“А вось адукацыю трэба пакінуць тым, хто ведае рэцэптуру”
- 28.10.2016
- Блог
Год таму Ўладзя паступіла на новую англамоўную праграму Вышэйшай школы Эканомікі ў Санкт-Пецярбургу і з захапленнем дзялілася сваімі ўражаннямі ад тамтэйшай вучобы. Што яна думае пра свой крок, калі за спінай засталося два семестры, – у гэтым допісе.
***
Некалькі дзён таму, знаходзячыся на мяжы між рэальнасцю і нейкім іншым светам, я пераляцела праз адзін з бар’ераў новага жыцця – вынесла-такі свае скаргі на пацеху інтэрнэт-прасторы. Накіпела. Звычайна актыўныя выкладчыкі майго піцерскага ўніверсітэту гэты выкрык, канешне, праігнаравалі. На іх месцы я зрабіла б тое ж самае.
Але пачнем спачатку. Вось пост.
Тэзіс першы – “пра сыр”. Сыр тут толькі расійскі. Ёсць, канешне, і пармезан, і галандскі, і цільзіцер, нават можна знайсці з плесенню, а ён ўсё адно расійскі. Гэта я, канешне, пра сапраўдны, неметафарычны, сыр зараз, але сітуацыя люстэркавая. Паступіць было лёгка: прымалі з песнямі, караваем і фанфарамі, але расплочвацца даводзіцца зараз. Бо як ты не спрабуй улезці ў карсэт еўрапейскай сістэмы адукацыі, мысленне ў людзей застаецца местачковым, саўкавата-шкалярскім.
Я не магу адназначна сказаць, што праграма благая. Мінулы год, нягледзячы на цяжкасці, нудотнасць некаторых курсаў і праблемы прыстасавання, даў мне шмат новых ведаў, паказаў новыя акадэмічныя сцежкі і больш-менш растлумачыў акадэмічнае жыцце, якім яно ёсць. Першы год. Першы набор. Ніхто і не чакаў цудаў (“Ну ў Расію ж прыехалі, ну!” – закатвала вочы матуля), але былі спадзяванні.
Першага верасня другога навучальнага года нашы рады парадзелі – з 24-х магістрантаў засталося толькі 15, прычым вышлі не тыя, хто заваліў сесію, а тыя, хто быў найактыўнейшы. Сышлі амаль ўсё міжнародныя студэнты. Гэта, я вам скажу, паказальнік. Сышлі найбольш матываваныя і зацікаўленыя. Аднак і тыя, хто не змог адаптавацца да англамоўнага навучання. Першая “хваля” ўзнікла пасля амаль што бунту, які павінен быў памяняць жыццё да лепшага. Не атрымалася. Пытаючы пра нашы ўражанні і нашы парады, адміністрацыя праграмы адмовілася іх выслухаць. Галоўнае было – задаць пытанне, адказ на яго нікога не цікавіў. Астатнія сышлі моўчкі.
Нас засталося 15, але гэта толькі пагоршыла сітуацыю. Трэці семестр, які плануецца як падрыхтоўка да напісання дысертацыі, быў забіты парамі і чытаннем. Але гэтага падалося недастаткова, таму былыя курсы па выбары зрабілі абавязковымі. Замест двух – адразу тры. Хай будзе. Ведаў за плячыма не насіць.
І вось верасень, на вуліцы яшчэ даволі цёпла і сонечна, але часу на гэтыя дробязі няма: па дзве пары штодзень, па сто старонак чытання на кожную. На ангельскай. Акадэмічнага тэксту. Думаеце, гэта проста? Не. Гэта немагчыма, нават для таго аднаго носьбіта ангельскай мовы, які застаўся паміж нас.
Астатнія проста перасталі спаць. І есці, і размаўляць пра нешта, што не датычна вучобы. Бо кожны семінар нешта “важыць”, кожны прагул – адаб’ецца двойчы. Апошні факт адкрыўся нечакана, пасля таго, як дзве мае каляжанкі і я вярнуліся з семінару за мяжой. Нават пасля афіцыйнага ліста і размовы з выкладчыкам семінарыст выставіў нам тыдзень прагулаў і прапанаваў пераздаць іх “як-небудзь перад іспытам”. 11 раздзелаў кнігі. Тры артыкулы. З канспектам. У той час, калі вучоба працягваецца і ты не можаш не чытаць тое, што табе задаюць на гэтыя дні.
Пекла.
Два тыдні нярвовага напружання. Спрэчкі з сябрамі і каханымі, слёзы і недасыпанне. І раптам пытанне – навошта? Адказу на яго не знайшлося. Затое знайшоўся фэйсбук. І разуменне таго, што кіраўнік праграмы ў мяне ў “сябрах”.
Калі падводзіць вынікі, то трэба падкрэсліць, што наша праграма не выключная сама па сабе і сваім напружаным рытмам, але калі ты выходзіш бледны і змучаны з дыпломам Лонданскай школы эканомікі ці з дыпломам Оксфарда, то дакладна ведаеш, што ты ў сваёй галіне – крыху ніжэй за бога. А тут нават апісаць яе цяжка. Дый сказаць, што ёсць нешта, ў чым ты разбіраешся лепш, чым хто – не скажаш, бо нельга слухаць лекцыі пяці напрамкаў гісторыі адначасова, перасыпаць іх паліталогіях, сацыялогіяй і культуралогіяй і атрымаць нешта смачнае.
Вучоба – гэта не кухарcтва, дзе “вазьміце ўсё, што знойдзеце ў лядоўні, дробна нашынкуйце і дадайце маянэз”. Кухарка, магчыма, і можа кіраваць дзяржавай, а вось адукацыю трэба пакінуць тым, хто ведае рэцэптуру.