Адукацыйная пыльнасць: нацыяналка нацыяналцы не роўня
- Час чытання: 5 хвілін
- 18.04.2017
- Блог
Каб любіць чупа-чупс наш чароўны,
трэба пыл многа дзе паглытаць…
(Янка Купала, з невыдадзенага)
“Чупік”, “нацыяналка”, “дыямант” – як толькі не называюць нашу цудоўную, чароўную, адмысловую Нацыянальную бібліятэку яе пастаянныя наведвальнікі. Гэта гучыць не заўсёды здекліва, а хутчэй з любоўю і тыповай беларускай самаіроніяй, але ёсць і тыя, хто памятае, як праз падаткавыя паборы і “добраахвотныя” суботнікі будавалася беларускае цуда. Ад іх пачуеш скупы каментар – ды і толькі, ніякае табе пашаны.
Як чалавеку, у якога пяць год вышэйшай адукацыі прайшлі ў шматгадзіннай працу ў нацыяналцы, мне нават крыху сорамна, наколькі я не цаніла камфортныя ўмовы акадэмічнай працы. Тым больш, што многія зрабілі ўнёсак ў яе з сваіх невялікіх заробкаў. Зараз жа ўсе мае кампліменты – ёй.
Насамрэч, сапраўдным заўзятарам беларускай нацыяналкі становішся толькі тады, калі маеш магчымасць параўнаць яе з самымі лепшымі бібліятэкамі свету. У маім спісе некалі адна з самых ненавісных кропак на мапе Мінска (прывід курсавой і дыплома, далёка і не вельмі зручна ехаць) значна паднялася пасля таго, як мне прыйшлося папрацаваць з сістэмай Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі (РНБ). Але ў той жа час да маёй любімай бібліятэкі Лунда нацыяналка, канешне, не дацягвае – куды навабуду, нават такой мудрагелістай формы спрачацца з будынкам 16 стагоддзя з лежакамі і вайфаем.
Шведскія бібліятэкі (некаторы час я наведвала гарадскія бібліятэкі Мальмё і Стакгольма) – гэта зусім іншая справа. Мадэрновыя, яны сумяшчаюць і камфорт, і прыгажосць, і сучасную архітэктуру (Мальмё), і перабудову ХХ стагоддзя (Стакгольм), і старажытныя замкі-крэпасці (Лунд). Беларускія бібліятэкі растуць са сваёй глыбіннай саўковасці ў нейкія аазісы адукацыі і адпачынку (прыклад таму мая шаноўная Пушкінка, што за ЦУМам – месца з замежнымі залямі, рознымі клубамі і неблагім падборам літаратуры) альбо будуюць новы свет, як гэта адбылося з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Прыкладна ў ровень з беларускімі развіваюцца і невялікія старыя бібліятэкі Санкт-Пецярбургу: на месцы “храмаў чытання”, паміж палічак 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя тусуецца моладзь, праводзяцца адкрытыя ўрокі мовы, курсы. Тут можна павучыцца ў традыцыйных кружках кшталту “Кройка і шытво”, альбо навучыцца рабіць літаграфіі і гіпсавыя вазончыкі. Мая другая любоў – гэта невялічкая бібліятэка імя Гогаля: месца кніжнага коўзання на мяккіх пуфіках і прытулак сучаснага мастацтва.

(с) Новая газета в Петербурге. Галоўны будынак, перакрыжаванне пл. Астроўскага і Неўскага праспекту
На гэтым развітым інтэрнацыянальным фоне, дзе бібліятэка – гэта шматфункцыянальны цэнтр, на ўскрайку ганарлівым імперыялістам-буржуа выглядае РНБ. Па-першае, яна займае проста мільярд розных будынкаў ў самым цэнтры Піцера, пры тым, што разабрацца, што і ў якім будынку знаходзіцца, можна толькі праз метад спроб і памылак, альбо пры дапамозе спадара Камбербеча. Па-другое, гэта месца непераадольных кансерватыўных нораваў: там дагэтуль засталіся папяровыя лісты кантролю і замовы. Электронная замова з дамашняга камп’ютара? Электронны чып, на якім будзе ўся неабходная інфармацыя? Вы з глузду з’ехалі, шаноўная?!

(с) Kuprianov , LiveJournal Ліст для замовы літаратуры ў залі РНБ
Вось ён, герой стагоддзяў. Так, менавіта такія лісты дагэтуль выкарыстоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу. Канешне, не ў прыклад нашай сістэме давозу і падбору кніг, тут усё працуе вельмі павольна, бо носіцца на плячах бібліятэкарамі. Таму з заказу да выдачы можа прайсці ад паўгадзіны да двух.
Але чаканне – гэта не самае страшнае, страшна тое, што чакаць з умоўным камфортам можна толькі ў буфеце, бо усе астатнія мяккія (і не мяккія) месцы для адпачынку не прадугледжаны. Буфет і сталовая РНБ таксама вельмі настальгічныя: па маім апісанні мая маці засумавала пра свае студэнцкія годы, а я ўстойліва асацыявала атмасферу са сталоўкай галоўнага корпусу БДУ, толькі ў БДУ смачней, танней і не вые нешта там пра каруселі Пугачова…
Безумоўна, РНБ – гэта непаваротлівая бюджэтная сістэма, якая змяняецца вельмі павольна, са скрыпам і скрыгатам, новы будынак РНБ на Маскоўскім праспекце (фонд замежнай літаратуры, філалогіі, палітычных і прававых дакументаў) – гэта ўжо вялікі крок наперад для такой установы, кажуць, што там нават сталоўка смачнейшая. Але старая часта бібліятэкі – якраз гістарычны фонд – гэта цяжкая, пыльная і панурая атмасфера з надзіральнікамі і татальным кантролем і нясмачнай кавай.