Адукацыя для спартоўцаў
- 27.07.2015
- Цікавосткі
У Еўропе існуе шмат вышэйшых спартовых школ. Выпускніку ёсць з чаго выбраць.
Напрыклад, Вышэйшая Спартовая Школа ў Кёльне – адзіны спартовы ўніверсітэт у Нямеччыне. Ніякіх эканамістаў, мэнэджараў і філосафаў – толькі спорт! Спорт ва ўсіх яго праявах – лёгкая атлетыка, тэарэтычныя веды па медыцыне, эканоміцы спорту, валейбол, баскетбол. Дзень звычайнага студэнта нагадвае вельмі інтэнсіўную фітнэс-праграму з вельмі патрабавальным навучальным складнікам. Пачынаецца ўсё з плавання, бегу; потым лекцыя па спартовай медыцыне, эканоміцы; напрыканцы – трэніровачны курс па футболе, тэнісу альбо баскетболе.
Як кажуць самі студэнты, ВСШ – гэта жыццёвая пазіцыя. Хто шукае спартовы дух, той абавязкова знойдзе яго на захадзе Кёльну – універсітэт знаходзіцца ў гэтак званым “зялёным поясе”. Таксама ўніверсітэт мае добрую рэпутацыю: шмат чэмпіенаў і алімпійцаў выйшлі з яго сценаў.
Каб паступіць, трэба быць спартоўцам-універсалам. Трэба прайсці на выдатна 19 з 20 іспытаў. Бег 100 м – меней чым за 13,4 с, гімнастычныя практыкаванні на падлозе: кулёк, кола і стойка на руках.
Таксама гэты ўніверсітэт падтрымлівае сувязі з замежнымі ўніверсітэтамі – у кампусе можна сустрэць студэнтаў з 50 краінаў. Вопыт навучання потым дае вялікія перспектывы для студэнтаў у іх родных краінах.
Да навуковага аспекту ставяцца вельмі ўважліва. Гэта адзіны ўніверсітэт, дзе ахопленыя ўсе напрамкі даследванняў, асаблівую ролю займаюць даследванні, звязаныя з допінгам.
Што тычыцца здароўя – тут усё зроблена для дасканалага вывучэння магчымасцяў спартсменаў. Уся атрыманая інфармацыя – аналіз крыві, тэмпературы цела, колькасці сардэчных скарачэнняў – дапамагае студэнтам паляпшаць свае вынікі і аптымізоўваць трэніроўкі.
А што ў ЗША?
Іншая сітуацыя ў ЗША. Калі выпускнік школы праяўляе здольнасці да канкрэтнага віду спорта (напрыклад, да амерыканскага футболу), ён можа атрымаць стыпендыю на навучанне ва ўніверсітэце. Але каб атрымаць гэтую стыпендыю, студэнт мусіць быць сапраўды таленавітым і выбітным спартоўцам.
І каб трапіць ва ўніверсітэт, недастаткова быць толькі выбітным спартоўцам. Трэба прайсці выпускныя іспыты на выдатна.
Для замежнікаў таксама існуюць магчымасці атрымаць стыпендыю. Вядома, гэта патрабуе значна больш часу. Думаць пра паступленне треба за 1,5 2 гады да даты пачатку заняткаў. Трэба шукаць універсітэты, якія маюць стыпендыяльныя праграмы для замежнікаў. Потым трэба знайсці трэнера, адказнага за ваш від спорту і напісаць яму мэйл з ўсёй патрэбнай інфармацыяй – CV, cпіс вашых дасягненняў у спорце. Рэзюмэ не мусіць быць занадта вялікім, бо трэнеры атрымліваюць шмат лістоў, і ваш ліст мусіць выдзяляцца.
Колькасць стыпендый вельмі абмежаваная. То бок стыпендый можа быць у некалькі разоў менш, чым прэтэндэнтаў.
Але для тых, хто здолеў паступіць, адкрываюцца вялікія магчымасці! Студэнт можа не толькі трэніравацца, але і атрымліваць адукацыю па розных накірунках. Студэнтам-спартоўцам ніхто не дае спуску: да іх ставяцца нават больш уважліва і патрабавальна.
Таму it’s up to you! Не трэба пужацца цяжкасцяў – спрабуйце! І можа мы хутка даведаемся пра новую зорку спорту 😉
Алена Васількова, паводле артыкулаў пра Нямеччыну і ЗША.