Адукацыйная выстава: чаму туды варта схадзіць?

  • Час чытання: 3 хвілін
  • 16.02.2017
  • Блог

Сёння ў Мінску адкрылася 15-я Міжнародная выстава “Адукацыя і кар’ера“. Пад адным дахам Палацу спорту яна сабрала дзясяткі ўніверсітэтаў і каледжаў, якія ў лепшым свеце прэзентуюць свае праграмы і магчымасці. Adukacyja.info адной з першых пабывала на выставе і пазнаёмілася з самымі цікавымі экспанентамі. Раім гэта зрабіць і вам!

Умоўна ўсю “экспазіцыю” можна падзяліць на чатыры блокі: беларускія ўніверсітэты, каледжы і ўстановы прафесійнага навучання (таксама беларускія), замежныя навучальныя ўстановы, культурныя і адукацыйныя цэнтры. Кожны з іх гатовы падрабязна расказаць пра ўмовы паступлення, праграмы навучання, яго кошт і г.д. Выдатная магчымасць ужывую сустрэцца з прадстаўнікамі і пачуць адказы на ўсе-ўсе пытанні, якія могуць цікавіць патэнцыйнага абітурыента!

На ўваходзе кожнага наведвальніка сустрэне беларускі блок: тут мы заўважылі Мінскі дзяржаўны лінгвісты ўніверсітэт, БДУ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, БДУІР, БДЭУ, Інстытут сучасных ведаў, Камандна-інжынерны інстытут і шмат іншых. Абітурыенты, якіх традыцыйна цікавяць гэтыя навучальныя ўстановы, могуць падысці і даведацца ўсю неабходную інфармацыю пра факультэты і спецыяльнасці, што прапануюцца ўніверам. Заўважым, што адбываецца гэта ветліва, таму сорам – убок, а вы – наперад!

У сярэдняй секцыі – цікава-спецыфічныя стэнды, якія агітуюць школьнікаў паступаць ў прафесійныя ліцэі ці каледжы, дзе можна атрымаць прафесію кандытара, будаўніка, швеі, машыніста, мехатроніка і г.д. Ці мала…

Апошні рад залі будзе цікавы для тых, хто думае пра паступленне за мяжу. Гэты блок прадстаўляюць замежныя ўніверітэты пераважна з недалёкага замежжа: Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі.

Самы вялізны стэнд належыць StudyinPoland.pl, які прадстаўляе каля дзясятку польскіх універсітэтаў, што чакаюць на беларускіх абітурыентаў. Тут можна распытаць пра кожны ўніверсітэт паасобку альбо ўзяць змястоўны гайд, які зарыентуе і ў цішыні дапаможа вывучыць інфармацыю пра вышэйшую адукацыю ў Польшчы. Універсітэты Вроцлава, Варшаўскі ўніверсітэт гуманітарных навук імя Пруса, Collegium da Vinci, SWPS University, Гданьскі адукацыйны цэнтр таксама гатовыя распавесці пра ўмовы навучання ў іх і стыпендыі, даступныя для беларусаў, але ўжо ў іншых месцах.

Латвійскіх універсітэтаў, на дзіва, таксама нямала. Асобнай увагі заслугоўвае Стакгольмская школа эканомікі ў Рызе: штогод яна выдзяляе 20 стыпендый для навучання, 9-10 з якіх адыходзіць беларусам.

Літоўцы тут прадстаўлены таксама. Хто жадае пазнаёміцца з ландшафтам літоўскай вышэйшай адукацыі, якая круціцца зусім не вакол ЕГУ, прыходзьце. Вільнюскі бізнэс-каледж, Віленскі тэхнічны ўніверсітэт імя Гедыміна ды іншыя вас ветліва пракансультуюць, што могуць прапанаваць гэтыя ўстановы.

Калі захочацца спецыфічнасці, можна наведаць і Ўніверсітэт Назарбаева. Здараецца і такое.

Тут жа вы знойдзеце стэнды Інстытута Гётэ ў Мінску, офіса DAAD, Ізраільскага культурнага цэнтру, які, дарэчы, прапануе цікавыя праграмы МАСА для тых, хто мае габрэйскія карані хаця б у трэцім калене. Ці курсы па вывучэнні іўрыту, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Чаргу мы заўважылі побач са сnэндам, які прэзентуе праграму адукацыйных паездак Таглід.

Дык навошта туды ісці? Перш за ўсё, каб пагутарыць з універсітэтам не праз манітор кампутара, а жыўцом, распытаць пра ўсе аспекты магчымага навучання ў абранай установе і г.д. Па-другое, на выставе вы можаце знайсці тыя ўстановы, пра якія, магчыма, нават не ведалі, а яны тым часам існуюць і прапануюць цікавыя, перспектыўныя праграмы.

Але загадзя ўсё ж рэкамендуем вызначыцца, у якой сферы вы ўяўляеце сябе ў будучыні, і з гэтым (хаця б прыблізным) уяўленнем ісці на выставу. Але ісці туды варта адназначна! Хаця б таму, што такія падзеі ў Беларусі здараюцца даволі рэдка.