“Лекцыі сумныя, а вось на семінарах цікава”: студэнтка чэшскай ВНУ – пра паступленне, вучобу і самастойнае жыццё

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Маргарыта Лебедзева нарадзілася ды вучылася ў Мінску, але ўсё сваё школьнае жыццё марыла павучыцца за мяжой. Каб дакрануцца да сваёй мары, дзяўчына вытрымала вялізны конкурс – і стала студэнткай Метрапольнага ўніверсітэта ў Празе. У чым адрозненне “чэшскіх заняткаў” ад беларускіх, як вывучыць мову ў сціслы перыяд і якім чынам можна атрымаць стыпендыю на навучанне – пра гэта і шмат іншае Маргарыта распавяла ў інтэрв’ю для Adukacyja.info.

Маргарыта Лебедзева, студэнтка 1 курсу спецыяльнасці “Медыі”

У той час, калі твае аднагодкі штурмавалі беларускія ВНУ, ты рыхтавалася да паступлення ў чэшскі ўніверсітэт. Як праходзіла ўступная кампанія? 

У 2016 годзе конкурс быў 8 чалавек на месца (з 664 бралі 76). Пісьмовая частка мае два складнікі: тэст па замежнай мове (я здавала ангельскую) і агульны тэст (гісторыя, культура, палітыка). Таксама была вусная частка. Там задавалі пытанні пра палітыку, культуру і саму Чэхію. Потым у размове правяралася матывацыя да навучання і праглядаўся спіс літаратуры, а таксама твае працы (артыкулы на чэшскай).

Узровень валодання чэшскай мовай правяраўся?

Так. Можна прынесці сертыфікат ад Карлавага ўніверсітэта, які падцвярджае валоданне мовай на ўзроўні В2. Такі сертыфікат прымаюць паўсюль. Яго неабходна адправіць разам з заяўкай на іспыт. Альбо можна здаць мову дадатковым іспытам. Але я гэта рабіла загадзя. Цяпер ёсць магчымасць здаць на сертыфікат нават у Мінску. Сам іспыт доўжыцца паўдні. Ён складаецца з граматыкі, гаворкі, пісьмовага экзамену, аўдзіравання, чытання.

Колькі часу ты вывучала чэшскую мову, каб здолець вучыцца на ёй ва ўніверсітэце? 

Пачала летам 2014-га з моўнай школы ў Празе. Потым з верасня па травень вучылася на курсах праз інтэрнэт. Гэта была праграма накшталт скайпу. Настаўнік чэх. Група з 10 чалавек. Заняткі кожны дзень, акрамя выходных, па паўтары гадзіны. Дамашняе заданне, тэсты. Усё, як на звычайных курсах, але анлайн. Потым летам 2015-га я паехала ў дзве моўныя школы ў Празе на два месяцы. З восені 2015-га займалася з рэпетытарам да канца 11 класа. Спачатку была рэпетытарка з Беларусі, потым я знайшла чэшку, з якой і рыхтавалася да паступлення.

Раскажы, якія прадметы ты вывучаеш цяпер? 

У нас няма паўтаральных прадметаў, то бок кожны прадмет адзін раз на тыдзень. У першым семестры была ангельская мова, чэшская і яе стылістыка, гісторыя 19-га стагоддзя, уводзіны ў камунікацыю і медыі, журналістыка, псіхалогія, сацыялогія, французская мова.

Цяпер у маім плане стаяць ангельская мова, гісторыя медыяў да 1918 года, гісторыя 20 стагоддзя, журналістыка, паліталогія, сацыяльныя камунікацыі, французская мова. І яшчэ з’явіліся прадметы на выбар. Я абрала маўленне і рух (гэта адзін прадмет) і камунікацыйны практыкум. Яшчэ можна было выбіраць практыкум чэшскай мовы. Апроч гэтага, ёсць сучасная чэшская літаратура, медыйныя афёры 20 стагоддзя, спартыўная журналістыка.

Як увогуле праходзяць семінары і лекцыі? 

Праходзяць, пэўна, гэтак жа, як і ў Мінску. Лектар з прэзентацыяй чытае лекцыю. Гэта крыху сумна. Мне больш падабаюцца семінары. Там цёплая атмасфера, лектар адносіцца да нас, як да роўных. Часта жартуем, абмяркоўваем хвалюючыя тэмы, звязаныя з камунікацыяй, журналістыкай, псіхалогіяй. Пакуль самастойных прац няма. У гэтым семестры ёсць толькі адзін прадмет з бягучымі тэстамі: тры да сесіі і апошні як экзамен. Па астатніх дысцыплінах нічога не пішам наогул. Але ёсць прадметы, дзе для заліку трэба зрабіць прэзентацыю або напісаць працу.

Яшчэ існуе сістэма “гэта трэба вам, а не настаўнікам”. Ты можаш у любы час на лекцыі ўстаць, сабраць рэчы і сысці без тлумачэнняў. І ніхто потым табе гэта не ўзгадае на экзамене. Так робяць многія чэхі.

Колькі пар на дзень звычайна бывае ў цябе і колькі доўжыцца кожная? 

Адна пара доўжыцца паўтары гадзіны. Штодзень па-рознаму, канешне. У панядзелак чатыры, у аўторак тры, у сераду дзве і ў чацвер адна. А ў пятніцу мы не вучымся.

А сістэма ацэньвання ў вас якая?

Як і паўсюль, у балах ад аднаго да пяці: 1 – самая добрая, 5 – самая кепская. На розных прадметах усё адбываецца па-рознаму. Ёсць заняткі, дзе не атрымліваеш ніякіх адзнак, у канцы пасля іспыту атрымлівае альбо залік, альбо незалік. Ёсць прадметы, дзе трэба пісаць тэсты на працягу семестра. Тэсты – па 90 балаў максімум. Потым у канцы – вялікі тэст. Так па набраных балах атрымліваеш залік або незалік. Ёсць прадметы, дзе адзнаку ставяць у канцы семестра ад 1-3 (4-5 – гэта значыць прадмет не здадзены).

Чым ты займаешся, апроч вучобы ва ўніверсітэце? 

Так. Я паспяваю хадзіць на танцы, у тэатральны гурток, займацца вакалам і французскай дадаткова.

Як праходзіць твой звычайны дзень? 

Як правіла, у панядзелак і аўторак я ўстаю а 6:45. А 8:15 пачынаюцца пары. Да 16:00 прыязджаю дадому. У сераду і чацвер прачынаюся каля 10 – магу выспацца. Кожны дзень мінае па-рознаму. Напрыклад, пасля пар у панядзелак і сераду я еду на акцёрскія курсы. У аўторак у мяне рэпетытар па французскай мове. У чацвер вакал, а па нядзелях я танцую. Тут праходзіць вялізная колькасць культурных мерапрыемстваў. Іх так шмат, што не паспяваеш наведаць усе! З сяброўкай чэшкай мы ходзім у розныя тэатры, а потым сядзім у кавярні, абмяркоўваем ўбачанае і проста гутарым. З рускамоўнымі дзяўчынкамі можам схадзіць у басейн або ў кнігарню/бібліятэку. З бліжэйшых запланаваных мерапрыемстваў у мяне студэнцкі тэатральны фестываль Zlomvaz. Хачу схадзіць на спектакль і на майстар-клас па тэатральнай фатаграфіі. Яшчэ я была на бясплатным міні-канцэрце Пражскага сімфанічнага аркестра, які праходзіў на галоўпаштампе. Сам будынак вельмі прыгожы, музыка толькі надала яму яшчэ больш таямнічую і чароўную атмасферу.

А наогул, куды ні пойдзеш у Празе, трапіш на які-небудзь фестываль, конкурс або свята.

Трэба яшчэ сказаць, што ў ВНУ існуе анлайн-сістэма. Ты там рэгіструешся пасля паступлення, у цябе ёсць свой кабінет. Студэнт сам выбірае дні іспытаў. Загадзя выкладчыкі прызначаюць тры розныя даты. Студэнт запісваецца на тую, якая яму зручна. Ён можа адпісацца і перазапісаць на іншы дзень, нават за 2 гадзіны да іспыту. Потым у сістэме ён бачыць толькі сваю адзнаку або залік/незалік і, калі трэба, запісваецца на пераздачу.

З табой, падазраю, вучацца студэнты з розных краінаў?

У асноўным, мае аднакурснікі – гэта чэхі. Ёсць студэнты па абмене з Карэі, Францыі, Гішпаніі, з Расіі і Ўкраіны. Беларусаў пакуль не сустракала.

Дарэчы, колькі чалавек у тваёй групе?

76 чалавек. Але назваць гэта класічнай групай, як прынята ў Беларусі, нельга. На мовы ходзяць студэнты з розных спецыяльнасцяў (дарэчы, вядуць іх носьбіты мовы), на журналістыцы ў нас 3 падгрупы. На семінары па выбары таксама ходзяць розныя людзі. Літаральна на некалькіх прадметах мы сустракаемся поўным складам. Я, шчыра кажучы, усіх па імёнах нават не ведаю.

Першы час вучоба здавалася цяжкой?

Было цяжка прывыкнуць да некаторых выкладчыкаў, бо яны выкарыстоўвалі навуковую мову. Нават не ўсё чэхі іх разумелі. Што ўжо казаць пра замежнікаў, якія сядзяць і лыпаюць вачыма. Ну і цяжка пісаць семінарскія працы на чэшскай мове, бо якасць мовы там таксама ацэньваецца.

А як справы з жыллём? Інтэрнат прадастаўляюць альбо неабходна здымаць жыллё?

Інтэрнат даюць, але я вырашыла здымаць жыллё. Падалося, што ў кватэры будзе зручней і ўтульней. Тым больш я жыву адна, да мяне ў любы час можа прыехаць мама ці сяброўка.

І як табе самастойнае жыццё? 

Ужо прывыкла. Напачатку было нязвыкла, што трэба ездзіць у паліцыю для замежнікаў, у банк, каб рабіць картку. Прадукты па коштах альбо такія ж, як у Мінску, альбо танней. А кватэра – гледзячы дзе і якога памеру.

Ці ёсць у тваім універсітэце якія-небудзь стыпендыі?

Ёсць, і нават некалькіх відаў. Як замежніца я атрымліваю стыпендыю на пражыванне. Яе выплочваюць 3 разы на год па 600 крон. Таксама ёсць стыпендыя за добрую вучобу.

Ці не шкадуеш ты, што паехала вучыцца ў Чэхію?

Ні кроплі. Я вельмі рада, што ўсё атрымалася і я магу тут вучыцца.

Можа, плануеш пайсці ў магістратуру ? Ці не думала яшчэ так далёка?

У магістратуру хацелася б паехаць вучыцца ў іншую краіну, каб, напрыклад, падцягнуць ангельскую або французскую мову і “пакаштаваць” іншую адукацыйную сістэму. Нездарма ж я вучу мовы! Але загадваць наперад на першым курсе не хочацца. Тут магістарскія праграмы таксама добрыя.