7 эквадорскіх рэчаў, па якіх я буду сумаваць

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 31.05.2017
  • Блог

Пасля васьмі месяцаў, што я правяла ў Эквадоры з праграмай Global Citizen Year, прыемна было вярнуцца дадому і знайсці камфорт у добра знаёмых рэчах – кнігах Бахарэвіча, снезе ў траўні, нязменнасці праспекту Незалежнасці. І ўсё ж не сумаваць па Эквадоры пакуль не атрымоўваецца. А таму ніжэй, паддаўшыся сентыментальнаму настрою, я склала спіс рэчаў, якіх мне будзе не хапаць у беларускіх рэаліях.

Этнічная разнастайнасць

Калі шпацыраваць па вуліцы больш-менш буйнога горада ў Эквадоры, будзеш здзіўлены разнастайнасцю твараў. Найчасцей сустрэнеш метысаў – нашчадкаў міжрасавых шлюбаў паміж гішпанцамі і карэннымі жыхарамі, іх адназначная большасць. Перакрыжуешся з індзейцамі, афраэкватарыянцамі, “белымі”. Суіснуючы разам, кожная этнічная група пры гэтым захоўвае сваю самабытнасць і культурныя адметнасці.

Калі заглыбіцца ў маленькія гарады і вёскі, можаш заўважыць даволі строгі падзел: метысы, індзейцы і афраэкватарыянцы жывуць асобна. Гістарычна так склалася, што апошнія, якіх без залішняй паліткарэктнасці клічуць negro, аб’ядноўваюцца ў камуны і жывуць у цяжкадаступных далінах. Іх продкі былі завезеныя з Заходняй Афрыкі ў якасці рабоў. Калі некаторыя з іх наважваліся кінуцца на ўцёкі, супрацьстаяць карным атрадам было лягчэй у аддаленых кутках. Індзейцы хоць і аўтахоны, але за апошнія паўтысячы гадоў пераўтварыліся ў этнічную меншасць. У масе сваёй жывуць па колішняй лініі рассялення сваіх славутых продкаў. З цягам часу дасканала асвоілі гандаль і цяпер лічацца найлепшымі прадпрымальнікамі ў краіне. Індзейцы – галоўныя пэрсанажы гарадскіх кірмашоў, перадусім у Атавала. Метысы – паўсюль, асабліва ў заможных гарадах, у сталіцы Кіта. Можна нават вывесці агульнае правіла: чым святлейшая ў цябе скура, тым вышэйшы сацыяльна-эканамічны статус. Гэтыя тры этнічныя групы амаль ніколі не бяруцца шлюбам і нават выяўляюць перадузятае стаўленне адзін да аднаго.  

Свежая садавіна круглы год

Бадай, кожнаму беларусу вядома, з якой краіны мы імпартуем бананы. Але Эквадор славіцца не толькі гэтай культурай, але і шмат якой іншай садавіной. Праўда, назвы асобных больш падобныя да імёнаў анімацыйных монстраў – чэрэмоя, бабака, гуанабана, увілля… Практычна кожная другая сям’я мае кавалак зямлі ці прынамсі невялічкі сад, дзе без асаблівага дагляду лёгка збірае два, а то і тры ўраджаі на год.

Я вельмі хутка прызвычаілася да ранішніх паходаў на кірмаш (садавіну ў супермаркетах абыходзяць бокам), дзе за долар можна набыць чатыры авакада і выпіць сок з цукровага трыснягу; з нецярпеннем чакала выходных, каб завітаць да дзядулі маіх “прыёмных бацькоў”, які жыў на мангавай плантацыі. Эквадорцы – вялікія фанаты натуральных сокаў і марозіва, какосавай вады і фруктовых кактэляў з малаком (баціда). Агракультура – асноўны заробак людзей у сельскай мясцовасці. Але, адкінуўшы экзатычны аспект, час ад часу ўзнікала пытанне: як такія нізкія кошты акупляюць затрачаныя час і выдаткі,  нягледзячы нават на спрыяльны клімат і ўрадлівую глебу?  

Аўтобусы

Адзін з жыццёва неабходных навыкаў для жыцця ў Эквадоры – уменне саскокваць з аўтобуса на хаду. За выключэннем хіба вялікіх гарадоў, кіроўцыі не лічаць неабходным спыняцца на прыпынках. Гэта не турбуе мясцовых жыхароў, якія ўпэўнена дэсантуюцца там, дзе ім трэба. Але навічок у гэтай справе рызыкуе нязграбна спытыкнуцца, вываліцца  з адкрытых дзвярэй і пад дружны рогат скаціцца пад адхон.

Канечне, можна паспрабаваць крыкнуць “Gracias!”, і, калі пашанцуе, кіроўца запаволіць ход аўтобуса. Але калі ты не знаёмы з мясцовасцю, патрабуецца ўнутраная інтуіцыя, каб не прапусціць прыпынак – непрыкметныя ўчасткі пры дарозе ў лепшым выпадку пазначаны знакам Parada, а ў масе сваёй наогул не маюць ніякіх арыентыраў. Акрамя таго, трэба быць гатовым кожны раз пракладаць шлях да дзвярэй праз шчыльны натоўп, у якім адны чытаюць рэп, іншыя гандлююць цукеркамі ці спрабуюць “упарыць” сродкі традыцыйнай медыцыны. Як бы па-вар’яцку ні гучала, аўтобусны балаган па-эквадорску мне даспадобы.

Дзеткі

Большую частку свайго часу я праводзіла ў дзіцячым садку, дзе дапамагала двум выхавацелям управіцца з чатырма дзясяткамі 3-4-гадовых дзетак. Калі казаць пра прынцыповыя адрозненні, то ў Эквадоры “нянькамі” часта працуюць мужчыны – рэдкую для Беларусі з’яву лёгка патлумачыць высокі заробак і такі ж высокі статус у грамадстве. Працоўны дзень цягнецца толькі пяць гадзін, ужо апоўдні дзяцей чакаюць дома.

Мне будзе не хапаць гучнага ранішняга “Буэнос дыяс, сеньярыта Ханна!!!”, асаблівых стасункаў з дзецьмі, у якіх няма месца чаканням і расчараванням.

Малым было ўсё роўна, адкуль я, колькі мне гадоў і чаму па-гішпанску я размаўляю з памылкамі. Ім быў патрэбны хтосьці, з кім можна гуляць у хованкі і насіцца па дзіцячай пляцоўцы; хто б дапамог разгойдацца на арэлях і завязаць шнуркі на чаравіках. Гэты год дапамог мне зразумець (ці ўсё ж узгадаць), што ўсе дзеці будуюць свой маленькі свет, у якім кардонная скрыня пераўтвараецца ў пірацкі карабель, дзе можна задаваць процьму пытанняў і адначасова танчыць, як умееш, а не як трэба. Ненавязлівая натуральнасць, якая перастае нам належыць, калі мы вырастаем.

Рэлігійнае мастацтва

У тыя рэдкія моманты, калі мне даводзілася наведваць касцёл, скульптуры на рэлігійныя тэмы не выклікалі асаблівага захаплення. Здавалася, што тут усё зразумела: фігуры Дзевы Марыі, раскрыжаванага Хрыста масава вырабляюць з недарагога матэрыялу і “адміністрацыйным парадкам” распаўсюджваюць па ўсіх прыходах у акрузе.

Маё меркаванне каардынальна змянілася, калі я прыехала ў Эквадор. У майстэрні маёй хост-сям’і (гаспадар Мігель з братамі – рэзчыкі па дрэве, гаспадыня Хімена – майстрыня ў нанясенні сусальнага золата) выраблялася шмат скульптураў. Аказалася, што за кожным прадметам – кавалак укладзенага часу, таленту і душы. Каб зрабіць 30-сантыметровую скульптуру, трэба прывезці дрэва, выстругаць форму, адпаліраваць, расфарбаваць – праца для некалькіх чалавек. Пры вялікай канкурэнцыі касцёлы могуць сабе дазволіць выбіраць паміж лепшымі ўзорамі і ніжэйшай цаной, таму заўсёды ёсць рызыка, што затрачаныя матэрыяльныя і мастацкія высілкі не акупяцца.           

     

Чым больш часу я праводзіла ў асяродку людзей, якія ствараюць унікальныя творы мастацтва, тым больш разумела: у Лацінскай Амерыцы яно адыграла найвялікшую ролю ў працэсе прыняцця насельніцтвам каталіцтва. Магу ўявіць, як абарыгены прыходзілі ў касцёл, каб падзівіцца на адзінае даступнае ім відовішча – вытанчаныя скульптуры збавіцеля ды фрэскі з біблейскімі сцэнамі.

Традыцыйныя строі паўночных індзейцаў

Калі падарожнічаеш па краіне, пачынаеш заўважаць розніцу паміж індзейцамі Поўначы, Поўдня і Амазоніі. Апошнія выкарыстаўваюць натуральныя пігменты для размалёўкі цела, носяць шмат упрыгожанняў, зробленых з раслін і камянёў, а таксама павязкі на галаве. На жаль, іх культурная ідэнтычнасць пакрысе страчваецца з-за прыходу буйных транснацыянальных кампаній, якія здабываюць нафту ў Амазоніі.

Індзейцы поўдня ходзяць у яркіх строях – зялёныя і фіялетавыя спадніцы, жоўтыя кашулі. І абавязкова ў капелюшы. Але мне больш за усіх даспадобы паўночныя карэнныя жыхары, з іх густымі чорнымі валасамі, заплеценымі ў косы, і прысадзістымі фігурамі. Гэта людзі, якія вылучаюцца з натоўпу сваёй унікальнай прыгажосцю. Яны паважныя і крыху ганарлівыя, разумныя і ціхія. Іх традыцыйны строй не змяняўся з часоў пасля каланізацыі Лацінскай Амерыкі. Жанчыны носяць далікатныя белыя кашулі з карункамі на рукавах і ручной вышыўкай на грудзях. Кашуля запраўляецца ў доўгую сінюю ці чорную спадніцу, падпяразаную шырокім каляровым пасам. Упрыгожанні маюць сімвалічны характар: чырвоныя бранзалеты абярагаюць ад суроку, а залатыя каралі на шыі сведчаць аб сацыяльным і эканамічным статусе яго уладальніцы. Традыцыйны абутак, што носяць і жанчыны, і мужчыны, называецца альпаргаты. Ён натхніў многія кампаніі (напрыклад, TOMS) на стварэнне лёгкага летняга аналагу для заходняга пакупніка. Адзін традыцыйны строй можа каштаваць да 300 долараў.  

Пакуль маладое пакаленне дзяўчат працягвае традыцыю сваіх бабуль, хлопцы аддаюць перавагу урбаністычнай вопратцы – кепкам і напаўспушчаным нагавіцам. І нават нягледзячы на гэта, індзейцы працягваюць перадаваць сваю культуру нашчадкам, робячы гэта ў сваім традыцыйным строі, годна пранесеным праз стагоддзі.

Маркеты

Хіба што адзіны спосаб адрозніць іншаземку ад мясцовага чалавека – цана, за якую яна купіла тую ці іншую рэч на кірмашы. Калі ты не занізіла цану па меншай меры ўдвая – ты верагодна: а) не ведаеш мясцовай мовы і традыцый, б) толькі што набыла понча за “грынгаўскую” цану. З гэтым заўсёды трэба быць напагатове: эквадорцы разбэшчаныя замежнай увагай.

Для мяне заўсёды цяжка было не набыць што-небудзь, праходзячы паблізу рынку. Такія месцы – лепшыя ўзоры эквадорскай традыцыйнай культуры, дзе кожны гандлюе сваёй хэнд-мэйд прадукцыяй. Тут, у адрозненні ад тыповага сярэдняга маркета, няма кітчу. Шалі з альпакі, срэбныя ўпрыгожанні, драўляныя дуды – усё ручной вытворчасці. Трэба толькі пастарацца набыць упадабаную рэч за цану “для сваіх”.