«А навошта табе гэта?» Разважанне пра моўную вартасць

  • 02.11.2018
  • Час чытання: 5 хвілін

Завулак “Выйдзі, калі зможаш” у Галіцыі

Апошні год быў годам шматлікіх змен, нечаканых рашэнняў і яшчэ больш нечаканых выпрабаванняў. Я збольшага адышла ад напісання тэкстаў і наўпрост паглыблялася ў кіпучую паўсядзённасць, каб менавіта пражыць яе, а не адкласці ўбок і машынальна перакачоўваць з аднаго дня ў іншы. Нарэшце надыйшоў час выйсці са змроку і падзяліцца атрыманым вопытам. І пачаць я хачу з адной са сваіх «тыповых» тэм, мовы.

У мінулым, ды й зараз час ад часу, я пісала пра вывучэнне замежных моў. Гаворка ішла пра тое, як дасягнуць пэўнай дасканаласці. На сённяшні момант, пасля розных сустрэч, працы, сяброўства з людзьмі пэўных культур, я хачу закрануць нашае «навошта». Так, большасць чытачоў не мае сумневаў, што датычыцца «вялікіх» моў. Англійская, нямецкая, французская, кітайская і т.п. – наўрад ці трэба тлумачыць, якая патэнцыйная карысць ад іх. Але ці аднолькава мы ўспрымаем вартасць «малых» моў? І калі не, менавіта што адштурхоўвае нас ад іх?

Да разважанняў на гэтую тэму я прышла праз вывучэнне галісійскай мовы (рэгіянальная мова на поўначы Іспаніі; мае каля 3 мільёнаў носьбітаў). Першае знаёмства з ёю адбылося падчас вельмі складанага перыяду жыцця, калі ўсё вакол развальвалася нават праз думку аб няўдачы. Маім адчайным крокам было абраць той шлях, які б у звычайных умовах ніколі не апынуўся сярод мажлівых варыянтаў. Кароткі інтэнсіўны курс, на які я запісалася без аніякіх чаканняў, ператварыўся ў курс паглыблены, пасля ў летнюю школу ў Галісіі, а зараз і ў новыя прафесійныя мэты.

Першай рэакцыяй амаль што ўсіх знаёмых было здзіўленне. Але здзіўленне не столькі з-за экзатычнасці выбару, а з-за яго быццам бы відавочнай нерацыянальнасці. «Цікава, але навошта табе гэта? Вывучыла б гішпанскую ці партугальскую, на іх зараз вялікі попыт, а высілкі на вывучэнне тыя ж самыя», – непаразуменне было і ёсць дагэтуль, і яно сапраўды шчырае. Логіка вельмі простая: калі ў шматмоўнай краіне дамінуе мова, на якой размаўляюць ва ўсім свеце, то выбар падаецца бадай што адзіным магчымым. Нават у рэгіонах, дзе гэтая глабальная мова прышлая. Дарэчы, шаноўныя чытачы, гэта вам нічога не нагадвае? Ёсць таксама адна такая краіна ў цэнтры Еўропы…

Вось яна, непрыемная праўда. Але справа не толькі ў (не)патрэбнасці, але і ва ўяўным прэстыжы на падставе пэўнай культурнай рэпутацыі. Бо як інакш патлумачыць нармалёвае стаўленне да, напрыклад, ісландскай (дарэчы, у 10 разоў менш носьбітаў за галісійскую) і грэбаванне больш вялікімі мовамі, у тым ліку і беларускай? І калі грэбуюць іншаземцы, то гэты факт, няхай і агідны, яшчэ можна больш ці менш прыняць. Маўляў, яны яшчэ не зразумелі ці не хочуць зразумець каштоўнасць іншых культур, але ад іх рашэння нам ні холадна, ні горача. А што з намі, калі мы – ў лепшым выпадку – сарамліва, але упарта адказваем беларускамоўнаму размоўцы па-руску ці ветліва ігнаруем розныя праявы беларушчыны? У горшым выпадку дык нават пераконваем іншых у яе непатрэбнасці, то бок, была бы патрэба, дык імгненна б усё стала на свае месцы. Калі ж не – а можа, так і трэба?

Шмат галісійцаў, дарэчы, таксама адводзяць вочы ўбок і ўпарта адказваюць на гішпанскай ці англійскай. Не з-за акцэнту размоўцы ці таму, што не зразумелі пытанне. А таму, што гэта быццам бы натуральна. Ненатуральна было б размаўляць – барані, Божа, яшчэ і з памылкамі – на мове, якая ўсё роўна быццам бы непатрэбная, але чамусьці працягвае сваё існаванне нягледзячы на ўсе выпрабаванні апошніх стагоддзяў. На «ўскрайку свету» (папулярная назва Галісіі ў Сярэдневечча) ці на ўскрайку Еўропы – пачуццё нейкай асабістай паразы мала чым адрозніваецца.

Калі перафармуляваць пытанне напачатку тэкста, «навошта я вам гэта распавядаю?». Я раблю гэта, бо падзяляю думку, што няма «лепшых» ці «горшых» моў. Ёсць вялікія і малыя, жывыя ці мёртвыя, літаратурныя і гутарковыя – спіс патэнцыйных катэгорый бязлічны. Вартасць у гэтым спісе адсутнічае. Яе штучна ствараюць звонку, у тым ліку і мы самі, часам нават не заўважаючы свайго негатыўнага ўнёску. Мы пачынаем надаваць ці пазбаўляць мовы іх вартасці на падставе фактараў, якія нават не датычацца іх. Гэта як быццам сказаць, што гарбата з маслам – гэта вычварэнне без права на існаванне толькі таму, што большасць насельніцтва свету яе не п’е. Тая ж меншасць, якая гэта робіць, аўтаматычна пазначаецца як непаўнавартасная, а іх лад жыцця – як замінаючы ўсталяванню іншага, быццам бы больш дасканалага. Але з маслам, малаком, цытрынаю ці цукрам – гарбату п’юць людзі з розным вопытам і густам, якія могуць шмат чаму навучыцца адзін у аднаго. То бок, будзьма паважаць гастранамічныя і моўныя прэференцыі нашых бліжніх 🙂

Адукацыя ахоплівае не толькі працэс здабывання ведаў у шматлікіх галінах навукі, але і актыўную падтрымку навучальнага асяроддзя, у тым ліку і моўнага. Падтрымлівайце тую культуру, якая падабаецца ці вельмі значная менавіта для вас, а не для кагосьці іншага. Паглыбляйцеся, уплывайце на яе, дзяліцеся ёю з іншымі. Бо вопыт – гэта самае каштоўнае, што мы маем як чалавецтва.