АДУфэст
- 30.03.2015
- Беларусь
- Час чытання: 5 хвілін
У 2013 годзе каманда сайта Аdukacyja.info прыдумала новы фармат нефармальнага навучання і з таго часу штолета праводзіць адукацыйны фестываль для дарослай моладзі АДУфэст.
Мерапрыемства мае мотта “Навучаючы вучымся” і збірае паспяховых беларускіх выпускнікоў з усяго свету, якія атрымалі выдатную адукацыю і замежны досвед, з’яўляюцца перспектыўнымі спецыялістамі ў сваіх прафесіях, а таксама маюць жаданне і сілы, каб паляпшаць грамадства і жыццё ў Беларусі.
Праз інтэрактыўныя майстар-класы, якія прапаноўваюць выпускнікі падчас АДУфэста, удзельнікі спасцігаюць новыя сферы, паглыбляюць свае веды ў розных галінах і набываюць навыкі працы з людзьмі.
АДУфэст – гэта не толькі пашырэнне прафесійных кантактаў, але і выдатная магчымасць для пошуку аднадумцаў.
Усе ўдзельнікі вельмі розныя і прадстаўляюць шматлікія сферы, але ўсіх нас яднаюць агульныя мэты і візія развіцця нашага грамадства. Каштоўнасці, якія мы падзяляем, – гэта роўныя шанцы і правы, пачуццё ўласнай годнасці, доступ да якаснай адукацыі без блата і карупцыі, беларуская мова і культура.
Адукацыя – стыль жыцця!
Здымкі з АДУфэста 1.0 (жнівень 2013г.) можна знайсці на старонцы.
Удзельнікі АДУфэста 2.0 здабылі свой інтэркультурны і адукацыйны досвед у Англіі, В’етнаме, Венесуэле, Грузіі, ЗША, Італіі, Канадзе, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расіі, Румыніі, Тайвані, Швейцарыі, Чэхіі і падзяліліся ім наўзаем праз аўтарскія воркшопы. Падрабязную інфармацыю пра ўдзельнікаў і майстар-класы 2014г. можна знайсці ў буклеце АДУфэст 2.0.
АДУфэст 3.0 адбыўся 27-30 жніўня 2015 года ў польскім Аўгустове, і ўпершыню меў міжнародны беларуска-польска-нямецкі фармат. Здымкі можна паглядзець тут. Таксама гартайце старонкі буклета з усімі майстар-класамі ды ідэямі:
Ангельская версія буклета тут.
АДУфэст 4.0 адбыўся 25-27 сакавіка 2016 года ў Літве. Здымкі можна паглядзець тут.