Падарожжа ў мульцікультуралізм: гісторыя адной стыпендыяткі Chevening
- Час чытання: 7 хвілін
Брытанія – эдэм для спазнання новых культур і людзей. Стыпендыя Chevening дае беларусам такую магчымасць – спрычыніцца да мульцікультурнасці свету.
Adukacyja.info вырашыла даведацца, як беларусцы жывецца ў Лондане, каторы the capital of Great Britain, а таксама якім чынам атрымаць падтрымку ад Брытанска ўрада. Вас таксама гэта цікавіць? Тады чытайце інтэрв’ю з фантастычнай Марынай Каспяровіч.
***
Я скончыла факультэт міжкультурных камунікацый МДЛУ і дагэтуль шчыра веру ў неабходнасць ды важнасць такой камунікацыі для ўстойлівага развіцця чалавецтва. Гэта вельмі цікава, я стараюся як мага больш бываць там, дзе сутыкаецца шмат культур. Мабыць, таму і абрала Брытанію ў якасці новага месца ў маім жыцці. Я працавала ў IT, потым ў фондзе “Ідэя”. Там змагла спрычыніцца да арганізацыі Джазавых вечароў каля Ратушы, выстаў беларускіх мастакоў на плошчы Якуба Коласа, некаторых дабрачынных праектаў. Адным з такіх, напрыклад, была “Адукацыя для ўсіх” сумесна з Samsung. Гэта быў вельмі круты праект, у ім актыўна ўдзельнічала шмат зацікаўленых валанцёраў. Кампанія падтрымала ідэю дасяжнай адукацыі, і мы змаглі папрацаваць з дзецьмі, якія з розных прычынаў не могуць наведваць школу. Настаўнікі прыходзяць да іх дадому, аднак неабходных для правільнай сацыялізацыі зносінаў з аднагодкамі ім не хапае. Таму ў межах гэтага праекта яны атрымалі шмат новых здольнасцей і ўменняў у кампаніі з іншымі дзецьмі. Вельмі шкада, што праект не працягваецца цяпер, але, я спадзяюся, узнікне шмат новых у будучым.
Яшчэ я працавала перакладчыкам, і гэта быў сапраўды цікавы час. Я шмат даведалася пра тое, што адбываецца ў Беларусі, асабліва ў галіне сацыяльнага прадпрымальніцтва. Гэта паўплывала на развіцце маіх інтарэсаў і выбар праграмы навучання ў Лондане. Таксама я атрымала досвед працы ў Амбасадзе ЗША, дзе была адміністратарам праграм культурных і прафесійных абменаў. Там пазнаёмілася з мноствам цікавых людзей і ўбачыла іх імпэт ў атрыманні досведу за мяжой.
У Беларусі ў цябе было даволі насычанае жыццё, ты шмат працавала з іншымі культурамі. Чаму ўсё ж такі вырашыла змяніць яго на студэнцтва за мяжой?
Я лічу, што трэба вучыцца ў іншых краінах: гэта дае нашмат большы жыццёвы досвед. У нечым нашая адукацыя добрая: шмат увагі надаецца менавіта навучальнаму працэсу. Але, апроч гэтага, ёсць яшчэ і іншыя рэчы. Карысна ездзіць, бачыць новыя культуры і краіны, спазнаваць новае. Брытанія для гэтага падыходзіць найлепш, на мой погляд. У Лондане размаўляюць на самай вялікай колькасці моў у свеце. Менавіта размаўляюць, то бок гэта жывыя культуры і іх носьбіты. Мульцікультурнасць тут вітаецца, таму мы можам навучыцца адзін у аднаго шмат якім рэчам. На жаль, пра гэта не пішуць у кнігах. Таму яшчэ раз пераконваюся ў неабходнасці падарожжаў і зносінаў з рознымі культурамі. Дый увогуле хацелася павучыцца ў магістратуры ў іншай краіне – пабачыць іншую сістэму адукацыі, адрозную ад нашай, знутры.
Я – жывы прыклад чалавека, што падаваў заяўкі паўсюль і атрымоўваў адмоўныя адказы альбо трапляла ў waiting lists. Канешне, я растройвалася. То дасылала заяўкі, то кідала гэтую ідэю, то вырашала спрабаваць зноў. Прайшоў час, я атрымала ўжо згаданы вышэй досвед працы і зносінаў з натхняючымі людзьмі. Вырашыла зноў паспрабаваць. Гэта была хіба мая сёмая спроба паступлення за мяжу. Пры адной няўдачы ні за што не трэба адчайвацца, важна спрабаваць, пакуль хочацца ездзіць і спазнаваць.
Згодная з табой цалкам! Чаму выбрала менавіта стыпендыю Chevening?
Я падавалася на гэтую стыпендыю першы раз – і адразу атрымалася. Даведалася пра яе некалькі гадоў таму, але ў той час у мяне не было таго досведу, які патрабаваўся, таму разумела, што не прайду. І вось я паспрабавала праз некалькі год. Мяне даўно вабіла Брытанія, яшчэ са школьных часоў. Я любіла мову, цікавілася краінай, універсітэт таксама дадаў любові да British English. Адзін раз па працы я пабывала ў Шатландыі, тады канчаткова і закахалася ў краіну. А для беларусаў у Брытаніі не так шмат стыпендыяў – Chevening самая вядомая і адразу дае вялізную колькасць магчымасцей.
А што ты вывучаеш? Чаму ты выбрала сваю цяперашнюю праграму?
Я вывучаю сацыяльнае прадпрымальніцтва. Калі працавала перакладчыкам у Мінску, даведалася пра кампаніі, што працуюць у гэтым кірунку, пазнаёмілася з людзьмі. Гэта мяне зацікавіла.
Выбіраючы праграму, я падумала, што трэба дадаць нешта новае да маёй асноўнай адукацыі. І добра, калі гэта будзе ў сферы, дзе я трошкі нешта ведаю, але мала ўмею. Так і спынілася на сацыяльным прадпрымальніцтве.
Тут, у Брытаніі, вельмі шмат адбываецца ў гэтай сферы, шмат пра гэта кажуць і шмат робяць. Таму можна вывучаць усё на дзеючых прыкладах.
Брытанскія агенцыі “славяцца” сваімі складанымі працэсамі і заяўкамі. Ці так гэта насамрэч?
Працэс падачы заяўкі атрымаўся і складаным, і не складаным адначасова. Першае адрозненне – пачатак працэсу прыходзіцца на жнівень і доўжыцца да лістапада, што вельмі нечакана – мы не прывыклі так загадзя думаць пра тое, што будзем рабіць у наступным годзе. Працэс гэты шматступеневы, але ён падрабязна распісаны ў спецыяльнай пакрокавай інструкцыі. Будзьце гатовы да вялікай колькасці інфармацыі. Кандыдат паралельна падае заяўкі і на стыпендыю, і ў тры брытанскія ўніверсітэты.
Вось, дарэчы, яшчэ важны плюс праграмы – ты можаш выбраць абсалютна любы ўнівер і любую праграму. Няма ніякіх спісаў, з якога ты павінен выбраць адну праграму і толькі на яе падаваць, калі хочаш атрымаць стыпендыю, як у некаторых іншых краінах. Тут ты абсалютна вольны ў сваім выбары. Калі атрымоўваеш рашэнне аб залічэнні з універсітэта, трэба выканаць яшчэ некалькі ўмоў. Напрыклад, атрымаць візу, забяспечыць усё неабходнае для пераезду. У кожнага кандытадата ёсць каардынатар, які падтрымлівае сувязь і кансультуе ў незразумелых абставінах, таму зноў жа – не трэба баяцца складанасцей. Фінал усяго гэтага працэсу прыходзіцца на жнівень наступнага году – толькі тады ўжо ўсё канчаткова вядома і зроблена.
Добра, што ёсць зваротная сувязь з каардынатарамі праграмы. Гэта табе дапамагала?
У прынцыпе, дастаткова інфармацыі ёсць на сайце. Я б сказала, яе шмат. Адміністратары дасылаюць таксама неабходную на дадзеным этапе інфармацыю. Таму не згубішся. Што тычыцца зваротнай сувязі, то не заўсёды супераператыўна можна атрымаць адказ на сваё пытанне. Кандыдатаў вельмі шмат і, адпаведна, пытанняў ад іх. Але адказ заўсёды будзе. Важны момант – для візы патрабуецца ліст з універсітэта, у які паедзеш вучыцца. Аб гэтым трэба паклапаціцца самім.
Ты – чалавек з унікальным двухбаковым досведам у стыпендыяльных праграмах: і таго, хто атрымаў стыпендыю, і адміністратара праграм, які чытаў заяўкі і праводзіў інтэрв’ю з кандыдатамі. Якія тыповыя памылкі ты бачыла?
Калі я атрымала стыпендыю, разам з ёй пасыпаўся і воз мэйлаў, паведамленняў з пытаннямі ад людзей, як гэта і што рабіць.
Хачу сказаць, што перш, чым задаваць пытанні ці то адміністратарам, ці то стыпендыятам, заўсёды ўважліва чытайце апісанне праграмы – там вельмі шмат адказаў.
Вырашыце самастойна, што вы хочаце вывучаць, куды вы хочаце ехаць, для чаго гэта вам патрэбна і ці патрэбна на дадзены момант. Пошук праграмы – гэта таксама праца, выбар магчымасці – гэта ваша рашэнне. Не трэба перакладваць яго на іншага чалавека.
Рэкамендую вам як мага канкрэтней адказваць на тыя пытанні, што ёсць у формах заявак. Я бачыла, калі на просьбу распавесці аб сваіх уласных праектах і дасягненнях людзі пачыналі распісваць жыццё ў Беларусі ці важнасць нейкай праблемы для беларусаў, а на пытанне не адказвалі. Натуральна, такі кандыдат мае менш шанцаў. Адказвайце заўсёды канкрэтна.
Прыгадай, калі ласка, свае першыя ўражанні пасля пераезду ў Лондан?
Самае яскравае і рэзкае ўражанне – гэта колькасць моў, на каторых размаўляюць у Лондане. Стаіш ты на прыпынку, чакаеш аўтобуса, а вакол цябе 10-15 розных моў гучыць, і ты нават не ўяўляеш, што гэта за мовы. Цяпер гэта ўжо, канешне, стала вельмі натуральным.
Яшчэ мяне здзівіла колькасць расліннасці. Мы звыклі думаць, што ў Лондане вечны дождж і высокая вільготнасць круглы год. А насамрэч там растуць і пальмы, і мільёны кветак, вельмі шмат паркаў с высокімі дрэвамі і дзівоснымі раслінамі. У Мінску апошнім часам, на жаль, гэтага становіца ўсё менш і менш: увесь час вырубаюць дрэвы. Тут наадварот – стараюцца ствараць такія зялёныя куточкі з вадой, маленькія паркі. Я прыехала ў верасні, і тут было паўнавартаснае лета. Канешне ж, у мяне было яскравае ўяўленне аб ангельскай мове, што склалася на працягу жыцця. Мой побыт у Брытаніі дадаў яшчэ больш фарваў і адценняў у гэтую карціну. Цікава слухаць брытанцаў і чуць зусім па-іншаму збудаваныя сказы, новыя фразы і канструкцыі, складаныя і адрозныя ад звыклых вуху. Вельмі дзіўна было напачатку, калі брытанцы любому чалавеку ў размове кажуць my love ці darling – трэба зразумець, што так называюць усіх і гэта не нейкая асаблівая ўвага да цябе.
Вось такія неспадзянкі ад Брытаніі, пра каторую мы чуем, чытаем, глядзім фільмы і праграмы. Заўсёды вельмі шмат невядомага, дазнацца пра каторае, як ты кажаш, можна толькі, калі трапіш у краіну. А якія неспадзяваныя цікавосткі чакалі цябе ва ўніверсітэце?
Вучоба ў маім універсітэце – Goldsmiths, University of London – пачалася з Introduction week. За тыдзень прайшло шмат мерапрыемстваў, мы знаёміліся з універсітэтам, даведваліся, што там адбываецца. На працягу года таксама шмат чаго праходзіць: паказы фільмаў, імпрэзы, канцэрты, размовы, адкрытыя лекцыі, каторыя можна наведваць у зусім іншых дэпартаментах. Напрыклад, памятаю, что у мінулым лістападзе была адкрытая панэльная дыскусія з Jessie Ware. Тут шмат студэнцкіх аб’яднанняў па інтарэсах, шмат спорту. Заняткі спортам прапагандуюцца на вышэйшым узроўні, дзеля гэтага выдзелены цэлая серада – гэта дзень спорту. Іншых заняткаў няма, усё ў адміністрацыі зачынена. На тэрыторыі ўніверсітэта ёсць вялікі парк і пляцоўка, дзе гуляюць у футбол ці крыкет. Туды нават дзеці прыходзяць. Існуе таксама і ўніверсітэцкі кінатэатр ( ён адчынены для ўсіх, нават і не студэнтаў), свой тэатр, музыкальная студыя, розныя залі, дзе адбываюцца канферэнцыі (так універсітэт можа і грошы зарабіць). Атмасфера зараджае на актыўнае, прыемнае жыццё.
Адносіны з выкладчыкамі нашмат менш фармальныя, чым у нас. Няма канспектаў, няма нейкага адзінага правільнага пункту гледжання, правільнай тэорыі. Калі ты можаш абгрунтаваць свае думкі, то і яны будуць лічыцца правільнымі.
Сапраўды гэта вельмі адрозніваецца ад нашых універсітэтаў, і не толькі гэта, праўда?
Канешне. Тут вельмі шмат людзей з усіх куткоў свету. Гэта дае невымерна каштоўны досвед камунікацыі, стварае зусім іншую карціну свету. Калі ўдзельнічаеш у дыскусіях на занятках і ў вольны час, то чуеш новыя погляды і меркаванні, што пануюць у іншых частках свету. Хаця ты, здаецца, звыкла да зусім іншага светапогляду.
Тое, што мы жывем у эру тэхналогій, адчуваецца вельмі добра – інтэрнэт проста паўсюль. Прычым сетка агульная для ўсіх універсітэтаў краіны – паедзеш у Эдынбург, будзеш анлайн і там. Гэта важна, таму што шмат зносінаў адбываецца праз інтэрнэт – там і расклад заняткаў, і заданні, і пдф-кі лекцый. На свой акаўнт запампоўваеш напісаныя табою эсэ, якія тэстуюцца на плагіят. У інтэрнэце дамаўляешся аб сустрэчах з выкладчыкамі. Калі выконваеш заданне ці пішаш дысертацыю, маеш абмежаваную колькасць сустрэч-кансультацый з кіраўніком ці выкладчыкам. Гэта важная магчымасць індывідуальнай размовы і фідбэка.
Што з гэтага ты б перанесла ў наш універсітэт?
Усё!
Ну так, усё клёва ў тваім расповядзе. Але вось калі ўявіць, што заўтра ты пачынаеш рэфармаваць нашу адукацыю, што было б першым у тваім спісе змяненняў?
Перш за ўсё я запрашала б як мага больш замежных выкладчыкаў на лекцыі і нашых адпраўляла б ездзіць ў іншыя ўніверсітэты за новым досведам, каб пасля падзяліцца ім. І яшчэ паднаціснула б на ангельскую мову, каб нашыя маладзёны лепш размаўлялі і ўвогуле больш вучылі замежных моваў. Гэта трэба, каб быць у курсе апошніх навінаў, усяго таго, што адбываецца ў свеце, быць на адным узроўні з выкладчыкамі і студэнтамі з іншых куткоў свету. У нас вельмі шмат таленавітых людзей, але яны не дастаткова ўпэўнена адчуваюць сябе ў ангельскай, і гэта абмяжоўвае іх на міжнародным узроўні. Так не павінна быць.
Натуральна, што стыпендыя Chevening якраз і дае магчымасць абмену досведам і вывучэння найбольш актуальных рэчаў у галіне тваіх інтарэсаў на міжнародным узроўні. Ці бачыш ты перспектывы для сябе, звязаныя с тым, што ты стыпендыятка Chevening? Ці ёсць нейкае адчуванне крутасці ад гэтага, можа, пэўнай перавагі?
Шчыра кажучы, гэтае адчуванне то прыходзіць, то сыходзіць. Пакуль што я дакладна не ведаю, чым буду займацца, калі вярнуся ў Мінск – ёсць мары і планы, аргомністае жаданне і разуменне таго, як можна працаваць і чым хочацца займацца. Аднак патрэбны яшчэ і іншыя складнікі – у такія моманты гэтае адчуванне знікае. З іншага боку, калі разумееш, колькі чалавек аб’ядноўвае праграма Chevening, бачыш, дзе і кім працуюць выпускнікі, усведамляеш, что ты можаш у любы момант проста так узяць і напісаць ім, то гонар, безумоўна, прысутнічае.
Ці змянілася нешта ў табе за гэты час?
Думаю, гэта я зразумею, толькі калі вярнуся дадому, на кантрасце. Калі з’яжджаеш, то адкрываеш для сабе самой адну важную рэч: у чым твой нацыянальны характар. Так і перамены ў табе праявяцца, толькі калі вернешся ў Беларусь.
Ты вельмі актыўны чалавек. Якія ў цябе планы на рэшту лета?
Трэба шмат чытаць і пісаць магістарскую працу – гэта адзін з планаў. Яшчэ хачу з’ездзіць у які-небудзь горад па-за Лонданам. І таксама планую удзельнічаць у забегу на 10 км.
Проста ідэальны спіс – справы для розуму, душы і цела! Поспехаў табе і дзякуй за размову!