Ад праграмы Au-pair да практыкі ў міністэрстве адукацыі Германіі

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Гісторыя Дзмітрыя Турчына – гэта падарожжа з Лоева ў Фрайбург (з прыпынкамі ў Мінску, Берліне, Санкт-Галене і Цюрыху). Чым яму не спадабалася перспектыва быць перакладчыкам у Беларусі? Што значыць вучыцца ў адной з самых дарагіх краін свету – Швейцарыі? Як з’ехаць у Нямеччыну насуперак падлеткавым перакананням? Чытайце ў гайдзе па Дзімінаму жыццю.

Чаму?

Ды проста не хапала таго, чаго хацеў заўсёды.

Я вучыўся ў МДЛУ на факультэце перакладчыкаў (нідэрландская і ангельская мова). Скончыў педагагічны каледж, а пасля адразу пайшоў на другі курс. Тут навучанне пабудавана так, што, акрамя патрэбных прадметаў, даводзілася вучыць шмат непатрэбнага, нецікавага. Часу не хапала ні на што.

Я працаваў. Мне патрэбна была праца, каб аплочваць навучанне, пражыванне. Быў карэспандэнтам у часопісе “Планета”. Мой дзень выглядаў прыблізна так: пад’ём а 6 раніцы. А 6:30 пачыналася змена, а 14:00 – заняткі ва ўніверсітэце. Паўдні на працы, за паўгадзіны павінны быў даехаць да ўніверсітэта, пары цягнуліся дзесьці да 8 вечара. Яшчэ неяк спрабаваў сумясціць выкладанне моў. І так кожны дзень. Было вельмі цяжка.

Як?

У Беларусь прыехалі немцы – сябры майго знаёмага. Мы суправаджалі іх, перакладалі на ангельскую, наведвалі Мір, Нясвіж, іншыя беларускія славутасці. Так і раззнаёміліся.

Яны спыталі: “Калі хочаш паехаць павучыцца, чаму не ў Нямеччыну?” Ад іх і дазнаўся пра праграму Au-pair. Умовы такія: год працуеш бэйбі-сіттэрам, ці нянькай, аплочваецца пражыванне, харчаванне, праезд і кішэнныя грошы + па жаданні прымаючай сям’і моўныя курсы.

Для таго, каб прайсці сумоўе, трэба ведаць нямецкую мову на ўзроўні А1. У мяне быў А0. Выйсце знайшоў: на 2 тыдні ізаляваўся, выпісаў усе магчымыя пытанні, склаў адказы і вучыў, вучыў, вучыў. Спатрэбіліся і некаторыя словы-звязкі. І ўсе атрымалася! На сумоўі мне сказалі: “Выдатна!” Праз месяц я атрымаў візу і…

Год ў Берліне, ці праца бэйбі-сіттэрам

Праз месяц пасля сумоўя я атрымаў візу і з’ехаў. Дарэчы, ніколі б не падумаў, што буду ў Нямеччыне. Калі прыйшоў ва ўніверсітэт, мне прапанавалі выбраць паміж групамі, дзе вывучаюць нямецкую і нідэрландскую (толькі там былі вольныя месцы). Немецкая мова зусім не падабалася, таму спыніўся на нідэрландскай. Хто ж ведаў! (Усміхаецца.)

Мая сям’я была вельмі добрая: маці-адзіночка Крысціана і яе 5-гадовы сын Домінік. Асноўная праца – забраць хлопчыка з садка, пагуляць 2 гадзіны і вярнуць дадому. Да гэтага часу прыязджала маці, а я быў вольны. Па сутнасці, я працаваў толькі 2 гадзіны на дзень. Мяне забяспечылі жыллём, харчаванням, кішэннымі выдаткамі (мінімальная норма – 260 еўра, я атрымоўваў 330 еўра). Крысціана дала згоду і на моўныя курсы. Такім чынам, з 8:00 да 14:00 у мяне была школа (моўных курсаў – заўвага), 2 гадзіны вольнага часу, а 16:00 ехаў за Домінікам, шпацыраваў з ім, пасля – зноў вольны. Дадаткова працаваць там нельга. Але кішэнных сродкаў сапраўды хапае.

Адаптавацца, безумоўна, было нялёгка. Маё дзіцё было вельмі капрызным. Да мяне ў сям’і працавалі толькі дзяўчаты. То бок я быў першым хлопцам. Стрэс: новы чалавек у доме. Домінік не жадаў мяне прымаць. Пашанцавала ўсё ж, што я вучыўся ў педкаледжы, часта працаваў у лагерах і ведаў, як стасавацца з дзецьмі. Як жа даводзілася тым, хто ніколі не сутыкаўся з імі?

У выніку стасункі склаліся цудоўныя. Я вучыў хлопчыка рускай мове, ён мяне – нямецкай. Крысціана рускую таксама ведала, але не карысталася ёй. Казала: “Так ты нямецкую ніколі не вывучыш”” І праўда. У размове выкарыстоўвалі нямецкую, часам ангельскую, даводзілася звяртацца і да гугл-перакладчыка.

Надышоў час развітвацца, я пачаў задумвацца, што рабіць далей. Працаваў год (па ўмовах праграмы), а пасля…

На шляху ў Фрайбург

Працаваў на працягу года, а пасля падаў дакументы ў швейцарскую ВНУ ў Санкт-Галлене і стаў студэнтам міжнароднага класа па абмене досведам. Чатыры дні на тыдзень вучыліся, па пятніцах абавязковым быў выезд куды-небудзь. За паўгады я наведаў самыя файныя і прыгожыя гарады і мястэчкі.

Паўгады, бо бясплатны тут толькі першы семестр. Для асоб не з Еўразвязу астатняе навучанне каштуе па 10 000 франкаў за семестр. А ўзялі меня, бо я быў для іх экзатычны фрукт. (Смяецца.) У гэтай праграме ніколі не прымалі ўдзел прадстаўнікі з Беларусі і нават Расіі. Звычайна толькі еўрапейцы.

Немалаважную ролю адыграў матывацыйны ліст – даволі распаўсюджаны спосаб адбору пры паступленні ў замежную ВНУ.

Мне прыходзілася шмат прэзентаваць сябе і краіну, нашу культуру. Дарэчы, я быў адзіным хлопцам на групу.

Спачатку я жыў у Санкт-Галлене, пасля перасяліўся ў Роршах. Разам з дзяўчатамі з групы мы здымалі цэлы паверх і арганізоўвалі неверагодныя тусоўкі. Мы жылі ў Швецарыі, ездзілі ў Нямеччыну па пакупкі, а ў Аўстрыю, каб патанчыць. Было сапраўды цікава.

Калі час майго навучання скончыўся, мне далі сертыфікат. Думаў, ці не паехаць вучыцца ў Нямеччыну, але вырашыў падцягнуць узровень валодання мовай. У мяне быў В2, але гэта не advanced. Каб стаць студэнтаў нямецкага ўніверсітэта, трэба ведаць мову на акадэмічным узроўні. Я накіраваўся ў Цюрых, тры месяцы вучыў нямецкую, але яна была незвычайнай, швейцарска-нямецкай. Ужо ў Нямеччыне пайшоў на курс “Нямецкая на акадэмічным узроўні”, гэтых ведаў хапіла, каб добра здаць мову. Але мяне дэзінфармавалі.

Сістэма нямецкай адукацыі створана так, што атрымоўваць вышэйшую адукацыю ты можаш толькі пасля папярэдніх 13 гадоў навучання. Беларускія каледжы не прызнаюцца ў Германіі, з-за чаго мне не хапіла года адукацыі.

Як выйсце – Studienkolleg. Гэта як падрыхтоўчы год, дзе ты вучыш нямецкую і ангельскую мовы, гісторыю Нямеччыны, сацыялогію, матэматыку і г.д. Ты нібы выпускаешся са школы і можаш ісці вышэй.

Было вельмі боязна, што, магчыма, зноў не атрымаецца паступіць. Можа, не хопіць якой паперкі… Таму я выбраў 15 універсітэтаў, падаў дакументы, і… мяне прынялі ўсюды! Нават ў Гумбальдт, што лічыцца а-ля Оксфардам у Англіі.

І я спыніўся на Фрайбурге, на жаданай спецыяльнасці “кіраванне ў сферы адукацыі”.

***

Пагутарыць з Дзімай атрымалася падчас яго практыкі ў Беларусі. Наступны яго прыпынак – міністэрства адукацыі Германіі, Бонн, аддзел працы з краінамі СНД. Спыняцца на бакалаўрыяце хлопец не плануе – вырашыў працягнуць навучанне ў магістратуры Гамбургу. Адтуль ён і выправіцца ў новае плаванне.