Адукуй сябе пра Еўропу: Ад скептыцызму да натхнення

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Анастасiя Немчыкава – выпускніца першага набора  “Адукуй сябе пра Еўропу”, якая ўвайшла ў тройку лепшых па вынiках навучання. Яна пагадзілася пагутарыць са мной пра тое, якія чаканні ў яе былi ад праекту першапачаткова, што даў ёй гэты праект і як яна рэалізоўвае сябе на сённяшні дзень.

Добры дзень, скажы калі ласка, ці ёсць жыццё пасля “Адукуй сябе пра Еўропу”? Чаму я пытаю? Мне было вельмi цяжка пасля 2 дзён інтэнсiўнай, плённай працы ўвайсцi ў штодзённы графiк жыцця, як гэта было ў цябе пасля таго як курс скончыўся?

Вітанне! Пытанне, насамрэч, вельмі слушнае – калі мы вучыліся, то часам дэдлайны так дыхалі ў патыліцу, што здавалася – блін, не паспяваю анічога. Але калі вучоба скончылася, то з’явілася шмат часу, у які рабіць праекты і складаць презентацыі было ўжо не трэба – і тады адчулася, наколькі шмат можна зрабіць, калі добра размяркуеш свой час. Важны ўрок для мяне, і, думаю, для маіх аднагрупнікаў таксама.

Расскажы трохi пра тых, хто з табой навучаўся. Што гэта за людзi i цi было складана знайсцi кропкi судотыку.

Пра іх троху і не раскажаш – кожны быў адметны як чалавек, са сваімі ідэямі і крутымі планамі. Прыемна было знаходзіцца ў атмасферы кемлівасці – калі не толькі табе цікава на занятках, але і ўсім побач, і ты можаш штосьці абмеркаваць пасля, пагутарыць пра тое, што пачуў. Мы, здаецца, і вучыліся адзін у аднога з тым жа поспехам, як і на занятках – не сорамна было прызнацца “а я вось не ведаю”. Гэта, пэўна, адметная рыса праектнага навучання – людзі з розным досведам вучацца разам, і нават калі ты прафесар у якой-небудзь навуцы, то заўсёды знойдзецца і для цябе штосьці новае і незвычайнае ад іншага чалавека. Вось у нас было менавіта так.

Ты праектны чалавек, цi наадварот, твая самаадукацыя праходзiць толькі праз цябе, без шматлiкага ўдзелу ў праектах i раз’ездах?

Я наогул не праектны чалавек. Я ўдзельнічала ў некалькіх міжнародных летніках, якія былі больш арыентаваны на натхненне і зарад, чым на навучанне. Для мяне курсы “Адукуй сябе пра Еўропу” акурат былі першай спробай структураванай нефармальнай адукацыі. Я нават жартавала, што арганізатарам трэба было назваць курс “Адукуй сябе ПРАЗ Еўропу”, бо мы ўсе атрымалі комплекс ведаў не толькі пра Еўразвяз, але і пра тое, як можна навучацца і якія методыкі можна выкарыстоўвываць.

“Адукуй сябе пра Еўропу” – гэта добры шанс паспрабаваць свае сiлы ў новым тыпе адукацыi. Ты, як чалавек, якi ўжо скончыў універ, ведаеш, што такое акадэмiчнае навучанне. Што ты скажаш наконт змяшанага вочна-завочнага навучання  “Адукуй сябе пра Еўропу”? Якiя ты бачыш недахопы цi наадварот, што спадабалася?

Я з тых людзей, што вельмі любяць бегаць вачыма па розных анлайн-курсах, запісвацца на іх – і праходзіць два-тры заняткі максімум. На жаль, не хапае ўседлівасцi. А ва ўніверы не падабалася сядзець на тых парах, дзе самому пачытаць было куды хутчэй, чым адслухаць лекцыю. Таму вочна-завочная форма была створана быццам для такіх, як я. З аднаго боку, вучышся сам, з другога – кантроляць ментары, а не праграмы. Адчуваецца зацікаўленасць ментараў у тым, каб ты дайшоў да канца курса, штосьці з яго вынес для сябе.

Хацелася б вернуцца троху назад i пагутарыць з табой пра твае чаканнi ад праекту. Якiя яны былi, калi ты толькi ўбачыла, што абвяшчаецца набор, цi калi запаўняла заяўку? Гэта цiкава, таму што ты прайшла менавiта першы адбор, ты i твае калегi былi адмысловымi Хрыстафорамi Калумбамi. На вас праводзiлi эксперымент, як гэта будзе, таму твае чаканнi павiнны быць самыя непрадказальныя.

Насамрэч, гэта заўсёды латарэя – што табе дасі курс ці праграма. Бывае, што не так шмат даведаешся, але пазнаёмішся з прышпільнымі людзьмі, бывае, наадварот – унясеш вагон ведаў. Нягледзячы на тое, што напачатку я была троху скептычна настроена, сам курс даў мне і сяброў, і шмат накірункаў для навуковай працы ў далейшым.

Што ты ўкладваеш у паняцце “скептычна настроена”?

Гэта больш тычыцца мяне самой – як я ўжо казала, мяне складана назваць уседлiвым чалавекам, і я думала аб тым, што гэта і тут будзе праяўляцца. Думала, што проста ў нейкі момант стане нудна. Не стала, дарэчы:)

Цi адбылося ўсё як ты чакала, цi ўсё было лепш / горш за твае думкi?

Нашмат лепш. Я прыйшла на праект з тым, каб даведацца пра Еўропу і троху распавесці пра Ірландыю (Анастасія – адна з аўтараў  пабліка “Скупое сонца Корка Дорха”, праекта прысвечанага адбіткам ірландскай культуры). І ўсе атрымалася як нельга лепей – тымі ведамі, што я атрымала на курсе, я паглыбіла вывучэнне цудоўнай краіны Ірландыі. Паціху з гэтым праектам плануем выходзіць у свет – цікавасць беларусаў да ірландскай культуры не можа не матываваць працаваць далей у гэтым накірунку.

Чым ты займаешся зараз? Праграмы, валанцёрства, трэнiнгi, праца?

Я ўжо амаль два гады з’яўляюся валанцеркай МГА “Фаланстэр”, дзе мы стараемся з дапамогай лічбавых тэхналогій рабіць свет трошачку лепей. Свабодны час аддаю туды – зараз з камандай плотна працую над праектам “Гік-лаўка” – магазінам гікаўскіх тавараў, дзе мы не толькі прадаем, але і робім майстар-классы. Да нас можна, напрыклад, прыйсці і распісаць футболку ці зрабіць значку са сваім малюнкам.

I апошняе пытанне: цi паўплывала на цябе праграма  “Адукуй сябе пра Еўропу”? Што ты ўзяла з сабой з курсу для сваёй прафесiйнай цi валанцерскай дзейнасцi?

Так, уплыў быў значны. Што самае адметнае – пэўна, новыя тэхналогіі і крутыя знаемствы. Шчыра скажу, што прэзентацыі да праекта рабіць не вельмі любіла, зараз з імі справы выглядаюць значна лепей. І сама магчымасць вочна-завочнага навучання засела ў галаве – так натхніла, што потым адвучылася яшчэ на курсе па стварэнню анлайн-курсаў. Зараз у пошуках крутых ідэй для рэалізацыі:)

Жадаю табе знайсцi гэтыя самыя iдэi, будзем сачыць за тваёй дзейнасцю i вялiкi дзякуй за гутарку! Было вельмi прыемна i цiкава!