Адукацыя ў Чэхіі: на піва з выкладчыкам
Я хачу распавесці пра сваё навучанне — мажліва для кагосьці гэта будзе штуршком да працягу сваёй адукацыі. У мяне вельмі звычайны бэкграунд: вучыўся ў БДПУ на гістарычным факультэце, ды яшчэ і на завочным аддзяленні. Пасля сканчэння 4 курса сябры шукалі магчымасці навучання за мяжой.
Урэшце і я знайшоў абвестку пра тое, што чэшская амбасада выдзяляе стыпендыі беларусам, нават без ведання ангельскай і чэшскай моваў. Зараз ужо іншая сістэма падачы дакументаў, але варта шукаць мажлівасці і спрабаваць. Мне пашанцавала, я атрымаў стыпендыю і 1 верасня сеў на аўтобус “Менск – Прага”.
Першыя крокі
Па маёй праграме першы год адводзіцца на вывучэнне мовы. Навучанне адбывалася ў мястэчку Падзебрады, побач з Прагай. Мова вучыцца паспяхова, хаця амаль ўсе наведвальнікі курсаў размаўляюць па-расейску, і ты з імі таксама. Курсы падзяляюцца паводле прафесійных накірункаў – асобна для гуманітарных і тэхнічных спецыяльнасцяў.
Стыпендыя выплачваецца штомесяц, пакрываюцца і выдаткі на страхоўку. Арганізатары таксама аплачваюць моўныя курсы, кошт якіх складае каля 6.000 еўра.
Піва з выкладчыкам пасля заняткаў – звычайная справа
Я паступіў на магістарскую праграму па гісторыі ў горад Усці над Лабэм (Ústí nad Labem) – адносна вялікі горад на мяжы з Нямеччынай, насельніцтва якога складае каля 100 тысяч чалавек.
Складана параўноўваць мой універсітэт з беларускімі рэаліямі – напэўна гэта звычайная еўрапейская ВНУ, з сістэмай крэдытаў, з добрымі настаўнікамі. Папіць піва з выкладчыкам пасля заняткаў – звычайная справа.
Што тычыцца менавіта гісторыі, я вучуся на “гістарычных ведах”. У праграме ёсць такія экзатычныя для беларускага студэнта дысцыпліны як палеаграфія, эпіграфіка, кадыкалогія, gender studies, oral history і іншыя. Ёсць і больш звычайныя прадметы: гістарыяграфія, архіўная справа, археалогія.
Для атрымання дыплома неабходна набраць 120 крэдытаў, падрыхтаваць дыпломную працу і здаць іспыты.
Уражанні
Вядома, Чэхія – гэта не толькі Прага і Карлаў мост. Прага – вельмі папулярны сярод турыстаў горад, але мне падаецца цікавым паглядзець усю краіну, пабываць у розных мясцінах, паразмаўляць з жыхарамі.
Планы на будучыню
Што рабіць пасля сканчэння навучання – вырашайце самі: можна ехаць дадому ці застацца, а можна паехаць далей. Чэхія – гэта, безумоўна, добры варыянт. Прадстаўнікі тэхнічных спецыяльнасцяў могуць без цяжкасцяў знайсці працу. З гуманітарыямі справа больш складаная – сярод чэхаў іх таксама шмат, таму трэба ці быць лепшым за іншых ці актыўна шукаць мажлівасці.
Для сябе я вырашыў, што пайду далей, буду спрабаваць атрымаць Ph.D: ступені магістра для гісторыка недастаткова, ды і напэўна Ph.D – гэта магчымасць “прадаць сябе” крыху даражэй.
Усім жадаю поспехаў, а галоўнае – спрабаваць!
За блогам Міхася, у якім ён апісвае побыт у Чэхіі, можна сачыць на сайце.