ва ўзросце 21, у мяне зусім не было досведу – таму Усходняя Эўропа і нават Гішпанія мяне напужалі. Я быў больш прызвычаены да свайго натуральнага асяроддзя.
Дзесяць гадоў пазней я раптам патрапіў у раздзіраемы вайной кавалак Афрыкі. І дагэтуль я там працую. Я не рэкамендую гэта ўсім. Гэта не мусіць быць паўсюды. Але я заахвочваю амерыканскіх студэнтаў ехаць у краіны, дзе не размаўляюць у асноўным па-ангельску. Менавіта там ёсць сэнс вывучаць замежную мову.
8. Бярыце невялікія курсы, дзе прафесары могуць напісаць вам рэкамендацыі
Калі вы не жадаеце працягваць адукацыю, то прапускайце гэты пункт. Але калі магістратура і дактарантура – варыянт, то вам будуць патрэбныя дзве-тры добрыя рэкамендацыі з факультэту.
Каб атрымаць гэтыя рэкамендацыі, вам патрэбныя добрыя адносіны з выкладчыкамі. Добрыя адносіны – адзін або два курсы на факультэце і кансультацыі. Магчыма – даследванне або пасада дапаможнага лектара. Або папрасіць выкладчыка быць вашым навуковым кіраўніком.
9. Падумайце двойчы перад тым, як пісаць дысертацыю
Незалежнае даследванне можа стаць вяршыняй вашай адукацыі. Сумна, але часта я бачу праекты, не вартыя часу і высілкаў. Пэўна, было б лепей гэты час прысвяціць вывучэнню тэхнічных навыкаў.
Калісьці я раіў студэнтам не абіраць даследванні, калі ў іх быў выбар – што выклікала хвалю абурэння ў маім блогу. Даследванне можа быць выдатнай інвестыцыяй, калі вы жадаеце навучыцца, як рабіць даследванне, палепшыць адносіны з выкладчыкам, абраць даследчую працу як адзін з варыянтаў кар’еры.
10. Здзіўляйцеся!
Напрыканцы кожнага году каледжу вы павінны азірнуцца і параўнаць свае думкі і меркаванні ў пачатку і ў канцы году. Калі вы не бачыце розніцы, то пэўна вы не так старанна працавалі.
Я ведаю, што шмат дасягнуў, калі чытаю пост або артыкул, які напісаў год таму, і бачу свае памылкі. Я дасягнуў поспеху, калі змяніў свае меркаванні, таму што факты змяніліся. А зараз я ведаю, што дасягнуў поспеху, калі бачу, як новыя ідэі змяняюць мой спосаб мыслення.
Гэтае правіла таксама добрае і пасля навучання ў каледжы, калі падумаць. Здзіўляцца становіцца ўсё цяжэй, і змяняць свой светапогляд таксама – але яшчэ столькі фактаў, якія трэба даследваць! Прасцей за ўсё – чытанне і спатканне новых людзей.
Я таксама чытаю газэты і часопісы, якія даследуюць шырокае кола праблемаў. Часамі я чытаю перыядычныя выданні, у мяне ёсць свае ўлюбёныя. Напрыклад, New York Review of Books, які абмяркоўвае кнігі на шматлікія тэмы. Заўсёды ёсць выбар, нават розныя ленты ў Твітэры.
Другі спосаб – шукаць шляхі, каб правесці час карысна і завесці добрыя адносіны. Мне пашанцавала, што мая праца накіроўвае мяне з аднаго месца на другое, і кожны раз новыя месцы змяняюць мае думкі аб развіцці. Калі я быў кансультантам, праца ў новым асяродку прымушала змяняць погляды і прыходзіць да новых. Валанцёрства таксама дапамагае. Куды б ты ні паехаў, жыццё турыста такіх вынікаў не прынясе. Трэба нават на кароткі час стаць часткай мясцовай супольнасці.
Пераклад на беларускую мову Алены Васільковай