Ад БДУ да DAAD: якія сцежкі вядуць да працы ў прэстыжнай арганізацыі
- Час чытання: 5 хвілін
Ганна Радзько – выпускніца факультэта міжнародных дачыненняў БДУ, удзельніца некалькіх міжнародных адукацыйных праграм у Фінляндыі, Эстоніі і Нямеччыне. Яна без цяжкасцяў знаходзіць агульную мову з рознымі людзьмі дзякуючы сваёй камунікабельнасці, асабістай прывабнасці і веданню некалькіх моў. Зараз Ганна працуе ў у галоўным офісе DAAD (Нямецкай службе акадэмічных абменаў) у Бонне. Трапіла яна туды не адразу: пасля сканчэння магістратуры ў Нямеччыне, дзяўчыне давялося адчуць на сабе і роспач, і надзею пошукаў працы ў чужой краіне. Якія сцежкі вядуць да працы ў міжароднай арганізацыі, Ганна распавяла Adukacyja.info.
Ганна, многія, хто цікавяцца міжнароднымі праграмамі, ведаюць ці як мінімум чулі пра DAAD, пра тое, чым яна займаецца. А што ты там робіш?
Я непасрэдна займаюся праектамі з нямецкімі ўніверсітэтамі. Праграма, у якой я працую зараз, налічвае больш за 200 праектаў з установамі вышэйшай адукацыі Нямеччыны. Туды уваходзяць універсітэты, музычныя каледжы і каледжы мастацтваў, каталіцкія і пратэстанцкія школы. Мае асноўныя абавязкі – гэта камунікацыя і каардынацыя працы па праектах, падрыхтоўка і справаздача фінансаў. DAAD зараз працуе амаль без паперы, усё робіцца электронна – праз кампутарную праграму SAP.
А як ты трапіла на працу ў DAAD?
На сайце DAAD заўважыла абвестку пра вакансію. Пасля прайшла інтэрв’ю – і так апынулася ў DAAD.
Але ж гэта наўрад ці так проста. Напэўна, арганізацыя мае высокія патрабаванні да кандыдатаў на працу?
Так. У першую чаргу, інтэрв’ю адбываецца на нямецкай мове. Вельмі каштоўна для ДААД, калі кандыдат ведае 2 ці 3 замежныя мовы. (Ганна, акрамя рускай і беларускай, размаўляе яшчэ на 5 мовах.) Таксама важным з’яўляецца досвед працы ў міжнародных праектах, камунікатыўныя і лідарскія здольнасці.
Да працы ў DAAD ты, напэўна, атрымала каштоўны практычны досвед, які дапамог табе. Дзе ты працавала пасля сканчэння беларускага ўніверсітэту?
Я часова працавала ў Беларусі, была перакладчыцай для назіральнікаў АБСЕ падчас парламенцкіх выбараў. Увогуле, пасля сканчэння БДУ я паехала за мяжу ў Фінляндыю па праграме Erasmus Mundus. Там вучылася ва ўніверсітэце Турку, а таксама працавала ў фінскай арганізацыі. Гэта быў экалагічны праект, звязаны з вырашэннем праблем забруджвання Балтыйскага мора. Нёман і Заходняя Дзвіна нясуць ваду ў Балтыйскае мора, таму Беларусь таксама была ў ім. Я дапамагала фінам усталёўваць кантакты з Беларуссю, займалася перакладамі дакументаў з ангельскай мовы на рускую і беларускую, была перакладчыцай на сустрэчах і канферэнцыях, дапамагала ў арганізацыі мерапрыемстваў.
Чаму з’явілася жаданне пасля ўніверсітэту працягваць вучобу і ехаць за мяжу?
Я вучылася на факультэце міжнародных дачыненняў у БДУ. Якія ж міжнародныя стасункі без досведу жыцця, вучобы, працы за мяжой? Мне падабаецца знаёміцца з новымі людзьмі, усталёўваць міжнародныя сувязі, распавядаць пра Беларусь, знаёміць маіх замежных сяброў з культурай і гісторыяй нашай радзімы. На мой погляд, гэта цудоўны занятак!
А што спатрэбілася для таго каб паехаць вучыцца ў іншую краіну?
Для гэтага трэба было шмат працаваць, удасканальваць веданне замежных моў, клапаціцца пра пошук жылля ў новай краіне, вырашаць розныя арганізацыйныя пытанні. Але насамарэч, гэта не так складана. З дапамогай супрацоўнікаў International Office ў прымаючых універсітэтах усе пытанні па арганізацыі вырашаюцца хутка. У нас у БДУ таксама былі інфармацыйныя сустрэчы для тых, хто цікавіцца магчымасцямі навучання па праграме ERASMUS.
Потым жыццё ў Фінляндыі, Нямеччыне – гэта цудоўная магчымасць даведацца больш пра міжнародныя стасункі, павандраваць па Еўропе, распавесці замежнікам пра Беларусь і знайсці сяброў з усяго свету. Універсітэты ў Нямеччыне вельмі міжнародныя, кожны год тысячы студэнтаў едуць па веды, тусоўкі і вандроўкі за мяжу.
Ты працуеш у саліднай статуснай арганізацыі, праца адказная, няпростая. А што натхняе цябе ў працы?
Натхняе сама ідэя DAAD – акадэмічны абмен з усімі краінамі свету.
Што можа быць лепей? Сама арганізацыя, яе мэты і задачы скіраваны на тое, каб спрыяць акадэмічнаму абмену, даваць магчымасці студэнтам Нямеччыны паглядзець свет, а таксама студэнтам-замежнікам набрацца вопыту ў Нямеччыне. Акрамя гэтага, DAAD дае фінансавую падтрымку навукоўцам, даследчыкам, аспірантам. DAAD – гэта не толькі стыпендыі, але і сусветная сетка кантактаў з нямецкім навуковым асяроддзем.
Як ставяцца да маладых спецыялістаў у Германіі?
Ставяцца вельмі ўважліва, стараюцца дапамагчы з неабходнымі для працы трэнінгамі. Але адначасова важна адзначыць, што канкурэнцыя вельмі вялікая, бо шмат выпускнікоў шукаюць працу, трэба быць самастойным, актыўным, ініцыятыўным.
З табой разам працуюць маладыя калегі з Беларусі ці з іншых краін?
Замежных супрацоўнікаў у маім аддзеле амаль няма, большасць маіх калег – немцы. Але ёсць тыя, у каго ёсць карані з Чэхіі, Украіны, Польшчы, Расіі. Беларусы працуюць у інфармацыйным цэнтры DAAD у Мінску.
А чым, на твой асабісты погляд, адрозніваюцца беларускія і нямецкія спецыялісты?
Нямецкія спецыялісты вельмі зацікаўлены ў прафесійным росце, павышэнні пазіцыі, новых ведах, атрыманні другой, трэцяй вышэйшай адукацыі…
Я думаю, што адрозніваюцца не беларускія спецыялісты і нямецкія спецыялісты, а магчымасці, якія ёсць у нямецкіх спецыялістаў, і якіх часам не стае беларускім.
Напрыклад, тут у арганізацыях ёсць “адпачынак для павышэння кваліфікацыі” (па-нямецку “Bildungsurlaub”). Гэта адзін тыдзень на працягу года, які можна ўзяць, каб падцягнуць замежныя мовы, пазаймацца йогай, навучыцца фатаграфаваць. Таксама акурат на працы ёсць выдатная магчымасць вывучаць замежныя мовы. Прапануць гэта самі супрацоўнікі. Адны калегі выкладаюць, а іншыя могуць запісацца на курс і вывучаць новыя мовы падчас перапынку на абед. Ладзяцца дні здароўя – калі вось прыходзіш на працу, а замест таго, каб працаваць – ідзеш іграць у валейбол ці танчыць зумбу!
А якія стасункі сярод супрацоўнікаў?
Усе адчуваюць сябе роўнымі між сабой, кіраўнікі – гэта для дапамогі супрацоўнікам парадай, ведамі, інфармацыяй, але не для кантролю. Кожны робіць свае працу і сам за яе адказны. І, канешне, у нас ёсць свае традыцыі. Мы раз на месяц робім бранч з калегамі з аддзела, калі ў кагосьці дзень народзінаў, мы робім падарункі, ямо торцікі. Таксама пасля працы бываюць сустрэчы ў кавярні, але гэта не часта, бо усе маюць заняткі пасля працоўнага дня: у каго спорт, у каго курсы, а ў каго і дома шмат спраў.
Жыццё ў іншай краіне – гэта і неверагодныя магчымасці, і выпрабаванне. Ці шмат складанасцей для цябе, ці цяжка было адаптавацца?
Мне было не цяжка. Таму што я ўжо жыла за мяжой у Фінляндыі і Эстоніі. Калі мяне запрашаюць на вечарыну, канцэрт, дзень народзінаў, я заўсёды прымаю запрашэнні і з радасцю іду знаёміцца з новымі людзьмі. Сама таксама запрашаю сяброў, калегаў разам схадзіць, напрыклад, на калядны кірмаш ці паглядзець цікавы фільм. Бяру ўдзел у розных мерыпрыемствах, спяваю ў хоры, хажу ў паходы.
Ганна, а якія асабістыя якасці дапамаглі табе на шляху да сваіх мэтаў?
Я думаю, мае беларускія і замежныя выкладчыкі, сябры, знаёмыя і аднадумцы дапамаглі мне значна больш. А што датычыцца мяне… можа быць цікавасць да людзей, цікавасць да таго, што адбываецца ў свеце, таксама паспрыялі таму, што я патрапіла на працу ў міжнародную арганізацыю, дзе вельмі каштоўным лічыцца досвед працы і навучання ў розных краінах.
Што бы ты параіла студэнтам, у якіх ёсць жаданне паехаць за досведам вучыцца ці працаваць у іншую краіну? Што ім можа дапамагчы у гэтым?
Удасканальваць веданне замежных моваў, займацца спортам ці іншымі хобі, бо гэта значна паскарае інтэграцыю ў іншай краіне. Быць адкрытым, гнуткім, актыўным, не баяцца задаваць пытанні, калі нешта незразумела ці патрэбна дапамога. Увогуле, вучоба за мяжой – гэта неад’емная частка навучання, для большасці немцаў семестр па абмене – гэта абавязковая частка праграмы.