ADU-Share #10

Дапамога з перакладамі для фестывалю дакументальнага кіно ўдзень і ўначы, сесія і вывучэнне некалькіх моваў, заняткі спортам і чытанне кніжак – гэта яшчэ не нагода, каб не паспець гэтым падзяліцца з чытачамі Адукацыя.Інфо. Марыя Кірава не перастае здзіўляць рознымі гранямі сваёй адукацыйнай актыўнасці, захапляемся разам!


Кніга

Здымак узяты з сайта: http://www.mountainphotographer.com/books-for-backpacking/

Да 2018-га засталося зусім няшмат. Халодная, няветлівая восень натхняе на духоўныя пошукі  і адвечныя пытанні. Хто мы ёсць і хто такія ўвогуле «мы», якое наша месца ў свеце? Я вырашыла шукаць глыбей за звыклую нам заходнюю культуру і знайшла цудоўнае эсэ Алана Ўотса «Кніга пра табу на тое, хто мы ёсць». Аўтар адкрывае ў 60-х гадах для заходняга чытача ўсходнюю філасофію, майстарскі сінтэзуе яе з заходняй і апісвае прычыны нашае духоўнага незадаволення і адчаю. Кніга Алана Ўотса не губляе сваёй актуальнасці нават сёння (50 гадоў прайшло!) і захапляе сакавітай мовай, якая спадабаецца ўсім аматарам англасаксонскай традыцыі. Падчас чытання я не пераставала здзіўляцца, як шмат ён перадказаў, што датычыцца грамадзянскага розвітку як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Можна па-рознаму ставіцца да іншых культур, але павучыцца ў іх заўжды ёсць чаму.


Відэа

Няўдачы,  няўпэўненасць, фрустрацыя, жахі – часам хочацца ператварыцца на чарапаху і схавацца ад усіх праблем у сваёй хатцы. Але чарапаха занадта павольна ходзіць, і праблемы ўсё роўна знойдуць і пачнуць пастукваць па панцыру, нагадваючы пра сабе. Што рабіць? Не чакаць, пакуль непрыемная сітуацыя прыйдзе да цябе, а...самому стварыць яе, как загартаць характар! Стары добры TED падзяліўся са мною нестандартнай, гумарной прамоваю, чаму навучыцца за 100 дзён адмоваў. Джа Джанг наўмысна стварае сітуацыі, калі не атрымаць адмову бадай што немагчыма: пазычыць грошы ў незнаёмца, папрасіць пасадзіць кветку ля чужога дома і яшчэ вялікую безліч загадзя бесперспектыўных просьбаў. Што гэта дае? Адчуванне сваёй годнасці і нават... нестандартныя адказы, калі адмова раптам стварае новыя мажлівасці. Не хачу пераказваць усё відэа, гэта трэба проста пабачыць!


Аўдыя

Падкасты – найлепшы варыянт, калі часу мала, а губляць некалькі хвілін на прыпынку ці ў чарзе не хочацца. Я заўсёды іх слухаю і раю іх пры вывучэнні замежных моў. Мая знаходка месяцу – радыё France Inter і іх гумарыстычная рубрыка. Дзёрзка, разнастайна і актуальна – такім было маё ўражанне. Асабліва ранішнія перадачы а сёмай – за дзве-тры хвіліны вядучыя крэатыўна каментуюць найбольш яркія навіны краіны, гуляючы з моваю і з слухачамі. (Будучыя) аматары французскай – не праходзьце міма!


Прыкладанне

Калі ўжо і развівацца ў розных напрамках, дык так, каб напоўніцу! Я вырашыла, што японская мова – гэта ідэальны спосаб даведацца пра межы майго захаплення мовамі свету і вытрымкі. Вынік даволі прадказальны: мазгі не тое каб закіпелі, але, падаецца, перакруцілі свае звіліны ў іншы бок. Логіка мовы і тыя самыя два алфавіты і невядома колькі іерогліфаў з рознымі чытаннямі ніяк не хацелі заняць ўтульнае месца ў маёй галаве. Я вырашыла сумясціць прыемнае з карысным і пачала шукаць лёгкія спосабы вывучыць цяжкі матэрыял. І што вы думаеце, яны існуюць! Прыкладанне Kanji no Owari – гэта вясёлая гульня-замес розных монстраў. Дзе тут навучанне замест пракрастынацыі? А вось монстраў забіць можна толькі слушнымі адказамі на моўныя пытанні! «Боссаў» адолець зможа толькі той, хто адказвае доўга і хутка амаль без памылак. Матывацыя, сэр!


Спорт

Чытаць, глядзець, гуляць – гэта ўсё цудоўна, пакуль вочы не пачырванеюць, а спіна не пачне клясці небараку-ўладальніка за нерухомы стан на працягу тыдняў. Трэнажоры, бег, фітнэс? Добрая ідэя, але мне заўсёды чагосьці не хапала ў такіх відах спорту. Мабыць, таму я ўжо шмат гадоў спрабую новыя адзінаборствы і захапляюся бразільскім джыу-джытсу. Як і папярэдняе лупцаванне віртуальных монстраў, гэта можна назваць навучальнай гульнёй, бо падчас яе мы вучымся авалодваць сваім целам. Перамагае тэхніка, пачуццё моманту, логіка, а не хаатычныя рухі ў паветры і спроба адолець праціўніка выключна фізічнай моцай (калі яна ёсць. Спойлер: у мяне няма). У Мінску ёсць зала, дзе трэніруюцца не выпадковыя людзі, а сапраўная сям'я аднадумцаў, якія дапамагаюць стаць адзін аднаму лепш, чым учора. Таму калі зацікавіцеся, заходзьце ў Holy Family Gym, не пашкадуеце.


Аптымізацыя

Дрэнна спаць, каб зранку ўліваць у сябе каву, каб адчуваць сябе панурай праз некалькі гадзін, каб з'есці нейкую дрэнь, каб нэрвавацца, каб дрэнна спаць. Знаёмы сцэнар? Я сказала сабе «хопіць» і вырашыла паспрабаваць  палепшыць гэты аспект жыцця. Бярушы (калі знойдзеце, медыцынскія, як для МРТ), маска на вочы – гэта настолькі банальныя рэчы, што я нават не чакала такого неверагоднага паляпшэння. Нават нядоўгі сон ператварыўся на сапраўдную асалоду без агіднага абуджэння. А што з кавай? А нічога, ледзяны душ зранку, гы :) Пасля не спатрэбіцца аніякая кава, а праз некалькі тыдняў арганізм будзе вельмі ўдзячны. Канешне, трэба рабіць гэта паступова і не ў халодным памяшканні, але карысць будзе большай за жудаснае адчуванне напачатку!


Натхненне

Няма часу на падарожжы, а шэрая паўсядзённасць выматвае і пазбаўляе жадання развівацца і тварыць? Будзьма шукаць незвычайнае ў простым! І рабіць мы гэта будзем на слых. Праект My noise створыць патрэбную атмасферу і перанясе слухача ў Індыю, Тыбет, на бераг ракі, у космас, трапічны лес – разнастайныя, глыбокія гукі асяроддзя ажыўляюць уяўленне, трэба толькі ўключыць навушнікі, заплюшчыць вочы і аддацца пачуццю бязважкасці. Калі мы пачнем чуць наваколле, неўзабаве мы адЧУЕМ і нашую тоеснасць з ім. Нават белы шум упарадкоўвае думкі і дазваляе сканцэнтравацца на істотным.


На дэсерт

Восень – гэта куды больш цікава і смачна, чым папсовыя чызкейкі і браўніз. Журавіны з какавай ці карыцай – толькі лакальны патрыятызм, толькі хардкор! Асцярожна, вызывае залежнасць, а каробачка можа скончыцца праз некалькі «вось гэта дакладна апошняя»!