Ад МДЛУ да практыкі на Карыбах: як не згубіцца на шляху да мары


Адукацыйны шлях Веранікі Чыгір напачатку ішоў па агульнапрынятых, ужо пратаптаных сцежках: гімназія, універ, якія абралі бацькі, праца па размеркаванні. Але ж дзяўчына не губляла прагі да ведаў і мары, таму своечасова збочыла з яго — і пасля жыццё закруцілася з новай сілай. Вераніка паступіла на магістарскую праграму Еўрапейскага інстытута журналістыкі ў Марсэлі, прайшла практыку на Карыбскім радыё і вярнулася ў Беларусь, каб працягнуць шлях да сваёй мэты. Які і куды ён накіроўваецца? Як адукацыя за мяжой дапамагла Вераніцы ўвасобіць яго ў рэальнасць? Пра гэта і шмат-шмат іншае мы пагутарылі з гэтай мэтанакіраванай рудавалосай дзяўчынай.

11182140_1058447694169852_1813858115743135006_n

Як і большасць беларускіх студэнтаў, ты паступала ва ўніверсітэт, калі табе было 17 гадоў. Ты можаш назваць выбар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта свядомым?

Гэта быў не мой, а бацькоўскі выбар. Падчас вучобы ў гімназіі я ўдзельнічала ў алімпіядзе па французскай мове, заняла прызавое месца на рэспубліканскім узроўні. З французскай мовай складаліся добрыя стасункі, таму бацькі сказалі: «Табе прамая дарога ў гэты ўніверсітэт». Я не хацела, збіралася паступаць на журналістыку ў БДУ. Ціснуў выбар: альбо без нерваў і клопатаў прайсці ў лінгвістычны, або быць няўпэўненай, ці здам я пісьмовы іспыт на журфаку і паступлю. На той момант вырашыла пакінуць у сваіх руках сініцу. Дый бацькі сказалі, што быць перакладчыкам крута: ездзіць па камандзіроўках, перакладаць для розных дэлегацый. Туды — на перакладчыка з ангельскай і французскай моў — я і пайшла. Лінгвістычны мне не падабаўся, бо там не было чаго рабіць. Апроч студэнцкіх тусаў, больш не бачыла сэнсу сваёй вучобы. Я не вучыла французскую мову, а, наадварот, забывала яе. Таму на другім курсе пайшла вучыцца ў Цэнтр франка-беларускіх даследванняў пры французскай амбасадзе. Там прапаноўвалі навучанне па вечарах. Выкладаць паліталогію і еўрапейскія навукі прызджалі з Універсітэту Бардо ў Францыі. У выніку, праз тры гады ты атрымоўваеш дыплом французскага ўніверсітэту па паліталогіі, не выязджаючы з Беларусі. Пасля пайшла ў Беларускі калегіюм. Шукала хоць нейкія магчымасці, каб ураўнаважыць бессэнсоўнасць навучання ў МДЛУ.

14797305_1415546305126654_49612101_n

Магчыма, мяне не столькі цікавіла паліталогія, як магчымасць пабачыць іншую сістэму выкладання. Бо надакучвала, што мяне прымушалі вучыць тое, што не патрэбна. Да прыкладу, калі я не падрыхтуюся да экзамена па канспекце і не перакажу яго слова ў слова, а пачну разважаць сама, такі адказ успрымаўся як няправільны — і я атрымоўвала нізкую адзнаку.

У Цэнтры ж на іспытах задавалі адкрытыя пытанні, на якія я мусіла аргументавана адказаць на чатырох старонках. Я мусіла разважаць.

Мне гэта прыйшлося даспадобы. Да таго ж, выкладанне ў цэнтры было на французскай, што вельмі падтрымлівала ўзровень. Бо ў лінгвістычным універы я натуральна забывала мову.

Ты распавядаеш пра свой выбар універсітэта, і пакуль гэта выглядае як агульнапрыняты ГОСТаўскі шлях: школа — універ — адпрацоўка — праца па спецыяльнасці да скону вякоў. Чаму ты вырашыла збочыць з яго і пайсці вучыцца далей?

Я люблю французскую мову. Праца перакладчыка даволі прэстыжная і цікавая. Але мне заўсёды падабалася пісаць. Па-сучаснаму кажучы, пісала не ў стол, а ў тэчку з вордаўскімі файламі. Па размеркаванні я працавала перакладчыкам у Чырвоным Крыжы. Тады пачала пісаць нешта для іх сайту. Потым звязалася з «зялёнымі», але спачатку працавала не журналістам — памочнікам мэнэджара праекта. Пасля зразумела, што прагну крыху большага. Тыя, хто чытаў мае тэксты, казалі, што ў мяне няблага атрымоўваецца.

Таму пайшла ў Калегіюм на адзяленне журналістыкі. Там пазнаёмілася са многімі знакавымі людзьмі, якія далі мне подых, упэўненасць, што сваю працу можна рабіць цікава.

А пасля выпадкова я ўбачыла праграму навучання ў Еўрапейскім інстытуце журналістыкі і зразумела, што гэта тое, пра што мару. Знайшла стыпендыю ESSYB. Падавалася на яе першы раз — не атрымалася. Але наступны год стаў шчаслівым. Абставіны і рэчы ў асабістым жыцці склаліся так, што гэта памкнула мяне нешта мяняць. Сам, мабыць, Сусвет падкінуў мне гэтую ідэю. Я шмат чытала, глядзела, як вучацца мясцовыя студэнты, што яны робяць. Тады дакладна адчула, што хачу на гэтую праграму.

Каб паступіць, я паехала ў аддзяленне ўніверсітэту ў Парыжы. Былі іспыты і сумоўе, але ў адказ я атрымала наступнае: мяне не могуць узяць з-за недахопу журналісцкай адукацыі — дыплому бакалаўра. Запрашалі ў бакалаўрыят, але ж стыпендыя была разлічана менавіта на магістратуру. Змірыўшыся, прыехала дадому.

Пасля, калі вярнулася ў Беларусь, мне патэлефанаваў дырэктар марсэльскага аддзялення і сказаў: «Калі хочаш, прыязжай да мяне, я гатовы ўзяць цябе на магістарскую праграму». Ён паглядзеў на маё СV, убачыў там досвед журналісцкай працы, прачытаў эсэ, якое я пісала пры паступленні і сказаў наступнае: «Мне спадабалася, як вы гэта зрабілі. Калі жадаеце, прыязджайце». Канешне, хачу!

14741065_1415547751793176_672031540_n

З чаго складалася паступленне?

Ведаеш, я нават рада, што так склалася: што паехала вучыцца ў Марсэль, а не ў Парыж. Бо ў парыжскім аддзяленні акцэнт рабіўся на тэлебачанні, мне ж больш пасавала марсэльская праграма — «Паглыбленая журналістыка», то бок пісьмовыя працы, радыё, тэлебачанне, мультымедыі.

Ітак, спачатку я падавала дакументы на стыпендыю. Стандартны пакет: СV, эсэ, заяўка з персанальнымі дадзенымі. Потым запрасілі на сумоўе ў Вільню. Пасля сказалі, што я атрымала стыпендыю. Але скарыстацца ёй можна толькі ў тым выпадку, калі паступаеш ва ўніверсітэт. Таму я пачала шукаць і выбіраць. Была магчымасць абраць тры ўніверсітэты, але я пазначыла адзін — Еўрапейскі інстытут журналістыкі. Паехала паступаць. Спачатку трэба было даслаць свае дакументы, каб іх разгледзелі. Пасля мяне запрасілі на сумоўе. Плюс экзамен у той жа дзень, які складаўся з некалькіх частак: ангельская мова, 20 пытанняў па апошніх навінах, эсэ на вострую тэму, якая была актуальнай у Францыі на той момант, творчы іспыт. На ўсё было чатыры гадзіны. Я хвалявалася, але ў мяне была моцная ўпэўненасць, што я траплю. Ішла туды, нібы танк. Калі мне сказалі, што я не падыходжу, усё адно не паверыла. Праходзіць тыдзень — і мне тэлефануюць.

14805367_1415547318459886_467586819_n

Ты вучылася год па гэтай праграме. Аўдыторнай працы было толькі паўгады. На чым грунтуецца навучанне ў галіне журналістыкі на магістарскай праграме ў тваім універсітэце?

Выключна на практыцы. Там не было, як прынята ў Беларусі, аўдыторных лекцый. Да нас прыходзілі журналісты-практыкі з французскіх тэлеканалаў, выданняў. На працу з імі было тры дні. Яны распавядалі пра ўласны досвед, а пасля давалі заданні.

Так, семстр быў адзін, але ён атрымаўся вельмі, вельмі насычаны. Вучыліся мы з 8-й раніцы да 8-й вечару.

Напрыклад, трэба зрабіць рэпартаж і здаць яго да 16-й гадзіны. Прыходзіць выкладчык і кажа: «У нас у Марсэлі сёння адбываецца вельмі важная падзея». Мы бяром у рукі камеры і ідзем здымаць. На рэпартаж даецца чатыры гадзіны. Пры гэтым ты мусіш зрабіць усё, ад пошуку кантактаў да мантажу. Пасля таго як рэпартаж гатовы, усе збіраюцца і абмяркоўваюць працу, што атрымалася добра, а што — не.

У маёй групе было 8 чалавек, з іх дзве дзяўчыны (ў Францыі журналістыка — у большай ступені мужчынская прафесія). З замежнікаў была толькі я.

14793717_1415546445126640_2085208625_n

Калі падсумаваць. Навучанне ва ўніверсітэце ў Марсэлі — гэта мінімум тэорыі, выкладчыкі, якія не распавядалі касмічныя тэарэтычныя тырады, а паказвалі тыя рэчы, якія яны спрабавалі безліч разоў у сваім прафесійным жыцці. Плюс да яго вы тут жа вучыліся на практыцы, а пасля атрымоўвалі каментары, заўвагі, рэкамендацыі. 

Абсалютна так. Але ў нас была  яшчэ адна цікавая штука: наша група заўжды была рознымі рэдакцыямі. Сёння мы працуем на радыё, заўтра — на тэлебачанні. У нас былі газета, сайт. То бок кожная падгрупа працавала як СМІ. Універсітэт мае шмат партнёрстваў. Для партнёраў — гэта бясплатнае прома, для нас — трэніроўка. Да прыкладу, мы асвятлялі эканамічны форум, фестываль кіно. Ва ўніверсітэт мы прыходзілі толькі для таго, каб абмеркаваць нешта, параіцца, выкарыстаць апаратуру. Абсталяванне было вельмі класнае: камеры, кампутары, пасля якіх на сваім было вельмі цяжка мантаваць.

Якасць выкладання была сапраўды крутая. Ты не навучышся журналістыцы, калі будзеш слухаць лекцыі ў аўдыторыі. Патрэбна практыка з дасведчанымі людзьмі, якой яны могуць падзяліцца, і твае ўласныя спробы. Калі гэта спалучыць, то атрымоўваецца класна.

14794236_1415546168460001_1373288227_n

Вераніка, ты як чалавек, які звык да стандартаў беларускай адукацыйнай сістэмы, аказалася ў зусім іншай. Што цябе здзівіла ў французскай адукацыйнай сістэме, у прыватнасці, на тваёй праграме?

Асабліва нічога, бо да гэтага ўжо вучылася ў франка-беларускім цэнтры. Самае, пэўна, адметнае адрозненне — добрыя, сяброўскія стасункі паміж выкладчыкамі і студэнтамі. Табе заўжды дапамогуць. Яны ніколі не ставяць сябе вышэй, чым яны ёсць. Дырэктар мог прыйсці да нас на заняткі, пачаставаць шакаладкай, спытаць: «Ну як вы, мае дзеткі?» Не, ён не ставіўся да нас, як бацька, хутчэй, як старэйшы брат, калега. Спадар Луі сам дасведчаны журналіст. Таму калі я не магла знайсці патрэбныя кантакты, а праз гадзіну ўжо здаваць рэпартаж, дзе пакуль няма ніводнага каментара, я тэлефанаваа яму і казала: «Луі, ратуй!» І ён ратаваў! Ці мог праглядзець маю працу, пракансультаваць, якія кадры могуць не спадабавацца выкладчыку, параіць, як зрабіць лепш. І так было з усімі. Можна сказаць, што нашы выкладчыкі былі яшчэ і нашымі куратарамі, ментарамі. З намі працавалі не зверху ўніз, а на адным узроўні. Іх асяроддзе вельмі сяброўскае. Наогул, у Францыі журналісты па-сяброўску кантактуюць адно з адным, і выкладчыкі прывучалі нас да таго ж.

Мы звярталіся адзін да аднаго на «ты». Але гэта не азначала панібрацтва. Не. Да нас ставіліся як да калегаў, а не як да няўмелых студэнтаў. Цябе ніколі не стануць прыціскаць, калі ты сказаш тое, чаго ад цябе не чакаюць. Наадварот, не было стандарту мыслення. Кожны індывідуальны. Жывыя стасункі, жывыя дыскусіі — гэта было тое, што мне заўжды падабалася.

З французской мовай у мяне не было праблем яшчэ з часоў гімназіі. Мову ведала добра, але ва ўніверсітэце пачала яе забываць. Да прыкладу, на іспытах у лінгвістычным ад нас патрабавалі выкарыстоўваць падчас адказу тую лексіку, якую завучылі. Я часта карысталася сваёй, той жа па сэнсе, але мне ставілі «6», бо я казала не тое, што ад мяне не чакалі. Выкладчык сядзеў і лічыў, колькі слоў з канспекту я выкарыстала. Там жа, у Марсэлі, нягледзячы на тое, што ў мяне былі памылкі ў маўленні, выкладчыкі звярталі ўвагу на іншыя рэчы: як я павярнула сюжэт, ці знайшла новы ракурс. Гэта было істотна.

14825628_1415546071793344_1689972044_n

Ты аказалася ў іншым не толькі моўным асяродку, але і прафесійным. Ці сутыкалася ты са складанасцямі, найперш прафесійнымі, з-за таго, што ў цябе не было журналісцкай адукацыі на ўзроўні бакалаўрыяту?

З французскай, на шчасце, у мяне заўжды было ўсё добра, нягледзячы на іняз. Шмат падарожнічала, шмат чытала, шмат займалася. Для вучобы хапала майго ўзроўню.

А вось з прафесійнага пункту гледжання сапраўды было шмат складанасцей. Насамрэч, у мяне не было вялікага журналісцкага бэкграўнду. Усе мае калегі мелі скончаную ступень бакалаўра, наш фармат навучання накладаўся на іх папярэдні і вельмі падобны досвед.

Для мяне было цяжка пераладкавацца да таго, што ты пастаянна ў руху, увесь час нешта робіш, вучышся, а не паўдні сядзіш на лекцыі, не ведаючы, што рабіць. Дні былі насычанымі, штаны ніхто не праседжваў.

Першыя два тыдні я была ў разгубленасці, хацелася дадому. Было складана працаваць з відэа і гукам, бо дагэтуль у мяне не было ніякага досведу мантажу і г.д. Я ніколі не карысталася прафесійнай камерай. Калі маім аднагрупнікам патрэбна было проста ўзяць камеру ды ісці здымаць, я мусіла спачатку з ёй разабрацца і толькі пасля выходзіць у поле. А потым яшчэ мучыцца з мантажом.

Першы мой рэпартаж быў жахлівым. Я прызналася выкладчыку, што дагэтуль ніколі не мела справы з Adobe Premier. Выкладчык застаўся са мной пасля заняткаў і тлумачыў, што ды як у ім рабіць.

Пасля я яшчэ сама паразбіралася ў ім, таму далей усё было нармальна. На другіх занятках я адчувала сябе нашмат, нашмат больш упэўнена.

14800834_1415546375126647_1971398817_n

Дзякуючы чаму ты ўсё здолела? Дзякуючы ўпартасці і ўпэўненасці, што ты хочаш працаваць у журналістыцы? Умець у ёй шмат?

Дзякуючы мары перш за ўсё. Я верыла, што змагу. Маёй марай не было проста паступіць ва ўнівер у Еўропе і жыць там, не. Гэта было жаданне, імкненне стаць прафесіяналам, які выдатна піша, падарожнічае, размаўляе на французскай і ангельскай.

Некаторыя мараць пра «як бы скончыць універ, пасля працаваць на добрааплочваемай працы, пабудаваць кватэру ў крэдыт». Гэта не кепска, ні ў якім разе. Проста я зразумела, што гэта не маё. І мне хацелася жыць інакш. Не сядзячы на адным месцы.

14907140_1366662490041128_2179323486599943860_n

Ты вучылася даволі грунтоўным прыкладным рэчам, якія спатрэбіліся табе ў прафесіі. Якія з іх сталі для цябе найбольш запамінальнымі?

Самае каштоўнае — мы вучыліся ў прафесіяналаў, якія ведалі сваю працу не ў тэорыі, а на практыцы. А размовы з імі! — гэта насамрэч незабыўна. Я навучылася здымаць доўгія сюжэты, якія рыхтавала не паўмесяцы, а паўдні.

Аднойчы нас запрасілі на праект «Марсэль, я люблю тебя». Рэжысёры збіралі рэальныя гісторыі ў мясцовых жыхароў, а пасля здымалі па іх фільм. І вось яны прыйшлі ў нашу школу, звярнуліся за дапамогай да студэнтаў. «Вы збіраеце гісторыі, мы абяром лепшыя, па якіх напішам сцэнар». Нас разбілі на групы па 2-3 чалавекі. Я аказалася адна, бо мой калега з’ехаў у падарожжа, а дзяўчынка проста саскочыла. Рабіла сюжэт пра ваду, пра тое, як яна прыйшла ў Марсэль. З усіх сюжэтаў (а іх было каля 200) выбралі 10. Мой стаў адным з іх. Шчыра, была вельмі шчаслівая, бо ўпершыню зрабіла ўсю працу адна, і яна спадабалася рэжысёрам.

14794130_1415546731793278_1450576971_n

Якім жыццёвым рэчам ты як асоба навучылася?

Па першае, я зразумела, што чалавек можа ўсё, калі будзе не ныць, а дзейнічаць. Было шмат момантаў, калі я разумела, што магу больш, чым думаю. Па-другое, мая асоба таксама змянілася. Па натуры я інтраверт. Быць журналістам-інтравертам цяжка, калі не немагчыма. Над гэтым я шмат працавала, каб размежаваць сябе як асобу і прафесіянала.

Хаця ў Беларусі шмат чаго з таго, чаму я навучылася, не дзейнічае. У Францыі, калі табе патрэбен каментар, ты тэлефануеш, пытаешся і атрымоўваеш яго. Журналістаў усе паважаюць. Калі, да прыкладу, на плошчы мусіць выступаць мэр горада, але найперш — невялікая прэс-канферэнцыя для журналістаў, усе на плошчы будуць чакаць, пакуль журналісты паставяць яму свае пытанні, нават калі ты студэнтка і працуеш над сваім невялікім праектам, а не для вялікага СМІ, да прыкладу. Я звыкла да такога. У Беларусі гэта ўтопія, канешне.

Увесь гэты час я была адна. Было калі-нікалі складана, таму што не ўсе разумелі, навошта я тут, чаму я не магу вучыцца журналістыцы дома. Калі прыехала на Карыбы, там рэдакцыя наогул здзівілася, чаму я тут. Даводзілася шмат займацца культурным асветніцтвам, распавядаць, што такое Беларусь і г.д. Гэта было класна, канешне.

А Карыбы — гэта такі досвед, які ніколі не забудзецца. Я працавала на радыё. Была журналістам, які выходзіць у поле, збірае каментары, піша ўводзіны і мантуе. Таксама займалася сайтам, пашырала навіны, якія выходзілі на радыё. І пэўна, была адзінай рудой дзяўчынай на гэтых выспах.

14800666_1415547045126580_752794079_n

Ці ёсць у цябе пэўныя планы, чым збіраешся займацца далей?

Хацелася б застацца ў прафесіі, тут, дома.

Мяне часта пытаюцца, чаму я не з’ехала. Гэтае пытанне, калі шчыра, крыху абражае. Быццам адчуваю сябе вінаватай праз тое, што не знайшла там любую працу, не выйшла замуж і г.д., каб толькі застацца ў Еўропе. Я люблю Францыю, але яна не мая краіна.

Там пастаянна трэба даказваць, што я маю права там жыць, працаваць, што не забіраю нічыю працу, выплаты ці што яшчэ. Бо да студэнтаў адно стаўленне, а да імігрантаў зусім іншае. У Беларусі маё ўсё: сябры, сям’я, жыццё. Чаму я мушу з’язджаць?