Аду-Weekend 9-10 траўня


Працягваем новую рубрыку на Адукацыя.Інфо – ADU-Weekend. Збіраем карысныя навіны ды цікавосткі, каб табе хапіла зачытацца на ўсе выходныя. Абмяркоўваем важныя адукацыйныя тэмы, раімся ды вучымся.

Adu-Weekend_2

Можна не чытаць усіх абвесткак на нашым сайце, і зразумець, што веданне хоць адной замежнай мовы пашырае кола магчымасцей (ды і абшары свядомасці)  у разы.

На гэтых выходных мы вырашылі падзяліцца каштоўным досведам і парадамі наконт таго, як найлепш вывучаць мовы, дзе, з кім і навошта гэта рабіць.

1. З чаго пачаць?

Найперш, у нас ёсць цэлы раздзел на гэтую тэму, карыстайся! Ну і калі ў цябе ёсць свае здабыткі-парады па тэме, то хутчэй пішы нам!

Па-другое, калі ты яшчэ змагаешся з моўнымі бар’ерамі ці не верыш у свае здольнасці, чытай як Марыя Кірава аспрэчвае асноўныя міфы пра вывучэнне моў у нашым блогу.

2. Як вучыць?

Тут, вядома, на твой густ, склад розуму-характару ды мэты, якія ставіш перад сабой.

Ёсць некалькі ўніверсальных парад для любой мовы, калі твая першасная мэта – навучыцца размаўляць.

Або, напрыклад, кітайская мова. Пагаворваюць, за ёй шмат перспектыў. Можна паспрабаваць розныя візуальныя спосабы, як у гэтай TED-прамове:

Або пачытаць, як яе на практыцы ў Кітаі вывучала наша Ганна Гурына, і вырашыць – што табе пасавала б больш.

Для тых, у каго няма праблем з самадысцыплінай і ёсць жаданне вывучаць мовы на базавым узроўні, існуе безліч бескаштоўных анлайн-платформ.

Мая ўлюбёная – савяня з Duolingo. Прынцып платформы ў тым, што, ведаючы адну мову, вы можаце вывучаць другую – праз лёгкія інтэрактыўныя заданні, разбітыя па тэмах і ўзроўнях. Напрыклад, ведаючы рускую мову, зараз на сайце можна вывучаць ангельскую і нямецкую, з ведамі ангельскай – гішпанскую, французскую, нямецкую, італьянскую, партугальску, галандскую, ірландскую, дацкую, шведскую і турэцкую. Спіс моўных пар пастаянна пашыраецца, па меры таго, як валанцёры ствараюць заданні на сваіх мовах. Я дарэчы, ужо падала заяўку на стварэнне заданняў па вывучэнні беларускай мовы, так што спадзяюся, хутка беларускую можна будзе вывучыць з савянём.

duolingo

З іншых сайтаў для вывучэння моў можна яшчэ вылучыць Бусуу для розных моў і ЛінгваЛео для ангельскай.

Для больш прасунутых знаўцаў моў, якія хочуць прапампаваць свае веды або падтрыхтавацца да моўных тэстаў магу параіць больш комплексныя анлайн-курсы, якія, да прыкладу, можна адшукаць на платформе FutureLearn або на іншых, якія мы паціху апісваем у раздзеле “Анлайн-курсы” на сайце.

Яшчэ адзін з дзейсных спосабаў вывучэння моў, якія дазваляе акунуцца ў моўны асяродак – летнія школы.

У нас перыядычна з’яўляюцца абвесткі пра такія мажлівасці, зараз яшчэ актуальныя заяўкі на Школу славістыкі (чэская мова) і Летні ўнвіверсітэт у Тарту (эстонская мова). Плюс летнія школы розных накірункаў, дзе мову можна вывучыць дадаткова да асноўнай праграмы.

Адзін з маіх любімых спосабаў вывучэння моў – валанцёрства. Напрыклад, суперпапулярная магчымасць – Еўракэмп у Нямеччыне, або актуальная вакансія для валанцёраў ў Гдыні.

CEE_Spring_Logo_CEE

Яшчэ адзін з геніяльна простых і бескаштоўных спосабаў вывучэння моў – гэта Вікіпедыя. Па-першае, гэта адзін з самых даставерных перакладчыкаў розных рэалій. Калі я не магу ўзгадаць ці не ведаю, як нешта называецца па-ангельску, самы верны спосаб – перайсці па спасылцы на ангельскае апісанне з беларускага ў Вікіпэдыі. Да таго ж да канца траўня дзейнічае конкурс “Вікі-вясна”, для ўдзелу ў якім трэба паперакладаць-дарабіць артыкулы пра цікавосткі і выбітных асобаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ды яшчэ і артымаць прыз за гэта. Так што можна сумясціць карыснае з цікавым. Увогуле, перакладаць артыкулы з Вікіпедыі можна ў любы час і любому чалавеку, які ведае мовы арыгіналу і перакладу.

Ну і на развітанне. Вельмі прыемна і дзейсна вучыць мовы па фільмах у арыгінале. Так што, калі ты ў Мінску, не праспі Фестываль сучаснага еўрапейскага кіно з панядзелка. І добрых выходных!

z25gkh_w631h1200

Чакаем вашых уражанняў ад новай рубрыкі і каментароў на тэму вывучэння розных моваў у нашых суполках у сацыяльных сетках.

Папярэдні выпуск Аду-Weekend’а пра тое, як шукаць і выбіраць працу, можна пачытаць тут.