ADU-Share #2


У лютым – люта вучылася нашая Каця, чым рада з вамі падзяліцца. Кнігі, блогі – о богі, чаго тут толькі няма!


Анлайн-курсы

  • «Напісаў рэзюмэ і расплакаўся - я такі класны». Калі гэта не пра цябе, то хутчэй на анлайн-курс «HOW TO SUCCEED AT: WRITING APPLICATIONS» ад Універсітэта Шэфілда на FutureLearn. Многа матэрыялаў, якія можна спампаваць і выкарыстоўваць у сваіх заяўках. Праз 4 тыдні даведаешся, як уціснуць свой круты досвед у дзве старонкі рэзюмэ і пераканаць матывацыйным лістом, што менавіта ты  - выбітны кандыдат. Карацей кажучы, не губляй магчымасці стаць лепш.

  • Стаміўся апраўдваць адсутнасць плана свайго праекта тым, што ён творчы? Тады курс пра «Стратэгічнае планаванне» для цябе. Дэвід Пэрыш распавядзе, наколькі неабходна прадстаўнікам сферы культуры і творчасці мець дакладнае бачанне сваёй дзейнасці дзеля вызначэння сваіх перспектыў на будучыню і дасягнення поспеху. Дарэчы, на сайце culturepartnership.eu ёсць добрая падборка курсаў для крэатыўных прадстаўнікоў і мэнэджераў.

Чытво

Скончыўся люты, а ты так і не распачаў выконваць свае навагоднія планы аб новым жыцці? Тады бэстсэлер 2016 года "100 спосабаў змяніць жыццё" ад Ларысы Парфенцьевай гэта must-read. Але гэта не проста яшчэ адна кніга пра тое, як выйсці з зоны камфорта. Гэта сукупнасць з больш за 100 кніг па самаразвіцці: ад бэстсэлераў Барбары Шэр і Стывена Кові да выказванняў Эйнштэйна і Трампа. Добра эканоміць час і дае дакладнае ўяўленне як і куды рухацца.


Блогі

  • Назва YouTube-блога Dream big, work hard кажа сама за сябе. Ksenia Niglas з'яўляецца выпускніцай Кембрыджа і стыпендыятам Фулбрайт, таксама ўжо паспела павучыцца ў чатырох краінах – Эстонія, Англія, Аўстралія і ЗША. На сваім канале распявядае пра свой досвед вучобы за мяжой, жыццём ў розных краінах і дае парады як вучыцца і паступаць. Уся каштоўная інфармацыя і лайфхакі з першых вуснаў.
  • Калі тэма заходзіць пра літаратуру для самаразвіцця або бізнес, то выдавецтва «Ман, Іваноў і Фербер» па-за канкурэнцыяй. Але на жаль, у сутках толькі 24 гадзіны і ўсіх кніг не перачытаць. А таму, калі не хапае часу на паўнавартаснае чытанне кніг цалкам, то вось блог выдавецтва. Цябе чакаюць самыя цікавыя ўрыўкі і парады з папулярных кніг. Для самых занятых у некаторых артыкулах ёсць нават падказкі: колькасць хвілін, якія ты выдаткуеш на прачытанне матэрыялу.
  • Трэвэл-блог iknow.travel/ - для тых, хто плануе свае вандроўкі сам. І жадае рабіць гэта незвычайна. Ты выбіраеш кірунак - краіну або канкрэтны горад - і атрымліваеш цэлую падборку самых розных лайфхакаў і агляд нязведаных турыстамі месцаў ад жыхароў дадзенай лакацыі. Прычым разам з шопінгам у Ніжнім Іст-Сайдзе і экаднём у Мальмё ёсць і больш бюджэтныя паездкі. Напрыклад, маршрут "Багемны Пецярбург» або падборка месцаў «На выхадныя ў Растоў-на-Доне».

Мова

Сайт voriginale.tv/ - гэта цэлы скарб для тых, хто любіць кінематограф і жадае гаварыць вольна на ангельскай. На сайце ёсць самыя вядомыя фільмы, мультфільмы і сэрыялы з субтытрамі і слоўнікам да кожнага фільма. Таксама можна фільтраваць па ўзроўню валодання мовы. За карыстанне сайтам ёсць невялічкая плата, але ж з іншага боку гэта дадае матывацыі выкарыстоўваць сайт. Ды і ў перспектыве такі досвед акупіць такі ўнёсак з лішкам.