Адукацыя за мяжой: развагі
- 25.08.2015
- Цікавосткі
Грамадства ўпэўнена, што адукацыя павінна мець сэнс, канцавы поінт, мэту, а дакладней – працу, запіс ў працоўнай кніжцы і пэўную ўзнагароду, разлічаную згодна з эканамічнымі стандартамі пэўнай сацыяльна-палітычнай сістэмы. Адукацыя павінна адпавядаць спадзяванням дзяржавы, якія адлюстроўваюцца ў нацыянальных адукацыйных праграмах, школьных сістэмах і сістэмах функцыянавання вышэйшых навучальных устаноў, што павінна гарантаваць адпаведнасць прадастаўляемай адукацыі патрабуемым ведам і кваліфікацыі пасля яе заканчэння.
Але тады чаму па ўсім свеце (за амаль неістотным выключэннем) моладзь выбірае для сябе адукацыю за мяжой, адмаўляючыся ад камфорту роднай мовы, звыклага культурнага асяроддзя, сутыкаючыся і спатыкаючыся на праблемы фінансавання, бюракратызацыі і недахопу агульнай інфарматызаванасці (як бы дзіўна не гучала апошняе ў кантэксце 21 стагоддзя)?
Ці можна лічыць жаданне атрымаць адукацыю за мяжой формай пратэсту супраць існуючай сістэмы сярэдняй школы і ВНУ ў Беларусі ці, наадварот, спробай паказаць яе станоўчыя вынікі, прадэманстраваць, што пасля паспяховага заканчэння адной са ступеняў беларускай адукацыйнай сістэмы можна стаць паўнапраўным і паспяховым за межамі краіны, не адчуваючы сябе “родзічам з сельскім балам”? Каб адказаць на гэтае пытанне, я звярнулася да сваіх сяброў і калег з невялікай апытанкай, якую і паспрабую прааналізаваць далей.
Спачатку акрэслю кола апытаных – гэта прадстаўнікі беларускай моладзі, якія ў сваёй асноўнай масе (85,7% апытаных) ўжо маюць пэўны досвед у міжнародных адукацыйных праграмах, прычым, абсалютная большасць прабыла за мяжой больш за 2 месяцы (83,3%), а траціна – больш за год. Крыху больш за палову з апытаных (55,6%) мелі магчымасць застацца ў Беларусі, але вырашылі працягнуць вучобу за мяжой, нягледзячы на мясцовыя альтэрантывы. Таксама абсалютная большасць накірункам сваёй адукацыйнай міграцыі выбірала Еўрапейскі Саюз (Еўрапейскую Эканамічную Супольнасць) – 83,3%, на другім месцы Паўночная Амерыка – 16,7% і на трэцім – СНД – 11,1%.
Безумоўна, што такое размеркаванне ў першую чаргу трактуецца праз тэрытарыяльныя і куртурныя блізкасці паміж Еўропай і Беларуссю ў адукацыйным свеце (наяўнасць вялікай колькасці праграм, накіраваных на беларускую моладзь і адсутнасць канкурэнцыі такім праграмам з боку СНД ці Лацінскай Амерыкі, а таксама культурна-палітычнага імкнення беларускай моладзі да Захаду), але не толькі. Параўноўваючы беларускую сістэму (асабліва да ўступлення краіны ў Балонскі працэсс) з іншымі сусветнымі адукацыйнымі стандартамі і трафарэтамі, можна лёгка адзначыць два адрозненні: першае – сістэматызаванасць і грунтоўнасць агульнай праграммы, а другое – амаль такая ж сістэматызаваная адсутнасць спецыялізацыі.
Абапіраючыся на ўласны досвед выпускніцы беларускай ВНУ з двума семестрамі ў Швецыі, магу доўга і ўпарта даказваць, што грунтоўнасць і сістэматызаванасць – гэта несумненная пазітыўная рыса, і тут мяне падтрымаюць 52,4% апытаных, якія лічаць беларускую адукацыю добрай базай для навучання за мяжой. Такім чынам, разам з 28,6 працэнтамі тых, хто лічыць, што вучоба за мяжой – гэта прыемны бонус да нацыянальнай адукацыі і з тымі патрыятычнымі 4,8 працэнтамі, што не бачаць сэнсу ў замежнай адукацыі, мы можам смела сцвярджаць, што нашая адукацыя дазваляе нам цвёрда стаяць на нагах у патэнцыйна-прафесійнай сферы адразу пасля атрымання дыплома. Але гэта толькі патэнцыйна, бо нягледзячы на тое, што толькі 14,3 апытаных упэўнены ў неабходнасці атрымання замежнай адукацыі для набыцця добрай працы, не пагадзіцца з імі немагчыма. І гэтае другое я таксама магу падцвердзіць простым прыкладам з уласнага жыцця: нават пры наяўнасці трох спецыялізацый ва ўніверсітэце, дзяржаўныя экзамены і, адпаведна, дыпломы, усе выпускнікі майго факультэта атрымалі аднолькавыя.
Вядома, можна спрачацца, што для некаторых напрамкаў спецыялізаванасць не адыгрывае крытычнай ролі – медыкі, напрыклад, дастаткова спецыялізаваныя, каб мясцовы тэрапеўт не быў прызначаны дантыстам ці хірургам – але многія працадаўцы такіх спрэчак не слухаюць, а проста з парогу патрабуюць працоўны досвед ад трох да пяці год. Цытыючы аднаго з апытаных: “як правіла, у замежных ВНУ студэнты могуць самі выбіраць тыя прадметы, якія іх цікавяць, пры мінімуме абавязковых для вывучэння. Такім чынам адукацыя атрымліваецца мэтанакіраванай, чалавек становіцца сапраўды СПЕЦЫЯЛІСТАМ у тым, што ён вывучае. Асюль і выходзіць, што замежная адукацыя дае больш прафесійных ведаў у канкрэтным напрамку з магчымасцю практыкі ў шматлікіх краінах”.
Апошняе таксама немалаважна. У свеце татальнай інтэрнацыялізацыі студэнты з Беларусі падчас могуць апынуцца па-за межамі канкурэнтнага рынку: беларускія дыпломы не толькі дастаткова цяжка пацвердзіць (аўтаматычна прызнаюць іх толькі каріны СНД, ды і тое з агаворкамі, а прафесійныя тэсты не супадаюць з тымі ведамі, што даваліся ў беларускіх альма-матэр – то вузка, то шырока), але і цяжка банальна перавесці! Не тое, каб у краіне раптам скончыліся добрыя перакладчыкі з рускай на замежную мову, але сэнсу ў такім перакладзе. Паспрабуйце растлумачыць замежнаму ўніверсітэту навошта вам, спецыялісту па міжнародных, напрыклад, адносінах веды па “Абароне насельніцтва і аб’ектаў ад надзвычайных сітуацый і радыяцыйнай бяспецы” у аб’еме 138 гадзін, што роўна стольк жі, колькі ў вучэбным плане займае “Паліталогія” – прадмет куды больш прыкладны і зразумелы ў дадзеным напрамку.
Гэтага прыклада для большасці студэнтаў і абітурыентаў будзе досыць, каб раз і назаўсёды ўпэўніцца ў неабходнасці атрымання хоць кароткага досведу навучання ці/і пражывання за мяжой, але тут сцяною падымаюцца іншыя рэаліі той самай адукацыі на першых ступенях. Для таго, каб вучыцца за мяжой, трэба не толькі знайсці добрую праграму, якая б адпавядала пажаданням і магчымасцям абітурыента, трэба таксама знайсці фінансавыя крыніцы і поўную інфрамацыю пра праграмы і накірункі. Такая інфрамацыя, безумоўна існуе ў больш-меньш дастатковым аб’ёме, але найчасцей за ўсё яна прадстаўляецца на англійскай мове ці на мове краіны, ў якой знаходзіцца (ці акрэдытаваны) ўніверсітэт.
На жаль, для пэўнай часткі беларускай моладзі валоданне мовамі – гэта праблема, якую няздольныя вырашыць ні абавязковыя гадзіны замежнай мовы ў школе, ні такія ж абавязковыя лекцыі па прафесійнай замежнай мове ва ўніверсітэце. Сукупны адсотак апытаных, якіх спыняе моўны бар’ер, складае 38 % – крыху больш за трэцюю частку, але трэба ўлічваць, розніцу ў выкладанні замежнай мовы для гуманітарных і тэхнічных спецыяльнасцяў і той фактар, што большасць з апытаных ужо прымалі ўдзел у праграмах за мяжой, а значыцца, прайшлі гэты этап некаторы час таму. Праблема валодання замежнымі мовамі пасля 10-12 гадоў пастаяннага вывучання – не ўнікальная для Беларусі, шмат еўрапейскіх адукацыйных сістэм натыкаюцца на тыя ж граблі, але гэта зусім не азначае, што гэта не праблема адукацыі, з якой таксама трэба нешта рабіць.
З хібамі моўнай адукацыі ў час усеагульнай інфарматызацыі, здаецца, можна лёгка справіцца двума-трыма клікамі мышкі, але ці не пераацэнена гэтая магчымасць, як і сама інфарматызацыя? Гэтае пытанне плотна засела ў канаўках майго мозгу, пасля таго, як адной з праблем, вызначаных удзельнікамі апытанкі апынуўся недахоп інфармацыі. 38,1% апытаных сустрэлі на сваім шляху сцену шэрага колеру, якая перакрыла ім магчымы шлях да большых ведаў. І як бы драма-паэтычна гэта не гучала зараз, гэтая лічба застаецца фактам. На шчасце беларускамоўнай моладзі існуе каманда Adukacyja.info, таму будзем спадзявацца на тое, што гэтая частка праблемы паступова зыйдзе, чаго нельга сказаwь пра некаторыя іншыя аспекты.
Так куды больш значнымі менавіта для беларусаў застаюцца праблемы, бадай што, таксама інтэрнацыянальныя – бюракраты і грошы, якія набралі па 40,6% і 61,9% суадносна. Першых хапае па ўсім свеце, гэта лёгка разумееца са спісе неабходных дакументаў для паступлення ў любую ВНУ – беларускую ці замежную і баданне з імі можа быць (у пэўнай меры) пазітыўным досведам, а вось другія маюць сваю нацыянальную спецыфіку.
Першае – замежныя гранты для беларусаў. Іх існаванне, бясспрэчна, выкарміла не адно пакаленне беларускіх спецыялістаў рознага ўзроўню і рознай ступені паспяховасці і карыснасці для краіны, але колькасць такіх грантаў абмежаваная, што пры штогадовым росце ахвотнікаў турбуе маладыя розумы не менш за іспыты.
Другое – адсутнасць нацыянальнай падтрымкі. Некаторыя краіны Еўрапейскага саюза згодны вучыць замежнікаў безкаштоўна, але пражыванне ў такіх краінах нават для самых таленавітых і прасунутых каштуе неверагодныя для бюджэту большасці беларускіх сямей сумы. Невялікія нацыянальныя гранты, прыклады якіх можна знайсці нават ў стала-крызісных краінах тыпу Гішпаніі і Грэцыі, моглі б значна палепшыць сітуацыю, але, нажаль, беларусы не маюць магчымасць нават узяць крэдыт на навучанне за мяжой.
Трэцяе – кошт падрыхтоўкі. Першы і другі пункт уключаюць ў сябе меркаванне, што патэнцыйны студэнт замежнай ВНУ ўжо прайшоў ступень адбору і шукае магчымасць пачаць навучанне, але да гэтага салодкага моманту вядзе цярновая сцежка, створаная ўжо згаданымі бюракратамі: пераклад дакументаў, падрыхтоўка і заверка, аплата ўніверсітэцкіх збораў, вандроўкі на сумоўі і г.д. Канечне, гэта зусім не тыя сумы, якія могуць спыніць большасць, але калі мы гаворым пра ўсеагульную даступнасць якаснай адукацыі, адкідваць нават маленькі адсотак насельніцтва немагчыма: статус дзіцяці-сіраты, дзіцяці з сацыяльна непаспяховай сям’і ці з мнагадзетнай сям’і з невялікім даходам не павінен быць перашкодай для развіцця і адукацыі.
Падагульняючы свой аналіз праведзенай апытанкі на такой крыху пафаснай ноце, хацелася б заўважыць, што збольшага беларуская адукацыя з погляду саміх беларускіх студэнтаў, якім ёсць з чым параўноўваць, – гэта не так блага, як здаецца на першы погляд, асабліва на першы погляд таго, хто толькі нядаўна меў магчымасць карыстацца лепшымі міжнароднымі сістэмамі бібліятэк, планаваць свой асабісты графік і даследаванні і сумяшчаць вучобу з культурным прасвятленнем праз знаёмства з іншай культурай. Але – ведаеце ж – няма спыну дасканаласці.