5 хітрасцей ад паспяховых трэнераў

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 16.05.2017
  • Блог

Праца трэнера патрабуе шмат увагі да дэталяў. Але некаторыя дэталі такія невялікія (аднак ад гэтага не менш важныя) альбо такія звыклыя, што іх наўрад ці заўважыш сам. Як трэба ставіць ногі, калі выступаеш перад аўдыторыяй? Праўду кажучы, паняцця не маю. Дакладней кажучы, не мела, бо на трэнінгу трэнераў “It’s up to me 4”, арганізаванага НГА NaturKultur у партнёрстве з ГА «Цэнтр «Трэці Сектар» у межах праграмы “Эразмус плюс“, кожны з трэнераў-удзельнікаў атрымаў асабістыя рэкамендацыі. Таксама нам расказалі шмат невялікіх і вялікіх “сакрэтаў” трэнерскага майстэрства. Некаторымі з якіх я хачу падзяліцца з вамі.

Не перекрыжоўвайце рукі на грудзях

Калі выступаеш перед аўдыторыяй – нельга перакрыжоўваць рукі на грудзях. Рукі трэнеру лепш за ўсё трымаць адкрытымі, рухомымі, не ў карманах, нескрыжаванымі і не за спіной. Перакрыжаваныя рукі сведчаць пра тое, што чалавек адмяжоўваецца, няўважлівы ці яму нецікава. Хаця, канешне, можа быць проста халодна. Як бы там ні было, за скрыжаванымі рукамі трэба сачыць – і ў самога сябе падчас выступу, і ва ўдзельнікаў.

Трэнерскі лайфхак. Што рабіць, калі трэнер выступае і бачыць, што ўсё больш людзей скрыжоўваюць рукі? Гэта трывожны знак: ён пачынае губляць аўдыторыю. Трэба стварыць такую сітуацыю, якая вымусіць іх раскрыць рукі. Можна задаць пытанне, на якое трэба будзе падняць руку, ці перадаць нешта ў рукі (маркер, ліст, аловак і інш.), ці нават зрабіць нейкі працэс, для якога людзям трэба будзе падняцца з месцаў.

Фота з трэнінгу. Своечасова заданае пытанне «адчыніла» рукі і вызвала ўсмешкі.

Кантралюйце накірунак вашага позірку 

Гэта таксама момант, які падаецца дробным, але мы адчулі на сабе падчас выступаў, як гэта важна і як цяжка часам кантраляваць свой позірк. Глядзець трэба ў вочы ўдзельнікам, затрымліваючы позірк на невялікі час. Частая памылка – выбіраць нейкі адзін бок аўдыторыі і не прыдзяляць увагу іншаму. Увагу трэба размяркоўваць наколькі магчыма роўна паміж удзельнікамі – гэта моцны спосаб трымаць аўдыторыю.

Трэнерскі лайфхак. Нават калі вы не бачыце сваю аўдыторыю (напрыклад, з-за свету на сцэне ці вам не бачны вочы людзей з апошняга раду), трэба ўсё роўна перамяшчаць позірк. Візуальна падзяліце аўдыторыю на квадраты і рухайце позірк ад аднаго квадрата да другога, нават, калі вы не бачыце людзей, яны вас бачаць, і будзе ўражанне, што вы расказваеце менавіта ім.

Падчас выступу ногі трэнера павінны стаяць у “моцнай пазіцыі” (power pose)

Пазіцыя ног не менш важная. Калі вы даносіце нейкую важную думку, а вашыя ногі пры гэтым адна за адну ці стаяць “касалапа”, давер да вас паніжаецца. Моцная пазіцыя ног – гэта ногі на шырыні плеч, калені трошку прысагнуты (выглядаюць прамымі, але застаюцца рухомымі) і ступні стаяць строга паралельна.

Трэнерскі лайфхак. Пазіцыя ног правільная, калі вы ўстойлівы і рухомы адначасова. Так вы выглядаеце больш упэўненым і так лягчэй займаць прастору падчас выступу – аддаляцца, набліжацца, падыходзіць да ўдзельнікаў. 

Рабіце паўзы

Жадаючы сказаць як мага больш важнай інфармацыі (асабаліва, калі на выступ зусім мала часу), мы часта пазбаўляемся ад паўз паміж сказамі. Але тады, нават калі мы добра валодаем сваёй інтанацыяй, слухачам становіцца значна складаней засвоіць сказанае, бо няма гэтых імгненняў цішыні, у якія ён можа абдумаць і паспець за трэнерскай думкай.

Трэнерскі лайфхак. Часта менш словаў даюць больш сэнсу. Калі на выступ мала часу, не спрабуйце ўціснуць як мага больш карысных словаў і думак, лепш выбярыце некалькі асноўных думак і спакойна, з паўзамі данясіце іх да аўдыторыі. Гэта спрацуе значна лепш.

Fake it till you make it. Рабі, пакуль не атрымаецца

Наша цела і нашыя эмоцыі ўплываюць адзін на аднаго. Калі мы адчуваем сябе ўпэўненымі трэнерамі, наша цела інстынктыўна выконвае ўсе правілы і тады аўдыторыя глядзіць, слухае і адчувае, што трэнер упэўнены ў сабе і сваіх словах. Але гэта працуе і ў адваротны бок: калі трэнер яшчэ не адчувае сябе ўпэўненым, але трэніруе сваё цела выглядаць, быццам яно ўпэўненае, то адбываецца, што за целам прыходзіць і адчуванне. То бок, калі я дастаткова ўмела выкарыстоўваю мову цела і навыкі прамовы, то нават калі я не адчуваю насамрэч сябе ўпэўненым, я адчую гэта. Рабі, пакуль не атрымаецца. Рабі спачатку тэхнічна, адсочвай усе дробязі і з часам яны інтэгруюцца і адчуванне ўпэўненасці і досведу прыйдзе хутчэй.

Ну, можа не адразу ўпэўненасць будзе выглядаць арганічна, але «рабі, пакуль не атрымаецца».