«Адукацыя і досвед — гэта не толькі тое, чаму вас вучылі ва ўніверсітэце»
Удзел у стыпендыяльнай праграме ім. Лэйна Кіркланда пакінуў адбітак на маёй прафесійнай кар’еры і дапамог даведацца шмат новага аб культуры нашых суседніх краін. Не гледзячы на тое, што праграма праходзіць у Польшчы, удзельнічаюць у ёй маладыя лідэры з розных краін, якія маюць вышэйшую адукацыю, зацікаўлены ў развіцці дэмакратыі, гаспадаркі і грамадзянскай супольнасці ў сваёй краіне і ў рэгіёне.
Арганізатары выбіраюць кандыдатаў з Украіны, Беларусі, Расіі, а таксама Малдовы, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана і Кіргізіі. Мне давялося падаваць дакументы на праграму двойчы (у першы год поспех мне не спадарожнічаў), таму асаблівасці конкурснага адбору ведаю добра.
У першую чаргу неабходна ўважліва азнаёміцца з аб’явай аб наборы. Арганізатары на сайце размяшчаюць інфармацыю на мовах тых краін, удзельнікаў з якіх яны выбіраюць. Аб’ява змяшчае асноўную інфармацыю, неабходную на першапачатковым этапе падрыхтоўкі дакументаў. Калі ўзнікаюць пытанні, то на афіцыйным сайце праграмы ёсць спецыяльны раздзел з пытаннямі і адказамі, дзе дадаткова растлумачваюцца моманты, па якіх ўзнікае больш за ўсё пытанняў. Афіцыйны сайт мае дзве моўныя версіі — ангельскую і польскую.
Каго хочуць бачыць у шэрагах кіркландыcтаў (а менавіта так мы сябе называем) арганізатары праграмы?
Праграма адрасавана экспертам, палітыкам, супрацоўнікам органаў дзяржаўнай улады і самакіравання; прадпрымальнікам, дзеячам культуры, выкладчыкам ВНУ, журналістам. Падчас падачы заяўкі я працавала ва ўніверсітэце, таму трапляла пад катэгорыю выкладчыкаў. Прафесія кандыдата важная, бо атрыманы вопыт потым важна не толькі прымяніць у сваёй краіне, але і па магчымасці распаўсюдзіць. Сярод нас былі работнікі дзяржаўных органаў і маладыя дэпутаты з Украіны, мэнэджэры з Расіі, лекар з Казахстана. Спецыяльнасці (або дакладней сферы інтарэсаў) кандыдатаў могуць быць таксама вельмі шырокімі, але абавязкова павінны ўваходзіць у спіс, які прадстаўлены ў апісанні праграмы на сайце.
Якія патрабаванні да кандыдатаў прад’яўляюцца?
Акрамя ўзросту, наяўнасці вышэйшай адукацыі, пастаяннага пражывання ў сваёй краіне прад’яўляюцца дадатковыя патрабаванні па досведзе працы і веданні польскай або англійскай мовы. І вось тут узнікаюць пытанні. У першую чаргу, праграма служыць маладым людзям, пры гэтым моладдзю лічацца людзі да 35 гадоў. Аднак штогод сярод кіркландыстаў былі даволі дарослыя ўдзельнікі, чый узрост выходзіў за пазначаную мяжу. Узрост з’яўляецца вельмі ўмоўным патрабаваннем, бо ў першую чаргу выбіраюць па досведзе, зацікаўленасцях і дзейнасці. Калі вы разумныя і актыўныя, то нічога вам не перашкодзіць стаць адным са стыпендыятаў.
Не апошні, але не менш важны пункт патрабаванняў — досвед працы не менш за 2 гады. І вось тут у кандыдатаў на стыпендыю ўзнікае, як правіла, вельмі шмат пытанняў. Арганізатары праграмы не будуць правяраць наяўнасць вашага стажу па працоўнай кніжцы. Бо гэта зусім не паказчык вашых ведаў і рэальнага досведу. У анкеце, якую ўсе кандыдаты запаўняюць анлайн, ёсць розныя пункты, дзе просяць апісаць папярэдні досвед працы або актыўнай дзейнасці. Гэта можа быць і стажыроўка ў грамадскай арганізацыі, практыка на прадпрыемстве, валанцёрскі досвед працы ў інстытутах і арганізацыях, а можа быць і сапраўдная праца. Як кажуць, папера ўсё стрывае, і вы можаце апісаць свой досвед у яркіх фарбах. Але памятайце, што другім этапам адбору з’яўляецца сумоўе, дзе вам яшчэ раз зададуць пытанне аб наяўным досведзе. Вельмі важна, каб ваш папярэдні вопыт быў звязаны з тэмай даследавання, якое вы будзеце праводзіць падчас удзелу ў праграме ў Польшчы. Я добра памятаю адну ўдзельніцу з Азербайджана, якая па адукацыі была настаўнікам англійскай мовы. Але тэма яе інтарэсаў ляжала ў сферы дапамогі інвалідам, досвед працы яна набыла падчас валантарыята ў хоспісе па праграме «Моладзь у дзеянні». Гэтага было дастаткова, каб пераканаць арганізатараў у яе жаданні дапамагаць людзям і схільнасці да дадзенай сферы вывучэння.
Памятайце, што ваша адукацыя і досвед — гэта не толькі тое, чаму вас вучылі ва ўніверсітэце або каледжы, а таксама тое, чаму вы навучыліся на розных міжнародных і нацыянальных курсах, дыстанцыйным навучанні, семінарах. Смела апісвайце сваю індывідуальнасць і ўнікальнасць, шануйце кожнае сваё дзеянне і актыўнасць, паказвайце сваю непаўторнасць у анкеце.
Апошнім патрабаваннем з’яўляецца веданне польскай або англійскай мовы. Здавалася б, што польская мова — замежная. Але не варта гэтага баяцца. Блізкасць беларускай і польскай моў забяспечвае хуткае засваенне, а знаходжанне ў Польшчы на працягу 10 месяцаў дае ўнікальную магчымасць вывучыць мову ад яе носьбітаў. На момант падачы заяўкі не патрабуецца наяўнасць сертыфікатаў і экзаменаў аб веданні мовы. Але са свайго вопыту ведаю, што калі вы пакажаце хоць нейкае веданне польскай (а для кандыдатаў з Беларусі і Ўкраіны гэта проста вырашальны фактар), то гэта будзе вашым вялікім плюсам перад іншымі кандыдатамі. Больш таго, на працягу ўсяго года ўсе кіркландысты наведваюць курсы польскай мовы. Незабыўна было бачыць кіркландыстаў з Грузіі, якія не размаўлялі па-руску, але да канца году ўжо маглі размаўляць з намі па-польску. Калі яны змаглі, чаму вы не зможаце дасягнуць яшчэ большых поспехаў у засваенні польскай? Арганізатары выдатна валодаюць рускай мовай, так што вам дакладна дапамогуць.
Перш, чым я раскажу, на што варта звярнуць увагу пры запаўненні анкеты, я апішу сутнасць праграмы навучання ў Польшчы. Усе адабраныя кандыдаты, а такіх кожны год было 47-50 чалавек, прыязджаюць у Польшчу на 10 месяцаў. Удзельнікі знаходзяцца ў 5 гарадах: Варшаве, Любліне, Кракаве, Вроцлаве, Познані. Менавіта ў гэтых гарадах мы жывем і вучымся. Можа быць, наша адукацыйная дзейнасць не падобная на вучобу ў тым сэнсе, як мы называем вучобу ў ВНУ, але наведваць універсітэт прыходзілася. Яшчэ пры запаўненні анлайн-анкеты мы прадстаўлялі тэму нашых інтарэсаў. У залежнасці ад тэмы, арганізатары праграмы падбіралі кожнаму кіркландысту навуковага кіраўніка. Як правіла, імі з’яўляюцца прафесары або кандыдаты навук, выдатныя выкладчыкі і спецыялісты ў абранай галіне навукі. На працягу года навуковы кіраўнік вядзе свайго кіркландыста па «дарозе навукі». Стыпендыяты абавязкова наведваюць універсітэт, але яны самі выбіраюць прадметы і курс. Можна нават удзельнічаць у прадметах з іншых факультэтаў. Важна, каб гэта было звязана з тэмай даследавання. У канцы праграмы навучання стыпендыяты павінны напісаць і абараніць работу па абранай тэматыцы. На працягу года навуковы кіраўнік дапамагае скласці план даследавання, карэктуе тэму і падказвае літаратуру. Вельмі карысным для напісання працы было праходжанне абавязковай практыкі. Паколькі я па адукацыі і прафесіі юрыст, то і тэму для даследавання абрала юрыдычную — бясплатная юрыдычная дапамога для маламаёмых грамадзян. Мне было вельмі цікава прайсці практыку ў польскім судзе і адвакатуры. І тут вялікую ролю сыграў мой навуковы кіраўнік, які дапамог у вырашэнні арганізацыйных пытанняў. Мая сяброўка-юрыст з Расіі праходзіла практыку ў Канстытуцыйным судзе і Міністэрстве Юстыцыі, што таксама было незабыўным досведам.
Цяпер вы бачыце, як важна правільна абраць тэму інтарэсаў. Бо з ёй будуць звязаны ўсе вашы наступныя дзеянні ў час праграмы.
Пры запаўненні анкеты звярніце ўвагу на раздзел «апісанне праекта». Гэты радзел дапамагае арганізатарам выбраць тых годных і ўнікальных кандыдатаў, якія потым прыедуць у Польшчу.
Ужо падчас навучання ў Польшчы мы даведаліся, што нашы праекты даследаванняў чытаюць не толькі арганізатары праграмы, але і звычайныя выкладчыкі польскіх ВНУ. Менавіта яны даюць сваё заключэнне па тэме вашага даследавання. Пры апісанні праекта даследавання (тое, пра што вы потым будзеце пісаць у Польшчы) неабходна адказаць на пэўныя пытанні. Не пазбягайце іх, пішыце ўсё, што лічыце неабходным. Да дадзенага падзелу прад’яўляюцца жорсткія патрабаванні па колькасці знакаў. Напішаце мала або напішаце больш дазволенага — будзе памылка ў запаўненні анкеты. Коратка, лаканічна, але пры гэтым па сутнасці — вось правілы пры апісанні праекта.
З года ў год удзельнікаў з Беларусі ўсё менш і менш, і зусім не таму, што арганізатары вылучаюць менш месцаў для нас. Як кажуць самі арганізатары, беларусы падаюць мала цікавых тэм даследаванняў і няма яркіх і запамінальных асоб. Дык няўжо гэта праўда? Не веру!!! Дакажыце адваротнае, тым больш, што праведзены ў Польшчы час будзе карысны ва ўсіх адносінах. Я гэта ўжо даказала, зараз чарга за вамі!