ADU-Share #8

Лета – не дзеля таго, каб сядзець у хаце – лічыць наша Марынка. А адукацыя – гэта не толькі пра навучаньне седзячы дома, але і пра знаёмствы ды актыўны ўдзел.


Грамадскія кампаніі

У Менску грамадзскія актывісты і актывісткі распачалі кампанію Legalize Belarus і ўжо пачалі ладзіць публічныя мерапрыемствы, каб пагутарыць пра неабходнасьць зьменаў у заканадаўстве і мажлівасьць дэкрыміналізацыі і легалізацыі марыхуаны ў Беларусі. У суполцы руху можна азнаёміцца з рознымі матэрыяламі пра канабіс і атрымаць усе неабходныя адказы.

А я раю цікавы артыкул пра Партугалію і што з ёй сталася пасьля дэкрыміналізацыі наркотыкаў.


Кіно па-беларуску

Цягам апошняга месяцу разам са сваей камандай мы ладзілі кінапрагляды і дзяліліся сваімі ўлюблёнымі стужкамі з іньшымі людзьмі. Ды й рабілі гэта з беларускімі субтытрамі! Вядома, што ніякіх субтытраў на роднай мове на прасторах інтэрнэту не існавала, але гэта не падстава спыняцца, так? Можна зрабіць іх самастойна, як гэта робяць рабяты з супольнасьці КінаКіпа ці TED-перакладчыкі. Вось табе і новыя магчымасьці для самарэалізацыі, новыя знаёмствы , паляпшэньне сваіх навыкаў і, галоўнае, вялікі ўнёсак у беларускую культуру!

Афішу зрабіць таксама лёгка, бо імпэт і жаданьне - лепшыя інструменты. Для пачатку можна выкарыстаць анлайн-рэсурс Canva.com, а далей можна адчыніць ADU-share #4 і сцягнуць адтуль дызайн-падборкі, якія падцягнуць твае навыкі на сур'ёзны ўзровень.

Застаецца вырашыць толькі пытаньне з памяшканьнем! І гэта таксама нескладана: усе НДА зацікаўлены ў развіцьці мясцовай супольнасьці і з задавальненьнем табе дапамогуць. А яшчэ вельмі часта ідуць на сустрач звычайныя кавярні/антыкавярні і нават бары!
Застаецца just do it!


LARP'ы і мары пра камуну

З 9 па 12 жніўня прайшоў цудоўны фэст РэМара - маладзёвы фестываль, на якім удзельнікі і ўдзельніцы за дапамогай LARP-гульні будуюць дзяржаву. Але ў гэтым годзе здарылася неверагоднае і замест дзяржаўных утварэньнеў жыхары РэМары жылі ў камуне і прымалі рашэньні кансэнсусам. Больш падрабязна пачуць пра досьвед пабудовы камуны можна 27 верасьня.


Веган-кухня

І рэцэпт для тых, хто любіць хутка, смачна і этычна - суп-пюрэ з гарбуза!

  • 3-4 бульбіны
  • 400 г гарбуза
  • морква
  • цыбуля
  • спецыі

Усе інгрэдыенты наразаем кубікамі і тушым у патэльні 20-30 хвілін. Потым таўчэм усё з дапамогай блэндэра і разбаўляем 1-2 шклянкамі бульёна з гародніны. У суп-пюрэ можам дадаць пасмажанага соевага мяса.

Смачна есьці!


Спорт

А куды ж без развіцьця цела? У Менску пачынаецца набор у групы тайскага боксу "Muay Thai against discrimination" - час паказаць, што мы ўсе здольныя!