Ад семестра па абмене ў Швецыі да PhD у Велікабрытаніі


Дырэктар па даследваннях “Ліберальнага клубаЯўген Прэйгерман распавядае Adukacyja.info, як атрымаць стыпендыю Брытанскага ураду Chevening і чаму пасля вучобы за мяжой варта вяртацца ў Беларусь.

wfrkkifveya

Яўген тройчы вучыўся за мяжой: год па абмене ў Швецыі на бакалаўрыяце, потым – у брытанскай магістратуры ў Sussex University, зараз ён атрымоўвае ступень PhD у Warwick University, што таксама знаходзіцца на Туманным Альбіёне.

Як у цябе атрымалася паехаць па абмене ў Швецыю?

У Швецыю я ездзіў, калі яшчэ вучыўся на факультэце міжнародных дачыненняў БДУ. Прыйшоў на заняткі па шведскай мове – маёй другой замежнай, – выкладчык сказаў, што мы мусім напісаць невялічкі тэст. Той, хто лепш за ўсіх выканае заданне, будзе ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне стыпендыі на вучобу ў Швецыі.

Я не будаваў ніякіх планаў на гэты конт, бо ад шведскай на той момант ставіўся вельмі неадказна. Я крыху стаміўся ад вывучэння моў яшчэ ў школе, таму што быў удзельнікам алімпіяд па ангельскай мове. Але так атрымалася, што мая аднагрупніца і я напісалі тэст лепей за іншых. Потым былі наступныя этапы адбору, і ў выніку – паехаў вучыцца ў Швецыю на цэлы год.

У Швецыі я трапіў у цікавую ўстанову – завецца яна Вышэйшая народная школа. Гэта нешта сярэдняе паміж школай і ВНУ, дзе вучацца зусім розныя катэгорыі людзей. Ёсць тыя, хто не давучыліся ў школе, таму прыходзяць туды завяршыць пачатае, ёсць мігранты, якія вучаць мову, ёсць беспрацоўныя, якія такім чынам атрымліваюць новую адукацыю.

Маё навучанне ў асноўным было сфакусавана на вывучэнні шведскай мовы. Але і там былі невялічкія кампаненты, якія можна было аднесці да міжнародных дачыненняў. У прыватнасці, у сваёй шведскай школе я вывучаў міжнародную палітыку ў рэгіёне Балтыйскага мора. Тады мяне гэта цікавіла, і я нават прысвяціў даследванню знешняй палітыкі Швецыі і Балтыкі сваю дыпломную працу ў БДУ.

uffp3fp67vg

Адкуль ты даведаўся пра Chevning і чаму абраў менавіта гэтую стыпендыю?

Пасля сканчэння БДУ я выношваў ідэю, што трэба працягнуць адукацыю і павучыцца ў магістратуры. Але цягнуў амаль да апошняга моманту, з-за гэтага прапусціў шмат дэдлайнаў стыпендый, на якія было магчыма падацца. І вось заставалася адна праграма – гэта быў дзіўны мікс розных стыпендый, бадай, зараз яе ўжо няма. Я атрымаў стыпендыю, якая складалася з розных унёскаў: Chevening, фонду “Адкрытае грамадства” і стыпендыі самога універсітэту.

У Sussex University я вывучаў “Еўрапейскую палітыку” – гэтая дысцыпліна адносіцца да паліталогіі. Абіраў Брытанію, таму што яна мае імідж лепшай краіны для вышэйшай адукацыі ў Еўропе. Мой уласны досвед вучобы ў магістратуры толькі падцвердзіў агульнапрынятую думку. Размаўляючы з сябрамі, якія вучыліся ў Францыі, Нямеччыне, ды і ўлічваючы шведскі досвед, я зразумеў, што ў Брытаніі больш магчымасцей, за кошт гэтага агульны ўзровень адукацыі лепшы.

h50tac3wqcg

У Брытаніі напачатку вучобы табе тлумачаць, з чаго мусіць складацца твая праца – магістарская альбо на ступені PhD. Яна павінна зрабіць сапраўдны навуковы ўнёсак у тую галіну, якую ты вывучаеш, а таксама тлумачаць, што можа гэтым унёскам лічыцца. З-за такога навукова-тэхнакратычнага падыходу мінімізуецца фактар ідэалогіі, які вельмі моцна прысутнічае ў Беларусі, асабліва ў гуманітарнай галіне.

Што ты можаш параіць тым, хто імкнецца атрымаць стыпендыю на навучанне за мяжой?

Адзін з галоўных чыннікаў – выдатныя адзнакі на папярэдняй ступені навучання. Па-другое, трэба даказаць, што, акрамя добрых адзнак, у цябе яшчэ і актыўны сацыяльны досвед. Вядучыя ўніверсітэты звычайна шукаюць патэнцыйных лідараў. Таму вельмі пільна сочаць за грамадскімі актыўнасцямі, валанцёрствам. Звычайна трэба пісаць рознага кшталту матывацыйныя лісты, гэта паказвае зацікаўленасць патэнцыйнага студэнта ў навучанні менавіта ў гэтай адукацыйнай установе.

Але, на жаль, не апошнюю ролю адыгрывае чалавечы фактар. Здараецца, што вельмі добра падрыхтаваныя людзі ў самы крытычны момант хвалююцца ці не могуць паказаць сябе лепшым чынам, а тыя, хто ніколі не дэманстравалі нейкіх глыбінных ведаў, могуць у патрэбны момант добра сябе паказаць.

Што тычыцца ступені PhD, то тут галоўную ролю адыгрывае твая навуковая прапанова, унёсак у развіццё галіны, якую ты вывучаеш.

Чым навучанне ў краінах ЕС адрозніваецца ад беларускага?

У замежных універсітэтах мульцікультурны асяродак. Але няма нейкай пропасці, бо ў студэнцкім узросце цікаўнасці ды патрэбы падобныя. Напэўна, у заходніх краінах будзе крыху больш спорту, крыху менш гарэлкі, а больш піва. І самае галоўнае адрозніванне – гэта інтэрнацыяналізацыя. Вакол цябе на кожным кроку ў кампусе людзі са 190 краінаў свету. Таксама за мяжой нармальнай практыкай лічыцца як мінімум адзін семестр за мяжой.

Канешне, там лепшае матэрыяльнае забеспячэнне. Ангельскія ВНУ такія выдатныя не ў апошнюю чаргу з-за таго, што ў іх ёсць грошы. Універсітэт хоча забяспечваць сваіх студэнтаў лепшым, таму што чым лепей абсталяванне, чым актуальней інфармацыя, тым больш ахвотных будзе прагнуць туды паступаць, а гэта значыць, што ўніверсітэт здолее больш зарабіць.

4qxjhocqquy

Ты часта кажаш, што, нягледзячы на досвед жыцця і адукацыі за мяжой, заставацца там не збіраешся. Якія перавагі ёсць у Беларусі?

Я люблю Беларусь і не хачу адсюль з’язджаць. Перспектывы, на маю думку, нідзе не адчыняюцца, калі ты сам іх не адчыняеш. Так, у Беларусі менш кампаній, якія могуць прапанаваць табе цікавую працу, добры заробак і камфортныя ўмовы працы.

Але калі арыентавацца на іншыя крытэры, то магчымасцей можа быць больш і тут. У нас значна менш канкурэнцыі, таму распачаць сваю ўласную справу, абапіраючыся на замежны досвед, не так і складана.

У нас ёсць буйныя міжнародныя кампаніі, тут вельмі паспяхова развіваецца IT- сектар. Я не думаю, што досвед у IT-галіне ў Беларусі моцна адрозніваецца ад працы праграміста ў ЗША альбо Ізраілі. Тым больш не існуе сёння такога панятку, як межы. Калі ты знаходзішся ў Беларусі, гэта не значыць, што ты інтэлектуальна альбо прафесійна адарваны ад астатняга свету.

9fz6nth7eh4

Мне падаецца менш прывабным рынак працы ў заходніх краінах. Калі ты прафесіянальны спецыяліст, то зможаш знайсці сабе добрую працу  ў Беларусі. Але якасць жыцця: арэнда жылля, камунальныя выдаткі, дый само жытло ў тым жа Лондане будзе значна горш. Я не бачу аніякага сэнсу біцца лбом аб розныя муры, каб застацца ў Велікабрытаніі, атрымліваць крыху большую зарплату, чым магчыма было б атрымліваць тут, і жыць у горшых умовах.

***

Тым часам, да 8 лістапада 2016 года працягваецца прыём заявак на стыпендыю Chevening. Не праспі!