ADU-Share #1
- 01.02.2017
- Час чытання: 3 хвілін
- Цікавосткі
Студзень – ідэальны месяц, каб распачаць нешта новае. Мы камандай задумалі штомесяца дзяліцца з табой сваімі персанальнымі АДУ-знаходкамі, спадзяемся, будзе цікава! Чытай першы студзеньскі выпуск ад нашай Ганкі.
Анлайн-курсы
Пастаянна на нешта падпісваюся, у студзені напаткала два цікавыя курсы:
- Будызм і сучасная псіхалогія на Курсэры (дарэчы, адзін з найпапулярнейшых курсаў усіх часоў на гэтай платформе). Харызматычны вядучы, нечаканыя паралелі, усё проста тлумачыцца.
- Уводзіны ў кібербяспеку на FutureLearn - шмат карысных парадаў пра тое, як ахоўваць сваю прыватнасць, інфармацыю і дужа не наслядзіць у інтэрнэтах. Узровень не гікаўскі, усё даходліва тлумачыцца, шмат практычных заданняў.
Ну і яшчэ адзін курс, які распачнецца ў лютым, але які раю, бо мы будзем замешаныя ў арганізацыі, а Адукацыя дрэннага не параіць: Адукуй сябе пра Еўропу!
Чытво
Вельмі натхнілі ў гэтым месяцы:
- Лонгрыд The Guardian пра тое, як няпроста давялося дзяўчыне з Кітая на брытанскай стыпендыі, як яна ўсё гэта перажыла, вывучыла добрую ангельскую, а потым яшчэ і кніжку напісала.
- Маладыя-маладыя прафесары з Оксфарда напісалі кніжку пра 80 000 гадзін (гэта яны вылічылі сярэднюю колькасць гадзінаў на працоўную кар'еру), і вельмі структуравана, як я люблю, раяць, як абіраць справу жыцця, аналізуюць самыя балючыя праблемы сучаснасці і шляхі іх вырашэння. Вядома, ёсць спрэчныя моманты, але падыход цікавы. На сайце ў іх шмат цікавых інструментаў і парадаў.
TED-talks
Смяяліся і плакалі з калегамі пад прамову Адама Гранта пра тых, хто больш аддае ці бярэ на працы (ды ў жыцці). Здаецца, я больш падобная да доктара Хаўса :)
Да таго ж у гэтым месяцы з'явіліся беларускія субтытры да прамоваў пра латышскасць, пра тое, што знешні выгляд не вырашае (кажа мадэлька) і прыгожая ды ідэйная прамова пра каліграфіці арабскай мовай.
Мовы
Розныя мовы - гэта кайф, я пастаянна хапаюся за нейкую новую ці паднаўляю навыкі тых, за якія хапалася раней. У студзені вучыла літоўскую і чэскую ў Memrise; чытала кніжкі майго любімага выдавецтва па-польску пра Чэхію, а таксама спрабавала ўцяміць сістэму літар на бенгалі - цікавая задачка, скажу я вам.
Будучыня адукацыі
Мы камандай у гэтым месяцы цікава панэтворкіліся з падобнымі адукацыйна-інфармацыйнымі ініцыятывамі ды паразважалі пра будучыню адукацыі, і як нам адаптавацца пад гэта. Вось табе цікавыя трэнды, зАДУмайся:
- Адукацыя будзе рухацца да ўсё больш міксаваных узроставых групаў, хутка ты можаш вучыцца чамусьці анлайн ці афлайн у групе з прадстаўнікамі 3 пакаленняў адразу
- Адукацыя стане яшчэ больш адаптаванай пад чалавека, ты зможаш выбудоўваць сваю адукацыйную траекторыю і пачынаць з чаго і калі захочаш
- Развіваецца тэорыя канэкцівізму ў адукацыі - як кажуць яе стваральнікі, адзіная тэорыя, якая была створана ўжо ў часы тэхналогій і таму мае будучыню. Нам ужо не цікавыя факты як такія, мы шукаем і ствараем сувязі паміж ведамі, якія пастаянна змяняюцца і адаптуюцца.