Аляксандра Лапіцкая: Радая быць там, дзе ёсць зараз

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Тры гады таму, у 2014 годзе, пасля сканчэння Гомельскага ліцэя, Аляксандра Лапіцкая паступае ў Стакгольмскую Школу Эканомікі, атрымлівае поўны грант на навучанне і жыццё і пераязджае ў Рыгу, Латвія. Зразумеўшы, што існуюць шматлікія опцыі, акрамя беларускай ВНУ, Аляксандра, як мінімум, адважылася змяніць ход мыслення і адмовіцца ад жыцця па змаўчанні. Што гэта значыла для 17-гадовай беларускі – змяніць звычайны лад жыцця, прызвычаіцца да новай краіны і не страціць сваёй ідэнтычнасці?

Рустам: Па ўласным вопыце ведаю: з набліжэннем апошняй школьнай вясны і цэнтралізаванага тэставання амаль усе адзінацацікласнікі вар’яцеюць на вачах. Напэўна, і ў тваіх думках была велізарная колькасць пытанняў аб надыходзячай будучыні, на якія трэба было знайсці адказы. Як здарылася, што тваім адказам стала Стакгольмская Школа Эканомікі ў Рызе?

Аляксандра: Так, як і астатнія, я вельмі доўга сумнявалася, выбіраючы будучыя спецыяльнасць і ўніверсітэт. Хаця ніколі не лавіла сябе на думцы аб навучанні не ў Беларусі. Пэўны час вагалася паміж журналістыкай і эканомікай, у выніку абрала эканоміку. На Стакгольмскую Школу Эканомікі ў Рызе я наткнулася  пасля 10 класа, калі ў парыве натхнення шукала магчымасці для вучобы за мяжой. Шмат чаго было прывабнага: грант, які цалкам пакрываў навучанне і ўсе выдаткі; адсутнасць абавязковай адпрацоўкі пасля атрымання дыплома або завоблачных патрабаванняў да кандыдатаў; якасная адукацыя на ангельскай мове. Аднак па-сапраўднаму я натхнілася, прагледзеўшы старонкі беларусаў, студэнтаў школы, у сацыяльных сетках. Дзяўчынкі і хлопчыкі здаваліся мне бязмежна цікавымі, класнымі і натхняючымі! Неўзабаве я і думаць забылася пра паступленне, і ўспомніла толькі з набліжэннем дэдлайна. Не падавала дакументы больш ні ў адзін універсітэт за межамі Беларусі і ні на што асабліва не разлічвала – ездзіла на тэсты і інтэрв’ю, практычна не рыхтуючыся, пад дэвіз «ледзь ці атрымаецца, але чаму б і не». Аднак у канцы траўня высветлілася, што я паступіла ва ўніверсітэт і атрымала грант, што я дагэтуль лічу сваім вялізным поспехам і пераломным момантам у жыцці.

Р.: Якія ўзнікалі турботныя думкі, пакуль марыла пра вучобу замяжой? Хвалявалася, што давядзецца жыць удалечыні ад бацькоў, сяброў?

А.: Так, трывожнасці было вельмі шмат, куды больш, чым радасці ад паступлення або прадчування пачатку новага жыцця. Мне толькі-толькі споўнілася 17, і гэта быў першы раз, калі я, хатняе дзіця, збіралася жыць самастойна, ды яшчэ і ў іншай краіне. Ці атрымаецца без праблем зрабіць від на жыхарства? Ці ўпішуся я ў новую абстаноўку? Не забудуць мяне мае сябры? Як я перажыву расстанне з роднымі? Ці варта мне наогул вывучаць эканоміку, ці будзе гэта мне цікава? Спрабаваць адолець такую колькасць сумневаў неверагодна складана, хоць яны і з’яўляюцца натуральнымі. Пры гэтым, для таго, каб іх развеяць, патрабуецца шмат часу. Напэўна, тое, што трэба рабіць у дадзенай сітуацыі (хоць у мяне гэта цалкам не атрымлівалася) – гэта адсунуць трывогі на задні план і атрымліваць асалоду, таму што ў хуткім часе ўсё будзе па-іншаму і будзе непрыемна ўсведамляць, што выдатныя моманты дома былі растрачаныя на трывогі і сумневы.

Р.: Памятаеш свой першы дзень у Рызе? Якія пачуцці цябе перапаўнялі ў той час? Ці параўноўвала Беларусь і Латвію, накшталт  “вось гэта добра яны прыдумалі”, “але гэтага тут мне не хапае”, “на радзіме зашмат лепей”?

А.: Я ішла па горадзе зусім адна з велізарнай валізай і ўсяляк сябе падбадзёрвала. Было страшна, і гэта негатыўна адбілася на маім уражанні аб Рызе. Так, я ўпершыню ўжывую ўбачыла і шчыра захапілася будынкам свайго ўніверсітэта. Пагаварыўшы з мілай прадстаўніцай універсітэта, супакоілася і  шчыра падзякавала людзям, якія дапамагалі з маімі рэчамі, ацаніла прыгажосць Старога горада. Але пасля я ехала па шэрых спальных раёнах да свайго інтэрната і думала: «Ну вось здалася мне гэтая Рыга, што ў ёй наогул добрага?». Магчыма, калі б я, прыязджаючы ў Латвію, не мела намераў пачаць новае жыццё, я паставілася да краіны зусім па-іншаму. Але любіць Латвію, калі самае лепшае, як здавалася, засталося ў Беларусі, было цяжка. Спробы закахацца ў гэту краіну зацягнуліся на два гады, пасля, плюнуўшы на ўсё, з’ехала на семестр па абмене ў Нідэрланды, без асаблівага жадання вяртацца назад. Пасля вяртання з пяцімесяцовай вандроўкі я нарэшце адчула: у нейкім сэнсе я дома. Адчула, што дом гэты я люблю.

Р.: Ведаю, што кожны год амаль 10 беларусаў атрымліваюць дадзены грант. Улічваючы, што курс складаецца са 130 студэнтаў, гэта даволі значная лічба.  Ці падтрымліваеш зносіны з беларусамі, і ўвогуле ці можаш сказаць, што ў тваім універсітэце ёсць беларуская супольнасць?  Як ты гэта адчуваеш?

А.: Так ужо выйшла, што большая частка маіх сяброў у Латвіі – беларусы, хоць важнасць існавання беларускага кам’юніці я ўсвядоміла не адразу і мэты будаваць адносіны менавіта з беларусамі ў мяне не было. У самым пачатку прасцей, вядома ж, з беларусамі – лягчэй знайсці кропкі судакранання, маючы за спіной столькі агульнага. Калі зносіны становяцца менш павярхоўнымі, істотных адрозненняў паміж беларусамі і, скажам, латышамі я не назірала.

У нейкі момант я паглядзела на літоўцаў, эстонцаў, малдаванаў – такіх прыязных i аб’яднаных любоўю да сваёй радзімы – і падумала, што так мае быць. Але пачуццё кам’юніці з’явілася ў мяне бліжэй да другога курса. Зараз наша кам’юніці для мяне – гэта тыя, каму я гатовая дапамагаць і ў каго заўсёды магу прасіць дапамогі, ды і проста вясёлыя хлопцы і дзяўчаты. Але яны не фарміруюць маё стаўленне да краіны, і нават без іх я не была б менш беларускай за маю цяперашнюю асобу.

Р.: Хаця калісьці Латвія і Беларусь былі адной краінай, думаецца, праз гэта не паменшылася непаразуменняў паміж цяпер ужо незалежнымі дзяржавамі. З якімі стэрэатыпамі пра беларусаў ці Беларусь ты сутыкалася ў паўсядзённым жыцці? Можа, была нейкая камічная гісторыя?

 

А.: Шчыра сказаць, я не ўзгадваю нейкіх яркіх стэрэатыпаў пра беларусаў (за выключэннем стандартных, звязаных з любоўю да бульбы). Латышы ставяцца да нас нейтральна-станоўча, што стварае добрую базу для фарміравання далейшага ўражання пра сябе. Адлегласць паміж нашымі краінамі (як і геаграфічная, так і ў плане менталітэту) невялікая, і непаразуменні не так часта здараюцца. Розніца ў менталітэце куды больш сур’ёзна адчувалася ў Нідэрландах, калі атрымалася прачуць усю прыветлівасць галандцаў, і ўсвядоміць, што жыццё ў Беларусі і Латвіі мяне не рыхтавала да таго, каб заводзіць гутаркі з незнаёмцамі і прымаць дапамогу ад кожнага сустрэчнага.

Р.: А як лічыш, за трохгадовае жыцце ў Латвіі ты ўласным прыкладам паўплывала на стварэнне вобразу беларуса ў латышоў?

A.: Скажам так, я актыўна вучыла правільнаму вымаўленню назвы нашай краіны: [беларус] замест [белараша]. Калі больш сур’ёзна, атрымоўваецца адукоўваць людзей пра сучасную Беларусь: пра падзеі, дасягненні, радасці, трывогі беларусаў, даючы, спадзяюся, аб’ектыўную ацэнку. Гэта не стварае больш станоўчы ці адмоўны вобраз беларуса і Беларусі ў вачах замежнікаў –  хутчэй, дапамагае ім даведацца пра краіну з розных бакоў і скласці больш суцэльную і дэталёвую карцінку. На станаўленне вобраза беларуса (прынамсі, у вачах аднакурснікаў або выкладчыкаў) уплывае ўсё наша беларускае кам’юніці: усе, каго я ведаю, – яркія выбітныя асобы, здольныя ўсяляк сябе праявіць, і я гэтаму  радая.

Р.: Акрамя беларусаў, на бясплатнае навучанне яшчэ прэтэндуюць жыхары Малдовы, Украіны і Грузіі, і, наколькі мне вядома, ўсе стыпендыяты жывуць разам. На тваю думку, кім найпрасцей быць ў Латвіі – беларусам, малдоўцам, украінцам ці грузінам?

А.: Высветлілася, што меркаванні наконт гэтага адрозніваюцца, але я ўсё ж лічу, што беларусам у Латвіі быць прасцей. Па адной простай прычыне – магчымасць сарвацца з месца і пасля ночы ў дарозе ўжо быць дома. З практычнага пункту гледжання, пэўная перавага ёсць у малдоўцаў, многія з якіх маюць румынскі пашпарт і пазбаўляюцца неабходнасці праходзіць праз папяровую цяганіну, каб атрымаць від на жыхарства. Для мяне ж даступнасць часцей наведваць Беларусь куды больш важная ў дадзеным выпадку.

Р.: Звычайнае жыцце латышоў – мэты, мары, клопаты – якое яно? Шмат адрозненняў ад жыцця сярэдняга беларуса?

А.: Цяжка меркаваць, бо ўсё залежыць і ад горада, і ад колу зносін. Я, да прыкладу, магу параўноўваць толькі Рыгу і толькі з Гомелем, маім родным горадам, і з Мінскам. З прыкметнага – у Мінску людзі часцей кудысьці спяшаюцца, пры гэтым Гомель – спакайнейшы за астатнія. Нягледзячы на ​​гэта, магчымасцяў пабудовы кар’еры больш у Рызе. Яшчэ мне здаецца, што моладзь тут больш амбіцыйная за беларускую: людзі часта шукаюць шанец атрымаць новы досвед у іншых краінах. Аднак беларусы ўмеюць весялей бавіць час, на маю думку.

Р.: Андрусь Горват у сваім аўтабіаграфічным творы “Радзіва Прудок” распавядае, як ён адольвае тугу па маленькай радзіме і яднаецца з ёй: рассыпае зямлю з родных мясцін і становіцца босымі нагамі. Ці бываюць у цябе моманты, калі цябе апаноўвае няўмольны сум па бацьках, сябрах? Магчыма, і ты маеш своеасаблівыя метады барацьбы з гэтай хваробай?

А.: Вядома, туга па радзіме і родных людзях становіцца спадарожнікам любога, хто пераязджае ў іншую краіну. Першы год праходзіць асабліва цяжка, калі здаецца, што ты адна ў свеце і зусім не ўпісваешся ў новае жыццё, і да таго ж хваравіта перажываеш растанне з блізкімі людзьмі. Зараз я адаптавалася, і негатыўных эмоцый практычна не ўзнікае, а пазітыўныя, накшталт прадчування хуткай сустрэчы, назапашваюцца да прыезду дадому, што робіць гэту падзею яшчэ больш шчаслівай. Калі ўсё ж туга па Беларусі апаноўвае мяне, то звычайна іду ў госці да сваіх сяброў у Рызе, што нейтралізуе адчуванне адзіноты і дапамагае ўспомніць, што я радая быць там, дзе ёсць зараз.