48 гадзін да канца дэдлайну
- Час чытання: 8 хвілін
Гэта была нядзеля, другі дзень курса “Адукуй сябе пра Еўропу”. Нам задалі зрабіць міні-праекты. Былі варыянты – артыкул у Вікіпедыі (сome on, сумна), выступ на 7-8 хвілін (мне хапіла выступаў), апытанка (яе шмат людзей будуць браць, і гэта не так складана), таму – інтэрв’ю з выпускніцай.
***
Дзень інтэрв’ю. Мы дамовіліся сустрэцца на фудкорце аднаго з молаў. Ксюша Філіповіч была адной з выпускніц леташняга курса, гэта, можна лічыць, усё, што я пра яе ведаў. Выдатна падрыхтаваўся.
Добра, паехалі. Пару пытанняў, каб разрадзіць атмасферу. Зрабіць пробны запіс у дыктафоне, каб праверыць, ці ўсё будзе чуваць. І, уласна, пачатак…
Мікіта: Як ты трапіла на гэтую праграму?
Ксюша: Я хадзіла на курсы англійскай і пазнаёмілася там з Воляй. Мы былі ў адной групе. І неяк яна пытаецца: “Ты не хочаш паўдзельнічаць у адным праекце?” І я, вядома, пагадзілася. Што за пытанне? Я падала заяўку, і мяне ўзялі.
М: Там было эсэ?
К: Так, там былі такія ж тэмы, як і ў вас.
Артур: Як эсэ пісалася?
К: Я напісала яго ў апошні дзень да дэдлайну.
М: Як звычайна. Гэта нармальна. Я таксама ў апошні дзень напісаў. У апошнюю гадзіну.
А: Да гэтага ты ўдзельнічала ў якіх-небудзь курсах, акрамя англійскай?
К: Я ўдзельніца партыі АГП (заўв. аўатараў АГП – беларуская палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнай арыентацыі. З’яўляецца адной з найбуйнейшых партый у нашай краіне).
М: Як ты трапіла ў партыю? Ты была ў перадвыбарным штабе?
К: Не зусім. Былі выбары, я жыла ў інтэрнаце, і да мяне падышоў мой аднакурснік і сказаў, што трэба прагаласаваць датэрмінова. Я спытала прыязна: «Чаму?». І ён мне адказаў: «Але ты ж не хочаш жыць з замежнікамі? Ты ж ведаеш, што з імі здарылася!?».
М: Зразумела. Дык на якіх ты курсах была?
К: Я была на курсах ад партыі. Па-мойму, гэта было да курсаў ад Адукацыі. Я яшчэ памятаю, што прапусціла адну з сесій Адукацыі, таму што тады была на трэнінгу ў Венгрыі, прысвечаным ролі жанчыны ў палітычнай партыі. Было прыкольна.
М: Ці шмат беларусаў там было?
К: Толькі двое. Было шмат дзяўчын з Украіны.
«…ролю ў гэтым зыграла мая рэпутацыя, яшчэ я заяву напісала на беларускай мове, і ўсё.»
М: Праблемы нейкія былі з-за тваёй партыйнай дзейнасці?
К: Не, я нават задумвалася, альбо я не такая апазіцыйная, альбо … Але не, я ўзгадала. У нас быў адзін праект, мы спрабавалі правесці мерапрыемства на юрфаку. Пра адукацыйныя прафсаюзы за мяжой. Я адзіная з юрфака была там. І ўзяла на сябе арганізацыю памяшкання. Прыйшла да нашага намесніка дэкана, узгадніла мерапрыемства, і ён нам выдзеліў кабінет і быццам бы ўсё ок. У прызначаны дзень мы прыходзім, а намеснік дэкана з’ехаў у камандзіроўку, і з ім нельга было ніяк звязацца. Пісьмовую паперу ён мне не даў. І ўнізе нас не пускаюць у аўдыторыю. І я пайшла да дэкана, ён пачаў распытваць мяне, што гэта за мерапрыемства і г.д. Пасля аднагрупнікі сказалі, што ролю ў гэтым зыграла мая рэпутацыя, яшчэ я заяву напісала на беларускай мове, і ўсё. Трындзец. Было вельмі крыўдна.
М: Ды добра, усякае бывае ў жыцці. А памятаеш свой першы дзень на курсе?
К: Так памятаю, я спазнілася, як звычайна.
М: О, і я таксама спазніўся.
К: А на другі дзень спазнілася яшчэ больш. Пазней мяне ніхто не прыйшоў. Я спазнілася на хвілін 40. Пры тым, што жыву на Пятроўшчыне. Мне дайсці да гатэля было хвілін 10. Я заходжу, а там натоўп людзей стаіць у коле. Я думаю, божа, што тут адбываецца!?
М: Хаха, добра, я спазніўся на хвілін 15.
А: А ў цябе знаёмых на курсах не было?
К: Акрамя Волі, якая была адной з арганізатарак, не было. Але яе ў першы дзень не было. Толькі Ганна. Мне яна з першага погляду спадабалася, у яе быў цёплы погляд. Спачатку мы называлі імя, і трэба было прыдумаць рыфму да яго, і іншыя павінны былі па чарзе ў коле паўтараць іх, каб запомніць, такі вось team-building.
А: Адразу знайшла кантакт з групай?
К: Цяжка ўспомніць. Хутчэй, так. У нас былі актыўнасці. Дзе мы дзяліліся па групах, выконвалі заданні. Так і раззнаёміліся.
М: А хто быў спікерам ў першы дзень?
К: Яўген Прэйгерман.
М: А хто гэта?
К: Аналітык «Ліберальнага клуба». Распавядаў нам цікавыя рэчы пра ЕЗ, палітыку краін Усходняга партнёрства, ролю і пазіцыю Беларусі на міжнароднай арэне.
А: І што табе запомнілася больш за ўсё з першых двух дзён?
К: Лекцыі Прэйгермана, а яшчэ запомнілася, як мы былі ў сталовай, і я сядзела з ім за адным сталом і распавядала, што я ў партыі актыўнічаю. І тут ён разышоўся і пачаў крытыкаваць усе партыі Беларусі. У тым ліку маю. Хоць на той момант у мяне ўжо былі ўяўленні таго, што з імі нешта не так.
М: А навошта ты ўступіла ў партыю?
К: Каб нешта пачаць рабіць. Прыйшоў нейкі хлопец і кажа, што я павінна ісці на выбары. Мяне гэта не задавальняе, трэба нешта мяняць, і я пайшла ў партыю. І ў той жа дзень я паехала і ўступіла ў партыю.
М: Па гарачых слядах.
К: Але я застаюся ў ёй і хачу паспрабаваць яе памяняць, каб партыйная сістэма ў Беларусі была моцная. Усё роўна, гэтая ці тая. Я хачу, каб усе партыі ў Беларусі былі моцнымі.
М: Але партыі ж усё роўна не пускаюць у парламент?
К: Для пачатку хай яны ўнутры будуць здаровымі. Маюць магчымасць штосьці прапанаваць.
М: Можа быць. Ці адчувала ты нейкі дыскамфорт падчас праходжання курса ад Адукацыі?
К: Я была двоечніцай. Я прапусціла адну сустрэчу. Тады была пастаянна праца, вучоба. І ў мяне ўвесь час была сітуацыя, што я не дабірала балаў. І я тады пісала Ганне, не магла б яна даць якое-небудзь заданне. З-за таго, што мяне не было на адной сустрэчы, я страціла 40 балаў недзе, я вельмі прасіла, паколькі хацела скончыць гэты курс, і яна пайшла на саступкі.
А: Многія ўдзельнікі зліліся падчас курсаў?
К: Так, дзесьці траціна. Многім банальна не хапала часу, каб зрабіць праект.
Н: Падчас праходжання курсаў, які быў у цябе быў самы яркі момант?
К: Як у Вільні, ой, не, у Мінску мы гулялі ў кавярні. Там трэба было адгадваць асоб. І з прычыны нашай спецыфікі, там было шмат Ангел Меркель, Гітлераў, некалькі Сталіных.
М: Ты калі-небудзь праходзіла курсы анлайн?
Ксенія: Я спрабавала нейкія. Але мне не хапае матывацыі. І такія курсы я не праходзіла ніколі. А курсы mixed якраз мне пасуюць. Я заўсёды пратэрміноўвала дэдлайны, але ўсё роўна спрабавала рабіць, каб патрапіць на сустрэчы.
М: Нейкія складанасці былі падчас праходжання курсаў анлайн?
К: Былі пытанні хутчэй да праходжання дыскусіі. Было заданне правесці дыскусію і там, каб быў ўлічаны твой удзел, трэба было пісаць на трох платформах. І гэта было ўсё для галачкі. Ты пішаш, праз гадзіну табе адказваюць. Гэта не дыскусія. Магчыма дыскусіі варта было б праводзіць анлайн.
А: Тыпу скайп?
К: Так.
А: Ці часта цябе наведвала думка кінуць курсы?
К: Не. Хаця … можа быць за гадзіну да дэдлайну. Калі хочацца легчы спаць, але трэба рабіць праект. Але жаданне даводзіць да канца не дазволіла гэтаму здарыцца.
М: Які быў самы цяжкі момант?
К: Калі нам прапаноўвалі праекты, у нас заўсёды стаяў выбар з відэа. Правесці інтэрв’ю або зняць сябе на відэа. А ў мяне перад відэа заўсёды нейкі страх.
М: І ты так і не перамагла яго?
К: Не.
М: Шкадуеш?
К: Так.
«Але калі прыйшла на курсы, я ўбачыла вельмі шмат яркіх людзей і са сваёй краіны».
М: Што гэтыя курсы табе далі?
К: Я да пачатку 2017 года ў трэнінгах ніколі наогул не ўдзельнічала, а ўж тым больш за мяжой, а потым ад партыі пачала ездзіць у Венгрыю, Швецыю і мець розныя зносіны з замежнікамі, і яны заўсёды былі цікавымі, чаго не думала пра беларусаў яшчэ тады. Але калі прыйшла на курсы, я ўбачыла вельмі шмат яркіх людзей і са сваёй краіны. Хтосьці журналіст, хтосьці піша кнігу, хтосьці здымае відэа, усе былі розныя і цікавыя. І я зразумела, што ў нашай краіне ёсць выдатны людскі патэнцыял. Гэта было вельмі класна!
А: Якія ты дала бы парады тым, хто праходзіць зараз курсы?
К: Я б не прапускала дэдлайны (прынамсі, старалася бы).
А: Калі б курсы можна было апісаць адным фільмам, то якой бы фільм гэта быў?
К: Гэта складана … Трэба падумаць … Хмм … Думаю, “Брэменскія музыкі”.
М: Чаму?
К: Таму што ўсе розныя, але сыграліся як ансамбль.
А: Раскажы адзін цікавы факт пра Еўропу, які прыходзіць на розум?
К: Нуу … Аб Славакіі, мабыць, прывяду факт, я туды ездзіла па праграме ERASMUS + пасля заканчэння курсаў. Напрыклад, у іх ёсць звычка адключаць ваду з 11 вечара да 4 раніцы па ўсёй краіне.
М: І апошняе пытанне. Беларусь – гэта Эўропа?
К: Так.