Аду-Weekend 16-17 траўня


Працягваем рубрыку ADU-Weekend на Адукацыя.Інфо. Збіраем карысныя навіны ды цікавосткі, каб табе хапіла зачытацца на ўсе выходныя. Абмяркоўваем важныя адукацыйныя тэмы, раімся ды вучымся.

Adu-Weekend_3

У чацвер Беларусь ускалыхнула навіна пра тое, што дзіркі паміж Лісабонам і Уладзівастокам больш няма, і мы цяпер таксама ў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Мы не маглі абмінуць гэтую тэму, таму на гэтых выходных разам з вамі разбіраемся, што значыць Балонскі працэс для нас і што з гэтага будзе.

У чым сэнс Балонскага працэсу?

Калі скарочана, то галоўная задума працэсу – да 2020 года стварыць агульную Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, якая б дазваляла студэнтам абііраць з шырокага і празрыстага шэрагу адукацыйных мажлівасцей высокай якасці і не мець пры гэтым праблемаў з прызнаннем дыплома ва ўсім свеце. Калі яшчэ лаканічней – “Адукацыя, свабода, мабільнасць”.

Галоўныя рысы Балонскага працэсу:

  • Зразумелая прызнаваемая сістэма акадэмічных ступеняў.
  • Двухузроўневая сістэма адукацыі (3 гады на бакалаўра, адразу можна ісці працаваць; яшчэ 2 гады на магістра).
  • Сістэма накаплення і залічэння “крэдытаў” (нешта кшталту нашых залікаў, якія б прызнаваліся ва ўсёй Еўропе, найбліжэй да сістэмы ў праграме Эразмус).
  • Мабільнасць студэнтаў, выкладчыкаў і даследчыкаў і прызнанне досведу абменаў для ўдзельнікаў.
  • “Еўрапейскае вымярэнне” вышэйшай адукацыі (асабліва праз вывучэнне і распаўсюд еўрапейскіх моваў).
  • Еўрапейская супраца ў ацэньванні якасці адукацыі.
  • Акцэнт на адукацыю цягам усяго жыцця.
  • Развіццё супрацы паміж навучальнымі ўстановамі.

Каб даведацца больш, можна пачытаць вось такі гід па-ангельску (вось вам і European dimension!).

square

MacedonianBoy, Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0

Чаго не хапала Беларусі?

У 2012 годзе Беларусь не ўзялі ў Балонскую зону, праз недахоп аўтаноміі ўніверсітэтаў, акадэмічных свабод і студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй. Ці з’явілася ўсё гэта 14 траўня 2015, калі нас такі прынялі ў працэс? Гэта пытанне да амеркавання. Напішы ў нашых суполках у сацыяльных сетках, што ты думаеш на гэты конт!

Што думае беларуская моладзь?

Пакуль ты разважаеш, што напісаць, мы вырашылі патроху збіраць меркаванні на сайце.

Вось, напрыклад, сваімі думкамі дзеліцца ў блогу наша рэдактарка Людміла, якая 10 гадоў атрымлівала вышэйшую адукацыю то тут, то там.

Або вось якія вынікі мы атрымалі, калі правялі апытанку ў Фэйсбуку і ВК – дарэчы, яшчэ можна прагаласаваць, будзем радыя твайму меркаванню.

Што можна зрабіць самім?

Замест таго, каб шукаць недахопы ў беларускай адукацыі (ды і Балонскі працэс, пагаворваюць, таксама неідэальны!), мы раім табе пачынаць з сябе. Можна акурат з гэтых выходных!

 

  • Мабільнічай!

Знаходзь мажлівасці на нашым сайце, удзельнічай у студэнцкіх ды моладзевых абменах, канфэрэнцыях, летніках, валанцёрскіх праектах – накоплівай міжнародны досвед, які дакладна спратрэбіцца, будзем мы ў Балоньі ці не.

 

  • Вучы мовы!

Не проста на залік або для іспыту. Не толькі дзеля еўрапейскага ці яшчэ якога вымярэння. Найперш – для самаразвіцця і магчымасці камунікаваць з яшчэ большай колькасцю людзей і мець рознабаковы погляд на жыццё. Практычныя парады шукай ў мінулым выпуску Аду-Weekend’у

 

  • Будзь актыўным студэнтам!

Напрыклад, паваланцёр у студэнцкім братэрстве або атрымай падтрымку сваёй студэнцкай ініцыятывы. Хадзіць на пары яшчэ не азначае быць студэнтам. Адчуй сябе часткай адной з самых крутых і энергічных сацыяльных груп.

 

  • Дзяліся досведам!

З’ездзіла на крутую стажыроўку? Прайшоў цікавы анлайн-курс? Не сквапнічай, дзяліся досведам з тымі, у каго ячшэ ўсё наперадзе. Чым больш адукаваных і прагрэсіўных беларусаў будзе ў свеце, тым лепшым ён стане! Глядзі, як у нас працуюць раздзелы з гісторыямі выпускнікоў, экспертаў ды блог. Накапіліся веды? Хутчэй далучайся! Пішы ліст на adukacyja@gmail.com або запаўняй анкету валанцёра.