Adukacyja.info – праект жыцця і каманда мары

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Людмiла Асiпенка дзявяты год займаецца сайтам Adukacyja.info. Яе намаганнямi старонка з навiнамi ператварылася ў першы адукацыйны рэсурс Беларусi з асветніцкімі мерапрыемствамi па ўсёй краiне i платформай выпускнікоў АдуФэст. Пра планы, важнасць каманднай працы i як сябе арганiзаваць, каб усё паспяваць, – у інтэрв’ю.

Lu

Як ты пачала займацца сайтам Adukacyja.info?

Яшчэ падчас вучобы ў БДПУ імя Максіма Танка я ўдзельнічала ў стварэнні незалежнай студэнцкай газеты “Танкісты”, што фактычна сталася прычынай майго адлічэння з універа і вымушанага пераезду ў Варшаву, дзе я вырашыла працягнуць сваю адукацыю. У Польшчы я на ўласным досведзе пераканалася ў перавагах еўрапейскай адукацыі. Там жа сустрэлася з Кацяй Барушкай, якая каардынавала Adukacyja.info і прапанавала мне далучыцца. Праца на сайце была ідэальным заняткам для мяне, паколькі давала магчымасць падтрымліваць кантакт з беларускімі студэнтамі з усяго свету і адначасова дапамагаць тым, хто жадаў больш, чым давала акадэмічная беларуская адукацыя.

Як складалася каманда?

Праз некалькі год Каця вырашыла мне цалкам перадаць каардынацыю сайта і на развітанне прапанавала выдатную ідэю: закінуць абвестку на набор валанцёраў, што вызначыла далейшы лёс старонкі! Так мы пачалі ствараць адукацыйны рэсурс з людзьмі, якія знаходзіліся ў розных краінах і гарадах, не ведалі адно аднаго, але якіх аб’ядноўвала супольная ідэя адукацыі як стылю жыцця, прага да ведаў, самаразвіцця ды самаўдасканалення.

Што гэты праект значыць для цябе i што ты ўкладаеш у словы “Adukacyja.info“?

Калі падумаць, што я займаюся сайтам ужо дзявяты год, то гэта добрая частка жыцця. Таму можна сказаць, што гэта праект майго жыцця і, натуральна, стыль жыцця.

Я пераняла сайт, калі ім займаліся два чалавекі, навіны публікаваліся некалькі разоў на тыдзень, было няшмат гісторый ад паспяховых выпускнікоў. Сёння гэта адукацыйны рэсурс са штодзённым апдэйтам, які вельмі дынамічна развіваецца, гуртуе вакол сябе маладых беларусаў з замежным акадэмічным досведам і можа пахваліцца вельмі добрай наведвальнасцю, дзякуючы ў першую чаргу апантаным валанцёрам, якія яго ствараюць.

Для мяне Adukacyja.info – гэта перадусім нашая каманда, гэта неабыякавыя, разумныя, адказныя людзі, якія жадаюць жыць у культурным свабодным грамадстве і разумеюць, што гэтае грамадства ніхто за іх не пабудуе. Таму яны самі змяняюць сваё асяроддзе праз пашырэнне ідэй і каштоўнасцяў нашага кам’юніці.

my

Натуральна, мы не можам ахапіць усіх, але робім гэта кропкава, бы тыя пажарнікі, – наколькі нас хапае. Затое адразу бачым вынік, калі чытач піша нам захоплена-ўдзячны мэйл, што яго жыццё неверагодна змянілася пасля таго, як ён выпадкова ўбачыў абвестку на нашым сайце і атрымаў прэстыжную стыпендыю ў Брытаніі.

Якiя галоўныя каштоўнасці нясе Adukacyja.info?

Каштоўнасці сайта транслююць яго стваральнікі самым простым шляхам – у штодзённасці праз уласны прыклад. Гэта людзі з пачуццём уласнай годнасці, якія атрымалі добрыя веды і жадаюць палепшыць узровень адукаванасці і адкрытасці маладога пакалення ў Беларусі, якія выступаюць за якасную адукацыю без блата і карупцыі, за роўныя магчымасці і доступ да адукацыі, незалежна ад фінансавых магчымасцяў.

Якiя адметныя рысы ты можаш падкрэслiць у самых яркіх чальцоў каманды Adukacyja.info?

На сённяшні дзень у нас каля 30 валанцёраў, якія рэгулярна займаюцца абнаўленнем кантэнта сайта і арганізацыяй адукацыйных мерапрыемстваў.

Самыя актыўныя ўдзельнікі ўжо скончылі адукацыю ў Беларусі ці за мяжой і вельмі паспяхова працуюць кожны ў сваёй галіне. Таксама ахвотна далучаюцца да нашай дзейнасці студэнты. Гэта людзі неабыякавыя, прынцыповыя, мэтанакіраваныя, вельмі добра зарганізаваныя, начытаныя, эрудаваныя, крэатыўныя і – што адметнае – з неверагоднай энергіяй і імпэтам! Гэта каманда мары, з якой можна ўсё!

Нашая актывістка Ганка кажа: «А ведаеце чаму наш сайт існуе і развіваецца ўжо больш 10 год толькі за кошт валанцёрскай працы? – Калі ты а палове на другую начы атрымліваеш ад рэдактаркі мэйл а-ля «Сябры, паднаціснем! Перакладзікі чакаюць!», то мы і паднаціснем, таму што гэта шчыра і мы ведаем, што кожны ўкладваецца ў працу па-максімуму

kamanda 2014

Канечне, неверагодна прыемна ведаць, што ты можаш кагосьці настолькі зматываваць і натхніць, аднак, разумею, што без каманднай працы нічога не атрымалася б. Я вельмі добра засвоіла, што ў адзіночку паспяховай стаць немагчыма. І гэта тычыцца не толькі сайта Adukacyja.info. У жыцці сустракаюцца людзі, якія маюць уплыў на тваё развіццё, светаўспрыманне і станаўленне, што ў рэшце рэшт прыводзіць да тых ці іншых рашэнняў. Таму не варта забывацца на гэта. Мне вельмі пашчасціла, што сабралася такая каманда неабыякавых развітых людзей, з якімі можна вучыцца наўзаем, расці як асоба і адначасова ствараць сайт, які раскрывае магчымасці, паказвае шлях і ў выніку змяняе да лепшага жыццё беларускай моладзі ад Маларыты да Добруша і Пастаў.

Ты вельмі захоплена распавядаеш пра каманду і працу над сайтам. Чаму ты вырашыла аддаць паўнамоцтвы галоўнага рэдактара?

Зараз я перадаю каардынацыю сайта вельмі класным людзям і перакананая ў тым, што з іх неверагоднай энергіяй, талентам і працавітасцю сайт будзе развівацца і квітнець, а яго каманда папаўняцца новымі апантанымі ўдзельнікамі! Спадзяюся, у мяне такім чынам з’явіцца больш часу, каб сканцэнтравацца на АДУфэсце і развіцці сеткі беларускіх выпускнікоў.

Часта ў Беларусі можна назіраць сітуацыю, калі выдатныя праекты развальваюцца з тае прычыны, што людзі чагосьці не падзялілі ці пасварыліся між сабой. Мяне вельмі цешыць, што ў камандзе выраслі свае лідары, якія могуць пераняць абавязкі, а я – магу перадаць справу паслядоўнікам. І я неверагодна шчаслівая, што мы застаемся сябрамі, ахвотна дапамагаем і падтрымліваем адно аднаго наўзаем. Я лічу, што разам з камандай мы стварылі выдатны адукацыйны сайт, аднак, трэба ісці далей. Я даўно не жыву ў Беларусі і думаю, што каб сайт сапраўды інтэнсіўна развіваўся і надалей, варта мець жывую сувязь з беларускай моладдзю на месцы. Тым не менш, я застаюся часткай каманды, якая заўжды можа разлічваць на мяне.

Якiя перспектывы ты бачыш для Adukacyja.info?  

Толькі ў апошнія тры гады ў нас паўсталі такія самадастковыя праекты, як АДУфэст, Веды-Паці і АДУэкспедыцыя.

Я належу да некалькіх сетак выпускнікоў, паколькі вучылася ў Варшаўскім Універсітэце і ў Freie Universität Berlin, а таксама скончыла некалькіх прафесійных праграм у Нямеччыне. На асабістым прыкладзе я бачу вялікія перавагі такіх  алюмні-клубаў, што тычыцца пашырэння кантактаў, прафесійнага росту і абмену досведам. Менавіта таму ў 2013 годзе  я заснавала АДУфэст для беларускіх выпускнікоў айчынных і замежных універсітэтаў, якія жадаюць падзяліцца сваім досведам і навучыцца новаму ад іншых людзей. Платформа дае магчымасць самарэалізацыі і пошуку аднадумцаў, у чым я бачу вельмі вялікі патэнцыял.

ADUfest

Апроч гэтага ёсць ідэя стварыць беларускую адукацыйную платформу, кшталту тых, што ўжо існуюць у расейскамоўнай прасторы, дзе б нашыя ўдзельнікі маглі рэгулярна дзяліцца досведам, не чакаючы наступнага АДУфэста, і прапаноўваць жадаючым анлайн-семінары на разнастайныя тэмы.

У мяне вельмі вялікія надзеі на АДУфэст і яго ўдзельнікаў, таму нашая каманда з задавальненнем штогод прысвячае немалую долю свайго часу на яго падрыхтоўку і арганізацыю. Мы верым у тое, што такая суполка можа аб’яднаць патрэбных людзей, якія ў будучым адыграюць важную ролю ў развіцці беларускага грамадства.

Я ведаю, што ты вельмі актыўны і мэтанакіраваны чалавек. Для прыкладу, у цябе два дыплома замежных ВНУ, незлічоная колькасць арганізаваных праектаў, напісаная кніга. І паколькі ты паспела зрабіць столькі ўсяго, цікава даведацца, як ты плануеш свой час? Ці ёсць у цябе пэўная сістэма планавання?

Спецыяльнай сістэмы планавання няма: трэба проста рабіць у час, што запланавала і паабяцала (сабе, калегам, аднадумцам). Самадысцыпліна вельмі важная. Калі працы шмат, варта расстаўляць прыярытэты і пачынаць з самых істотных і пільных задач. Я шмат праводжу часу ў дарозе, таму стараюся выкарыстоўваць па максімуму чаканне у чэргах, цягніках, аэрапортах, – гэта час, які мог бы сыйсці ў пясок. Заўсёды бяру ў падарожжа кнігу ці ноўт і выдатна магу сканцэнтравацца нават не ў самых прыдатных для працы месцах.

porto

Я не ўсталёўваю на мабільны ўсе магчымыя прылады: не карыстаюся вайберамі-ўотсапамі, паколькі гэта неверагодна глынае час. Каму трэба паразмаўляць са мной, той тэлефануе ці піша мэйл. З сацыяльных сетак у мяне ёсць акаўнт толькі ў фэйсбуку, які я правяраю спарадычна і вяду збольшага для раскруткі Адукцыя.інфо. Я лічу, што, нягледзячы на вялікія магчымасці, сацыяльныя сеткі – гэта не месца для плённай камунікацыі, а месца самалюбавання. Час для мяне – бадай, самы важны рэсурс на сёння, таму мне шкада яго губляць, каб праглядаць стужку тых, хто гатаваў яечню ці 40 раз сфоткаўся на фоне Саграда Фамілія і лічыць патрэбным з усімі гэтым падзяліцца.

Што, на тваю думку, з’яуляецца адметным фактарам дзеля таго, каб штурхануць чалавека для пераменаў?

Гэта вельмі індывідуальна: такім чыннікам можа стаць кніга ці знаёмства з цікавым чалавекам; нейкі досвед, магчыма нават не самы прыемны, альбо перажыванне. На маю думку, самым правераным фактарам будзе нестандартная ці складаная сітуацыя, у якой чалавеку давядзецца прыняць валявое рашэнне, не разгубіцца, не спалохацца.

Якую параду ты можаш даць чытачам Adukacyja.info?

Лічу, што раз у жыцці варта абавязкова павучыцца за мяжой. Калі параўнаць, колькі стыпендый і праграм абмену прапаноўваецца цяпер у параўнанні з тым, што было 10 год назад, то толькі лянівы сёння не падае заяўку. Вучоба ў замежным універсітэце – гэта не толькі веды, а перадусім, той досвед, якога вы нідзе больш не здабудзеце! Таму зычу эфектыўна выкарыстоўваць час і інвеставаць у сябе – чытаць кнігі, вывучаць новыя мовы, вандраваць, развівацца як прафесіянал і асоба, займацца спортам, вучыцца штодня і не толькі ва ўніверсітэтах, ангажавацца ў цікавыя вам арганізацыі і ініцыятывы, шукаць сябе і знайсці сваё пакліканне!

zyccio cudounaje

Жыццё цудоўнае, поўнае прыгодаў і неверагодна цікавае!