Адукацыя – гэта наш стыль!
- 29.06.2015
- Блог
- Здымкі: Оля Прыгун
Калі нядаўна, “перагортваючы” старонкі Instagram’а adukacyja.info з навінай аб “Трэнінгу для маладых адукатараў”, я нават і падумаць не магла, што буду з такім прыемным сумам вяртацца ў Мінск. Але ж зачапіла. Але ж аб усім па чарзе.
На сайце adukacyja.info літаральна месяц ці больш таму з’явілася аб’ява аб тым, што іх платформа 20-21 чэрвеня будзе ладзіць трэнінг для маладых адукатараў, прасцей сказаць, для тых, хто якім-небудзь чынам звязаны з такой дзейнасцю, як і Андрэй Лабановіч.
Прайшоўшы адбор, настаўнікі і адукатары ў суботу з’яехаліся ў Гародню. Першасная атмасфера сціпласці адразу ж змянілася ўсмешкамі ўдзельнікаў пры знаёмстве. Крыху слоў пра нас. Геаграфія адукатараў проста здзіўляла: Міншчына, Гомель, Ушаччына, Магілёўская вобласць (а/г Васход, а/г Сідаравічы), Пастаўшчына, Брэст… Прафесійны ўзровень таксама розны: ад толькі што абараніўшых дыплом і маладых спецыялістаў да нават карыфеяў з ‘наццаці гадовым досведам у настаўніцтве! Ну і, вядома ж, калаўрот прадметаў: беларуская мова, руская мова, геаграфія, біялогія, англійская мова, нямецкая мова, матэматыка, гісторыя. Адчуваеце, як нам пашчасціла трапіць на агульны трэнінг?!
Нататнікі разгорнуты, асадкі падрыхтаваны, пачынаем працу. Першае заданне было вельмі інтэрактыўным і карысным (як і ўсё!): удзельнікі разбіваліся на групы па розных крытэрыях і абмяркоўвалі праблемы, спрэчныя моманты, якія ўзнікаюць у працэсе навучання, акрамя гэтага, проста паміж сабой распавядалі пра асабісты педагагічны досвед. Пайшла камунікацыя, пайшла!
Адна з самых чаканых тэм сярод адукатараў, у прынцыпе, агульная тэматыка трэнінгу – гэта нефармальныя і інтэрактыўныя методыкі правядзення заняткаў, таму з яе мы і пачалі. Па-першае, трэба вызначыцца з дэфініцыяй “нефармальная адукацыя” (далей НА), а таксама навучыцца правільна адрозніваць яе сярод традыцыйных форм навучання. Калі кораценька падсумаваць гэты пункт, то асаблівасці НА наступныя: няма сталага месца навучання (яно альтэрнатыўнае: кабінет, прыродны асяродак, гульнёвая зала і інш.), настаўнік выконвае ў асноўным функцыю не кіраўніка, а наадварот – мадэратара, узрост яго таксама не закладзены ў рамку – як старэй за навучэнца, так і маладзей або на роўні. Ну, і ў НА мы не знойдзем месца для строгай адзнакі ў балах, тут мае месца слоўная ацэнка, абавязковы каментарый вучнёўскіх вынікаў.
Насамрэч, дарагія калегі, вы, самі таго не ведаючы, выкарыстоўваеце элементы НА. Я сама ў гэтым ўпэўнілася.
Адукатары падзяліліся рознымі “фішкамі”, якія яны прымяняюць. Так, напрыклад, падзялюся тым, што асабліва мне запомнілася. Як мы ведаем, сустракаюць па першым уяўленні, таму гэты першы момант сустрэчы з навучэнцамі вельмі важны: можна выкарыстаць драўляныя палачкі ад марозіва (вучні пішуць на самым першым занятку свае імёны, пасля ставяць у кубачак усе “іменныя” палачкі, тым самым, настаўніку няма цяжкасці запомніць і звяртацца да ўсіх на першых тыднях вучобы: метадам выбаркі палачак); можна выкарыстаць вядомую гульню “снежны ком”, толькі акрамя імя вучань можа называюць любімую цацку ці рыфму да свайго імя (Танюха-два вуха, Оля-перакаці-поле) – гэта ўсё дапаможа вам пазбегнуць бар’ераў і сціпласці пры зносінах; можна проста пачаць знаёмства з прытчы ці з выразу знакамітага чалавека, які у наш час карыстаецца аўтарытэтам у моладзі (Сціў Джобс ці адзін з герояў “Гульні тронаў”). Таксама, адукатарамі была пазначана неабходнасць прысутнасці на ўроку гульнёвых тэхналогій, хай сабе і ў старэйшых класах. Гэта і ролевыя гульні (станьце для дзяцей Вітаўтам ці Францыскам Скарынай, калі гэтага патрабуе тэма ўрока гісторыі); гэта і гульня-інтэрв’ю (На якое пытанне вы адказваеце? Што абазначаеце? Якім членам сказа з’яўляецеся? – з дапамогай такіх пытанняў можна пагуляць у журналістыку пры вывучэнні часцін мовы); гэта і браўнаўскі рух (уявіць сябе жывёламі, якія рухаюцца, напрыклад, пры ўтварэнні харчовага ланцужка на ўроках біялогіі) і шмат-шмат іншага. Мне здаецца, што нават на гэтай невялікай колькасці прыкладаў можна гаварыць аб належным месцы нефармальных методык у працэсе навучання.
Зараз мне хочацца распавесці адну з найбольш цікавых для мяне частак трэнінгу – стварэнне настаўніцкіх (і не зусім) блогаў. Дарэчы, калісьці я зрабіла блог, але, на жаль, напісаўшы два невялічкіх пасты, закінула яго ў далёкую віртуальную шафу… Таму даведацца аб стварэнні, ажыўленні і напаўненні анлайн-дзённікаў мне не цярпелася. Сваім досведам у гэтай галіне дзялілася з намі студэнтка (ужо зараз Ньюкасалскага ўніверсітэта ў Велікабрытаніі) Галіна. Галя, мне хочацца адзначыць, вельмі шчыры і пазітыўны чалавек, і нягледзячы на нашу сувязь з дапамогай скайпа і веб-камеры, мы быццам бы адчувалі яе прысутнасць і настрой ў нашай аўдыторыі. Наша адукатарка распавяла, як па кроках стварыць якасны інфармацыйны блог. Свой досвед яна замацоўвала прэзентацыяй і сваім блогам. Дзякуй яшчэ раз за Галі за такую цудоўную і карысную камунікацыю! І памятайце: блогі не для баязліўцаў!
Акрамя стварэння блогаў adukacyja.info падрыхтавала шэраг сайтаў, якія мы проста абавязаны не толькі прагледзець, але і скарыстаць замест сацыяльных сетак. Гэта і сайты з матывуючымі відэа, адукацыйныя сайты з бескаштоўнымі анлайн-курсамі, сайты з карыснай інфой для самаразвіцця… Пра ўсе-ўсе мажлівасці Інтэрнэту для адукацыі апантаныя настаўнікі не толькі даведаліся, але і прайшлі па спасылках і “наклікаліся” ўдосталь. У гэтай частцы трэнінгу мы пагутарылі і пра адукацыйныя магчымасці для беларускіх навучэнцаў і настаўнікаў.
Увечары наша фізічная крыху-стомленасць не парашкодзіла нам выйсці на шпацыр па прыгажуні-Гародні. Скажу ад сябе, што шмат разоў я чула ад сяброў і знаёмых, што Гародня – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, як казалі “еўрапейская сталіца нашай Радзімы”, скарбніца таямніц і гісторый… Таму, натуральна, я з вялікай ахвотай хацела на свае вочы пабачыць гродзенскія ўрбаністычныя замалёўкі. Дзякуючы нашаму вопытнаму экскурсаводу мы прайшлі па маршруце і пабачылі асноўныя месцы-візітоўкі Гародні. Падзялюся фотаздымкамі.
Гэтым прыемным шпацырам і скончыўся наш першы дзень трэнінгу.
Але ўжо раніцай мы з нецярпеннем чакалі другой часткі нашага адукацыйнага семінару. Першым пунктам нашай праграмы былі кансультацыі па асаблівасцях падрыхтоўкі да міжнародных моўных тэстаў. Прызнаюся, што я не планавала асабліва “ўнікаць” у дадзеную частку трэнінга, але ж як толькі даведалася НАВОШТА Ж гэты тэсты, я хутка ўключылася ў лекцыю. Спачатку наш адукатар распавяла, якія моўныя тэсты існуюць, дзе і для чаго прымяняюцца. Пасля мы даведаліся пра часткі тэстаў (іх звычайна 4), асаблівасці падрыхтоўкі, кошт, месца правядзення і розныя спецыфічныя асаблівасці… І ведаеце што? Мне зноў захацелася ўспомніць англійскую мову, падцягнуць яе да належнага ўзроўню!
Далей другі дзень трэнінга падрыхтаваў нам досвед у праектах, а таксама пра атрыманне міні-грантаў. У нашым асяродку адразу нават нарадзіліся ідэі: якія праекты стварыць і як іх ажыццявіць. Можа, у вас таксама ўжо ёсць распрацаваныя па паліцах у галаве праекты? Далучайцеся!
Настаўнікі таксама звярнуліся да “мікрафону”, падрыхтавалі невялікі выступ пра свае цікаўнасці і досвед. Так, сярод нас прысутнічалі адукатары, якія ў свой час прайшлі курс Актыўнай ацэнкі, таму яны таксама распавялі нам крыху пра гэта. Таму, калі адзнакі ў балах не ваш канёк ці вы проста жадаеце даведацца пра розныя віды ацэньвання, то абавязкова карыстайцеся. Не будзьце сумнымі і сур’ёзнымі настаўнікамі, абмежаванымі стандартамі і рамкамі традыцыйнай школы!
Рэфлексаваць у канцы трэнінгу было асабліва прыемна… У аўдыторыі панавала атмасфера шчырасці і паразумення, нават сумна было развітвацца. У мяне нарадзілася думка сабраць усіх удзельнікаў трэнінгу ў адну школу: такіх апантаных, зацікаўленых, верных сваёй справе людзей мне не хацелася адпускаць… Усім яшчэ раз дзякуй!
Асаблівая вялічэзная падзяка арганізатарам і нашым галоўным адукатарам трэнінга. Менавіта такія зацікаўленыя людзі, якія ўвесь час займаюцца самаразвіццём, адукацыяй так шчыра і бескарысліва падзяліліся невялічкай часткай свайго досведу! Гледзячы на такіх людзей, хочацца імкнуцца да сапраўдных асветніцкіх спраў. Дзякуй вам, дзяўчаты, за трэнінг, за атмасферу, за настрой!
Шмат усяго новага ў гэты невялічкі тэрмін я даведалася, пра нешта, можа, і не напісала, але і зараз я застаюся ў захапленні. І з кубкам гарбаты перад сном гляджу TED-прамовы… Вучыцеся, даражэнькія!