Adukacyja.Info на TED-саміце ў Канадзе
- 02.08.2016
- Блог
Як каманда Адукацыя.Інфо ў асобе Ганкі Барадзіной апынулася на TEDSummit у Канадзе і чаму там можна было навучыцца.
Перадгісторыя
Глядзець TED talks я пачала недзе ў 2009-ым, здаецца, даведаўшыся пра ідэю ад аднаго неверагоднага вар’яцкага сябры-галандца. У 2012-м, натхнёная і падбухтораная трэнінгам ByHub у Гародні, я напісала ў TED з запытам – хачу, маўляў, ствараць субтытры для прамоваў па-беларуску, не знайшла такіх на сайце. Пакрысе ў 2013-м з’явіліся першыя беларускія пераклады (мы разам з гарадзенкай у Alena Zhaliazniak сталі “моўнымі каардынатаркамі”), потым правялі TEDxYouth@Hrodna, і панеслася…
Мова да Канады давядзе
Што было далей, можна прасачыць у нашай суполцы ці распытаць у мяне пры нагодзе. Тут я хачу распавесці, як я летась патрапіла на TEDSummit у Канаду, і што з гэтага выйшла.
Як патрапіла? Атрымала запрашэнне ад каманды TED-перакладчыкаў і глабальнага TED. Нечакана. За ўнёсак у распаўсюд вартых таго ідэяў на нашай мове і ў нашай супольнасці. Так здараецца з перакладчыкамі і моўнымі каардынатарамі (Alena так пабывала на TEDWomen у Сан-Францыска ў 2013м, я – на TEDGlobal у Жэневе ў снежні 2015га). Каб вы разумелі, мы перакладаем як валанцёры, не ведаючы, што такое можа здарыцца. У нас няма спаборніцтва “хто больш перакладзе, той у Канаду пападзе”. Калі ж пасля трэцяга пацірання акругленых вачэй уцямліваеш, што гэта праўда і ты едзеш, сэрца і розум адкрываецца да новых уражанняў і гарызонтаў.
Ідэя, арганізацыя, супольнасць TEDSummit – гэта новы фармат для арганізатараў. 10-годдзе свабоднага доступу да TED-прамоваў натхніла Крыса Андэрсана і ягоную каманду на канцэпт сяброўскіх вакацый (на 1000 чалавек, 7 дзён, у прыгожым канадскім Банффе), дзе сабраліся б розныя людзі, якім неабыкава да пазітыўных зменаў ды ідэяў, вартых распаўсюду, так званае TED Community: каманда TED, былыя і новыя спікеры, TEDx-арганізатары, перакладчыкі, TEDFellows, адукатары, трывалыя TEDaddicts сабраліся ў адным месцы і зрабілі вакацыі незабыўнымі.
Bektour Iskender – TEDFellow – яшчэ адна крутая мажлівасць патрапіць на глабальную падзею, падзяліцца сваёй ідэяй ці досведам з цэлым светам і ўліцца ў круцейшую сям’ю. Дарэчы, можна было падавацца да 30 ліпеня, беларусаў сярод Fellows яшчэ не было!
Арганізацыя ўражвала. Майстар-класы для кожнай з супольнасцяў, больш за 100 варкшопаў, пешыя, роварныя, бегавыя і экскурсійныя вандроўкі, сесіі са спікерамі, вечарыны з канцэртамі, каўбойскімі танцамі і душэўнымі размовамі, перапынкі і вячэры, дзе можна пастаяць у чарзе і пабалакаць з Бруна Джысані, за сталом пасядзець з двума спікерамі, прэс-камандай TED і адукатарам з Кеніі, а каву папіваць з навукоўцамі з МІТ, перакладчыкам на урду і TEDFellow, які ратуе афрыканскую рэчку. + 100 сяброў у фэйсбуку, + 30 сапраўдных канэктаў, + 200 да натхнення, +500 да мульцікультуральнасці і ведаў пра свет і людзей. Ніякіх рамак і вобшукаў на ўваходзе, ніякіх адмысловых столікаў і пакояў для куратараў і спікераў, усе на шырокай прасторы канадскіх гор, адкрытыя да ўсіх і ўсяго новага.
Перакладчыкі
Напэўна, самая мульцікультурная і шматмоўная група з усіх іншых TED-супольнасцяў. Акрамя таго, што гэтыя людзі могуць гадзінамі сядзець за кампом і за ідэю карпець над перакладамі TED-прамоваў, каб яны сталі больш даступнымі для іхняга моўнага асяроддзя, кожны з перакладчыкаў – цэлы космас! Нехта перакладае кнігі, нехта педагог ад бога, нехта неверагодна танчыць, нехта бегае, што горная лань, нехта выхоўвае 4 дзетак, нехта таксама Вікіпедыст і арганізоўвае TEDx. Праграмісты, дызайнеры, дыпламаты, актывісты, беспрацоўныя, піяршчыкі, творцы, журналісты, і мама дарагая, каго толькі сярод іх няма. Наведванне майстар-класаў падчас глабальных і рэгіянальных TED-падзей – гэта заўжды магчымасць пазнаёміцца з гэтымі глыбамі ў рэале, бо па фотках, мэйлах і фэйсбуку ўсе ўжо і так бы родныя. Што мы вырашылі рабіць пасля гэтай падзеі – дык бачыцца часцей, сустракацца хаця б з адным LC (моўным каардынатарам) на год. Я ўжо зганяла да Yulia Kallistratova (RU), спадзяюся хутка пабачыцца з Hanna Leliv (UA), Kristaps Kadiķis (LV), Asqat Yerkimbay (KZ), Eric Vautier (FR) – і хто ведае, можа з некім яшчэ. Яшчэ нашая клёвая каманда TEDTranslators (Kristin, Ivana, Dimitra) прыдумалі мегадзвіж, сабраўшы цікавыя выразы на нашых мовах, папрасіўшы класнага Masahito Leo Takeuchi зрабіць клёвыя ілюстрацыі, надрукаваўшы налепкі і выправіўшы ў свет іх раздаваць і тлумачыць. У мяне цяпер цэлы набор з 50 налепак з розных моваў, будзем гуляцца на Tandem Evenings in Hrodna. Зацаніце тут. Мой вам пасыл: калі вы яшчэ ні разу не перакладалі TED-прамоваў (або TEDx-прамоваў, або TED-Ed урокаў), паспрабуйце! На любую мову, ці хаця б затранскрыбуйце нешта па-руску ці беларуску з TEDxNiamiha. Гэта не складана, натхняльна, цікава і далучае вас да неверагоднай валанцёрскай суполкі. Змяняе досвед, светапогляды, жыцці – праверана.
Ідэі, прамовы і прамоўцы
Поўную праграму ўсіх сесій можна паглядзець тут. Прамовы з падзеі цяпер будуць паціху апрацоўваць і выкладаць на сайце TED (дарэчы, першая прамова з саміта ўжо ёсць). Самыя няўрымслівыя з вас могуць пакуль пачытаць зацемкі з сесій і асобных выступаў па спасылцы. Я ж падзялюся сваімі думкамі, уражаннямі ды ідэямі, перакладзенымі на беларускую і ганкабарадзінскую, бо, вядома, усё суб’ектыўна ?
У вялікім TED вядучыя сесій – звычайна тыя, хто іх курыруе (то бок адбірае тэмы, падбірае і рыхтуе прамоўцаў). Прадстаўленні спікераў – звычайна вельмі кароценькія і да тэмы (або, як любіць рабіць абаяльны Бруна Джысані – хутчэй распавядаць пра тое, як ён сустрэў ці адшукаў пэўнага выступоўцу, вельмі душэўна атрымліваецца). Паміж прамовамі, перад або пасля сесіі звычайна паказваюць нейкія цікавыя відэаролікі ці нават фільмы (кароценькія). У гэты раз яны абралі клёвыя TEDx-трэйлеры з усяго свету (паглядзіце First Taste і пра таксістаў, гэта мае фаварыты). Таксама практычна ў кожнай сесіі бывае нейкі арт-выступоўца (тут былі музыкі, дзіджэі, піяністка, паэты, гумарыст і нават ілюзіяніст з кубікамі Рубіка). І яшчэ, TED-прамоўцы – таксама жывыя людзі, яны збіваюцца, забываюцца на словы, перарываюцца папіць вады і слайды ў іх заядаюць. Карацей, я да таго, што TED-канферэнцыі – гэта больш за тыя апрацаваныя прамовы, якія мы бачым у выніку на сайце. Таму раю ўсім, хто цікавіцца, і асабліва арганізатарам TEDx-падзей (Artur, поспехаў вам у Магілёве!) калі не ў рэале, то хаця б раз паглядзець TED-канфэрэнцыю live. Гэта можна зрабіць за грошы, а можна і праз ліцэнзію на TEDxLive падзею (нават для невялікай колькасці людзей). Мы так у Гародні глядзелі ў мінулым годзе TEDWomen з Ирина, летась хочам зноў. Ну і яшчэ адзін стымул для перакладчыкаў – вельмі часта нам даюць спасылку на бескаштоўны лайв-прагляд.
Нататкі з выступаў прамоўцаў
- Brexit: Мы прыехалі і даведаліся. Шмат было размоваў пра гэта, і Крыс з Бруна вырашылі папрасіць двух спікераў падрыхтавацца за 36 гадзін да прамоваў на гэтую тэму і дадаць іх у сесіі. Атрымалася кранальна, удумліва, з надрывам. Дарэчы, прамова Аляксандра Бэттсаўжо на TED, хто там казала, што натхнілася на пераклады, налятай ? Maryna, Tanya. Думка: трэба часцей бываць у Беларусі, не той, што ў Менску і нават Горадні
- Валанцёрства і альтруізм: Паводле Abigail Marsh і яе даследванняў, у сапраўдных вялікіх альтруістаў мозг трошкі па-іншаму складзены (павялічана міндалевіднае цела), і яшчэ яны не ставяць сябе ў цэнтр сусвету, а хутчэй бачаць сябе “такімі, як усе”. Была яшчэ думка, што чым багацей грамадства, тым больш развітае валанцёрства. Хм.
- Хваробы і іх успрыняцце: Некалькі выступоўцаў распавядалі пра тое, як хваробы, якія іх напаткалі, змянілі іх жыццё. Isaac Lidsky, аслепнуўшы, празрэў. Josh Tetrick даведаўшыся пра хваробу сэрца, стаў інаватарам у здаровай ежы. І, бадай, самая кранальная прамоўца Jen Brea распавяла сваю гісторыю пра сіндром хранічнай стомы, які знянацку яе адолеў і цалкам перамяніў яе свет. На гэты раз не да лепшага. Але яна змагаецца, за сябе і за іншых людзей з гэтай жа недаследаванай хваробай, якія амаль не выходзяць з дому. Думка: Яшчэ раз упэўнілася, што хваробы – гэта не адназначны негатыў. Многія з іх падштурхоўваюць нас да важных думак, зменаў, дзей. Беражыце сябе і блізкіх.
- Будучыня і штучны інтэлект: у Juan Enriquez была неверагодная візуальная прэзентацыя. Здаецца, я ўжо бачыла будучыню. Разважалі пра этыку пераўтварэнняў чалавечага цела (Yulia, спадзяюся гэтая прамова хутка выйдзе і працягнем дыскусіі пра Superhuman). Нагняталі страхі вакол штучнага інтэлекту (Sam Harris, Kevin Kelly).
- Вайна: Laura Boushnak распавяла гісторыю Мухамеда, маладога ўцекача з Лівана, які ў дзяцінстве трапіў пад касетную бомбу. Касетныя бомбы гэта страшна і безсэнсоўна, але іх працягваюць спакойна рабіць і ўжываць у баях. Marwa Al-Sabouni ў запісанай з Сірыі відэа-прамове (новы фармат TEDTalks, чулі?) распавяла, як архітэктура горада можа паўплываць на абстаноўку і паспрыяць вайне. А Julia Bacha нагадала пра жанчын, якія негвалтоўнымі метадамі барацьбы змагаліся ў ізраільска-палесцінскіх канфліктах. На яе думку, поспех негвалтоўнага змагання і развязання войнаў напрасткі залежыць ад ролі жанчыны ў публічным жыцці грамадства.
- Каханне: Шкада, што харызматычную Esther Perel выклікалі толькі на дыскусію пасля прамовы другой выбітнай TED-эксперткі Helen Fisher. Але зноў жа – цікавы фармат ад куратараў, TED-прамовы перастаюць быць толькі відэа з адным выступоўцам, а пачынаюць пераходзіць у абмеркаванні ды шчырыя размовы.
- Прырода: Адна з самых кранальных для мяне асабіста тэмаў. Спачатку Emma Marris паразважала над тое, што мы зараз разумеем пад “прыродай”, і гэта хіба ўжо не стары канцэпт “некранутага” (адзін парк у Банффе, які выглядае некранутым, патрабуе шмат працы і крананняў, каб так выглядаць). У закінутых-запушчаных гарадах вырастаюць “novel ecosystems” з сотнямі відаў. Кожны з нас жыве ля прыроды, і дзеці павінны быць на прыродзе – такой, дзе ўсё пожна пакранаць-панюхаць, бо “некранутае – значыць не каханае”. А потым была канадка Suzanne Simard, якая здзівіла і ачаравала ўсіх тым, што высветліла: дрэвы размаўляюць пад зямлёй і дзеляцца адно з адным карыснымі рэчывамі. Прыгожае і карыснае назіранне. Чакаю відэа гэтай прамовы.
- Гісторыя: Два цікавыя прамоўцы.Sarah Parcak, якая выйграла TED Prize і будзе весці археалагічныя даследванні з дапамогай спрадарожнікаў і рабіць іх адкрытымі для свету. Яе распірала, яна свяцілася, даўно не бачыла такіх апантаных людзей. Канадзец Jonathan Tepperman, шукаў адказаў на выклікі гісторыі ў розных краінах і цікава распавёў пра Канаду.
- Blockchain: Каманда TED, здаецца, адчула подых будучыні за гэтай няпростай для разумення схемай. Каб патлумачыць, што да чаго, запрасілі ажно тры спікеры, якія з розных бакоў патлумачылі тэму: Don Tapscott, Bettina Warburg і Rachel Botsman, простая ідэя якой пра тое, што нам трэба вучыцца “размеркаванаму даверу” мне спадабалася найбольш. Прыклады былі пра airbnb, blablacar i uber. Я б дадала туды яшчэ couchsurfing ? Цікава, Mikhail, што ты ведаеш, разумееш і мяркуеш наконт блокчэйну?
- Энергетыка: Тут было і пра новую атамную энергетыку ад Joseph Lassiter, і пра тое, што шмат які негатыў датычна атамнай энергетыкі – чыста эмацыйная афарбоўка ад людзей, абвяргаемая фактамі (хм, для нас усё ж цяжкое пытанне…) ад Michael Shellenberger. І расповяд пра энергетычныя дасягненні і суперпланы маленькай чароўнай Коста-Рыкі, у якой зусім няма арміі, ад Monica Araya.
- Інтэрнэт Ione Wells
- Адукацыя Вядома, гэта не ўсе прамовы і не ўсе тэмы. Былі яшчэ зацемкі пра інтэрнэт (мабільны – у афрыцы, бяспечны – для журналістаў і актывістаў, дапаможны для ахвяраў гвалту), трошкі пра адукацыю (найперш пра бясплатныя анлайн-курсы для ўцекачоў). Можа, яшчэ будзе час і натхненне напісаць пра гэта пазней або лепей – перакласці выкладзеныя прамовы на беларускую (прапусціць тэмы яшчэ раз праз сябе і глыбей зразумець). Сёння напісала пра тое, што найбольш запала ў душу і выклікала роздум. Набярыцеся цярпення і лавіце відэа прамоваў на сайце TED. І перакладзем іх, га?
-
Велізарная краіна (ляцелі над ёй гадзіны дзве, каб дабрацца да Калгары, і ўсё збольшага было замерзлымі азёрамі, рэкамі, кавалкамі зеляніны без асаблівых прыкметаў жывых людзей).
-
Геаметрычна разлінееныя межы штатаў і дарогі. Калі бачыш на мапе, не верыцца, што так насамрэч недзе бывае.
-
Горы і прастора. Натуральная прыгажосць. (Аднак, як заўважыла адна з прамоўцаў, у супрацоўнікаў Нацыянальнага парку ў Банффе нямала часу і сіл сыходзіць, каб усё выглядала так натуральна і некранута).
-
Прырода і наваколле: усё як бы падобнае (акрамя гор, вядома), але нейкае трохі іншае, бы вывернутае.
-
Мульцікульці. У Канадзе насамрэч цяжка адказаць на пытанне “Хто тут мясцовы?” Напрыклад, адная нашая экскурсаводка была францужанкай, якая пераехала 10 гадоў таму, другая – полькай, якая ў Канадзе 3 гады. Абедзьве ўпэўнена казалі, што яны мясцовыя. Кажуць, канадцы ганарацца сваёй мульцікультурнасцю яшчэ больш за хакей. Але для мяне засталося не да канца ясным пытанне пра мясцовых індзейцаў (тут яны называюцца First Nation), ці яны не мясцовыя? На сцэне і сярод перакладчыкаў на саміце іх не было, а вось у тэхнічнай мясцовай камандзе былі.
-
Жывёл тут любяць. І баяцца. Ёсць сметніцы, дзе трэба націснуць кнопку, каб яе адчыніць (перасцярога ад мядзведзей) і спрэй ад мядзведзяў. Заўважыўшы ваўка, раяць паводзіць сябе агрэсіўна.
-
Надвор’е. Кажуць, калі вам не падабаецца надвор’е, пачакайце 5 хвілін – і яно зменіцца (Varvara кажа, што ў Ісландыі варыяцыя ёсць варыяцыя “пачакайце 5 хвілін і яно стане яшчэ горш :)”
-
Вядома, уражанняў засталося яшчэ шмат. А ўздым, на якім я калбасілася гэты тыдзень, словамі не перадасі. Можа пазней яшчэ што напішу. Або распавяду пры сустрэчы. Да хуткага! Усім мір, TED, шчасцейка-здаровейка!