ADU-Share #9

Дожджык нагнятае хандру? Ну і добра – можна пад коўдру з кубкам гарачай какавы і паэксплараваць разам з нашай Наталькай, што трэба для шчасця ў паўночным горадзе, натхніцца наваколлем і выбітнымі людзьмі ды накапаць карысных ведаў ды спасылак на цэлы месяц наперад. Натхняйся!


Пачытаць

Восень ужо з намі, а лістапад яшчэ наперадзе. Як і восеньская хандра. На жаль, сонейка і морачка нам не стае, таму лістапад у Беларусі сапраўды шэры. Такі ж безкаляровы ён і ў шмат якіх іншых краінах на поўнач ад Беларусі. Аднак, на дзіва, напрыклад, датчане ўжо каторы год трымаюць першае месца па ўзроўню шчасця. У чым сакрэт можна даведцца, напрыклад, у знакамітай кнізе Майка Вікінга “Хюгге”.  Ён між іншым не проста пісьменнік, а даследчык Інстытута Шчасця ў Капенгагене. Калі вы лічыце, што мясцовыя ўсёй праўды не скажуць, то можна звярнуцца да кнігі брытанскай аўтаркі Хелен Рассэл “Год жыцця па-дацку”. Яна як раз і не магла зразумець, як у такой маленькай, цёмнай і халоднай краіне можна быць шчаслівей за ўвесь свет. Аднак пасля пераезду ў Данію з часам адкрыла для сябе гэты сакрэт.  (У гэтую пару ўвогуле добра пачытаць што-небудзь цеплае і мілае, як гэтыя кнігі)


Пашпацыраваць

Каб жыць весялей і шчаслівей, не зацягвацца ў бытавуху, на прасторах самых саўрэменных трафікаў раяць паспрабаваць быць турыстам ва ўласным горадзе. Паколькі воляй жыцця гэтую восень прыйдзецца праводзіць акурат у цёмным і халодным паўночным горадзе, то я вырашыла патэсціць гэты канцэпт. Я люблю чалавечыя кантакты, і звычайна мясціны застаюцца ў памяці менавіта ў асацыяцыях з тымі ці іншымі людзьмі. Таму сваё “турыстычнае” пажарожжа па горадзе пачала з таго, што праверыла, хто ж такі цікавы нарадзіўся ці жыў ва Ўпсале. Як не стэрэатыпна гэта гучыць – Карл Лінэй. Тут можна доўга расказваць пра яго асобу і дасягненні (пачыцайце і праўда пра гэта), але больш ўражвае маштаб піяру вакол яго і яго раслін. Кавярні Лінэя, сад Лінэя, парк Лінэя, аранжэрэя Лінэя, вуліца і музей – ўжо само сабой.  Нібыта і нічога асаблівага, але мне здаецца, гэта тое, што можна было б адаптаваць і ў Беларусі. Шмат жа маем цікавых людзей і іх чынаў. Чаму б не абыграць Шагала ці Манюшку? Такая міні-бізнэс-ідэя – дару! )

Крызіс адукацыі? Не бяда. Можна уключыць прадпрымальніцкую жылку, як зрабіў медык і рэктар Упсальскага ўніверсітэта Улоф Рудбек, што стаў прадаваць квіткі на анатамічныя секцыйныя аперацыі звычайным гараджанам. Такім чынам універсітэт зарабіў грошы і падняў рэзананс у грамадстве. Будынак захаваўся і дагэтуль і цяпер з’яўляецца універсітэтскім музеем Густавіанум. Анатамічны тэатр Тызенгаўза, што таксама шмат зрабіў для медычнай адукацыі ў Беларусі на жаль не захаваўся, а вось яго палац у Паставах – так. Чаму б не наведаць яго і заінспіравацца на новыя справы, якіх вельмі шмат рабілі гэтыя людзі.


Панатхняцца

Шпацыруючы па Ўпсале цяжка не заўважыць Упсальскі замак. Сярод іншых фактаў аб гэтым месцы мяне здзівіла, што да нядаўняга часу ён быў жылым будынкам. (Натуральна, што там жылі не простыя сяляне, аднак усё ж такі). Дык вось сваё дзяцінства там правеў Даг Хаммаршэльд – генеральны сакратар ААН. Ён патрапіў на гэтую пасаду не па ўласным жаданні. У той час свет не верыў у ААН, у мір. Ніхто не хацеў быць на чале арганізацыі, там наступіў унутраны крызіс. Таму Дага проста папрасілі (чытай паставілі) быць генсекам. Ён добра справіўся з гэтым заданнем - пераадолеў крызіс ААН, добра разруліў шмат міжнародных канфліктаў і падняў прэстыж арганізацыі ў свеце. Дагэтуль яго вывучаюць як прыклад мірнай дыпламатыі. Таму калі вам даюць якую-небуць цяжкую працу, пра якую вы ніколі не думалі і думаць не хочаце (у тым ліку і размеркаванне) – Даг можа быць слушным прыкладам як можна прынесці карысць там, дзе ты ніколі не хацеў быць. А тут можна паслухаць яго выступы і заінспіравацца. “кажуць, што ААН стварылі не для таго, каб узнесці нас на неба, а каб уратаваць нас ад пекла” (с).


Падаследваць

Акрамя страху размеркавання ў беларускіх студэнтаў ёсць заўсёды прадмет ва ўніверсітэцкім раскладзе, якога ўсе баяцца і ніхто не любіць. У маім медуніверы гэта быў прадмет Грамадскае здароўе. Там было шмат статыстыкі, лічбаў, незразумелых графікаў. Аднак, я думаю, калі б хтосьці з нас змог патрапіць на лекцыю прафесара Ханса Рослінга, то ГЗ палюбілі б усе без выключэння. Вядома ж, і ён нарадзіўся ва Ўпсале і вучыўся там. Хіба самы  знакаміты яго выступ – гэта Ханс Рослінг і пральная машына. Але я асабіста больш за ўсё люблю той, дзе ён па палічках і с гумарам раскладвае ўсе апошнія статыстычныя дадзеныя і глабальныя праблемы. На жаль прафесар памёр у лютым гэтага году, але пакінуў пасля сябе шмат добрага. Так ён заснаваў фундацыю Gapminder, што мае за мэту пераадолець неадукаванасць і стэрэатыпнае мысленне ў адносінах да сусветных праблем і фактаў. Галоўны мэседж, які яны нясуць, што ўсё нашмат лепш, чым вы думаеце. На старонцы шмат розных фактаў, баз дадзеных, дапаможных інструментаў і пралад для візуалізацыі інфармацыі, асобны раздзел для настаўнікаў, а таксама інфа пра надыходзячыя вэбінары, дзе вас навучаць карыстацца ўсялякімі гэтымі штукамі. Распрацаваную імі праграму Trendanalyzer з клёвымі бурбалкамі замест сумных графікаў нават набыў Google. Але ёй і надалей можа карыстацца кожны.


Паадкрываць адкрытыя дадзеныя

Дасяжнасць ведаў і інфармацыі, асабліва ў асяроддзі навукоўцаў, з’яўляецца вельмі актуальнай праблемай. Аб гэтым пішуць вядучыя часопісы свету і дыскутуюць у грамадстве. З’явіліся дадзеныя аб тым, што спробы паўтарыць апублікаваныя навуковыя эксперыменты толькі ў медыцыне ў даклінічных даследаваннях толькі ў ЗША каштуе US$28,000,000,000. З гэтым трэба штосьці рабіць. Канцэпцыя Open Access становіцца ўсё больш і  больш папулярнай. І дарэчы, даследаванні паказваюць, што калі ў артыкуле прыводзіцца больш падрабязнасцей пра метады, эксперыменты і рэзультаты, то гэта робіць яго толькі больш прывабным. Адпаведна індэкс цытавання памнажаецца ў некалькі разоў. Плюс якасць даследавання становіцца нашмат большай. Усё больш і больш часопісаў і саміх навукоўцаў далучаецца да гэтай ініцыятывы, а вядучыя выдавецтвы, як Springer  i Nature сфармавалі кансорцыум часопісаў з адкрытым доступам SpringerNature.

Апошняя навіна, што ўзрадавала даследчыкаў ў сферы онкалогіі, біяінфарматыкі, біёлагаў і медыкаў, гэта адкрыцце дадзеных Нацыянальнага Інстытуту рака ЗША і іх праекта Атлас Генома Рака, што цяпер дасяжны проста анлайн з усімі магчымымі папярэднімі аналізамі і фільтрамі. Больш не трэба запрошваць доступ, спампоўваць і аналізаваць самастойна – усё зрабілі за вас. Пры такой публічнай дасяжнасці дадзеных натуральна ўзнікаюць этычныя пытанні. Гэтым апроч іншых займаецца канадская даследчыца Heidi Howard. Яна з калегамі ініцыявала публічную кампанію і даследаванне Your DNA Your Say аб тым, што людзі ведаюць пра адкрыты доступ дадзеных і як ставяцца да гэтага. Тут можна паглядзець кароткі фільм-інфаграфіку пра гэта і адказаць на некалькі пытанняў. Фінскі ўрад ініцыяваў стварэнне Open Science and Research. Там сабрана шмат інфармацыі пра сэрвісы і інструменты ў дапамогу даследчыкам: слоўнікі, моўны сэрвіс, базы дадзеных публікацый, рэзультатаў даследванняў і іншыя нішцякі. Акрамя таго яны зрабілі анлайн курс па Open Science і гайд па Open Science and Research. Круты факт пра ўсё большую дасяжнасць ведаў і дадзеных не азначае, што яны нікому не належаць. Калі ласка, памятайце пра тое, што ўсё прачытанае павінна пазначацца спасылкай. У гэтым вам могуць дапамагчы спецыяльныя праграмы, якія аўтаматычна спампоўваюць усе дадзеныя па літаратурнай крыніцы і адным клікам вы можаце дадаць яе ў бібліяграфічныя дадзеныя свайго дакумента ў выбраным стылі, патрэбным вам для публікацыі ў тым ці іншым часопісе.  EndNote і Zotero хіба самыя вядомыя з такіх праграм. Для бедных студэнтаў Zotero мае галоўную перавагу – праграма бясплатная. На афіцыйных старонках прадуктаў ёсць адукацыйныя відэа і гайды, як карыстацца праграмамі. А ў нас на сайце ёсць інструкцыя для пачаткоўцаў у карыстанні Zotero. Усё для вас. Галоўнае памятайце пра павагу да працы калег!


Павучыцца анлайн

Павага павінна прысутнічаць і ў камунікацыі. А што яшчэ патрэбна для эфектыўнай камунікацыі можна даведацца, калі прайсці анлайн-курсы ад Крэатыўнай Еўропы “Камунікацыі” ці “Лічбавая Камунікацыя”. На старонцы анлайн-адукацыі Крэатыўнай Еўропы ёсць і шмат іншых курсаў, калі вы зацікавіцеся нечым апроч стратэгій камунікацыі. Лекцыі кароткія, але вельмі інфарматыўныя. Пад відэа знойдзеце шмат дадатковых спасылак і рэкамендацый, каб пракачацца па-поўнай.


Напаследак

А калі хандра ўсё ж такі падкрадваецца, то падпішыцеся на мімімішны брытанскі часопіс “The simple things”, напячыце булак з цынамонам,  каторым шведы прысвяцілі аж цэлы дзень -  4 кастрычніка, а таксама не забудзьце выйсці у людзі. Напрыклад на Шагала ці месяц фатаграфіі. Ну і ў лістападзе будзе не толькі шэра і дождж, але і кіно і фестываль “Лістапад”!