ADU-Share #6
- 06.07.2017
- Час чытання: 5 хвілін
- Цікавосткі
Чэрвень апынуўся для нашай Аленкі складаным і цікавым адначасова. Яна скончыла МДУ імя Куляшова, з жніўня пачне працаваць як педагог дадатковай адукацыі. Але часу ў яе хапала і на цікавыя адукацыйныя здабыткі – нават калі працавала і дапісвала дыпломную работу.
Відэа
Падчас падрыхтоўкі да здачы дзяржаўнага іспыту вырашыла зрабіць перапынак на каву і паглядзець нейкі ТED. Трапіла на выступ Дэна Бэла, рэжысёра і фотакарэспандэнта. У сваім выступе Inside America's dead malls ён разважае пра тое, як культура анлайн-шопінгу знішчае молы па ўсёй краіне. Людзям проста нецікава прыходзіць і выбіраць рэчы, бо яны з лёгкасцю могуць зрабіць усё гэта ў інтэрнэце. Прывабныя інтэр’еры, кавярні, кнігарні становяцца непатрэбнымі і хутка страчваюць сваю прыгажосць. Потым іх чакае лёс месцаў злачынства або ціхага заняпаду. Усе гэта навяло на думкі кшталту "ніхто пры будаўніцтве нават і не думаў, што лёс можа згуляць вось так". Яшчэ ў Дэна ёсць іншыя цікавыя праекты, звязаныя з інфраструктурай гораду: разам з камандай ацэньвае гатэлі ("Another Dirty Room") і гуляе па закінутых гатэлях ("Dead Hotels").
Кнігі
Люблю чытаць тое, што прымушае задумацца над істотнымі праблемамі і паглядзець на рэчы з іншага боку. Раман Гіліан Флін “Исчезнувшая" - менавіта такая кніга. На першы погляд, усё проста – муж вінаваты ў тым, што жонка знікла, але насамрэч не ўсё так проста. Асабліва цікава падаецца роля медыяў: тое, што было толькі тваім, зараз ведае ўвесь свет. Сапраўдны рэалізм: няма цалкам пазітыўных характараў, ёсць трошкі цемры ў кожным.
Перачытваю другі раз, але як дарослая, Бодо Шэфера "Мани, или Азбука Денег". У форме апавядання аўтар дае карысныя фінансавыя парады. Гісторыя падаецца з боку Кіры Клаўсмюлер – 13-гадовай нямецкай дзяўчынкі. У яе бацькоў не самая лепшая фінансавая сітуацыя, дзяўчо марыць пра кампутар і падарожжа ў ЗША. Раптам у жыцці сям’і з’яўляецца сабака – прыгожы белы лабрадор. Кіра потым знаходзіць у сабе цікавую здольнасць – сабака умее размаўляць. Можа падацца, што гэта казачная гісторыя, але насамрэч аўтар прапісвае свае парады, якія актуальныя і сёння: як ашчаджаць, як шукаць крыніцы заробку і г.д.
Мовы
Без актыўнага выкарыстання мова хутка забываецца, таму штодзень чытаю па-ангельску і па-польску.
Па-ангельску – BuzzFeed, the Guardian, the New York Times. Па-польску – Wyborcza, таксама гляджу, калі ёсць час, TVP. Нямецкай мовы мне яшчэ не хапае, каб чытаць прэсу, таму тут мае памочнікі – Duolingo і Deutsche Welle.