«Адукуй сябе пра Еўропу»: Проста аб сур’ёзным
- Час чытання: 4 хвілін
Інтэрв’ю з выпускніком курса «Адукуй сябе пра Еўропу» Сямёнам Соркіным, студэнтам 4 курса спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ імя Я. Купалы.
– Сямён, як ты стаў удзельнікам праграмы?
– Раней мне не даводзілася ўдзельнічаць у праектах падобнага тыпу. Аднойчы на вочы трапілася ў сацыяльнай сетцы група adukacja.info, і я захацеў даведацца больш аб гэтай пляцоўцы. Ужо на сайце я ўбачыў аб’яву аб наборы ў школу «Адукуй сябе пра Еўропу». Праект мяне зацікавіў, і я падаў заяўку.
– Чым прыцягнуў цябе гэты праект?
– Я меў жаданне даведацца больш пра функцыянаванне ЕС як палітычнага і эканамічнага інстытута, аб эканамічным узаемадзеянні Беларусі і Еўрапейскага саюза – паколькі гэтыя аспекты звязаныя з маёй будучай прафесійнай дзейнасцю.
– Праект спадабаўся?
– Вядома, спадабаўся! Я стаў кампетэнтней у прафесійнай сферы, набыў новыя знаёмствы. Спадзяюся, знаёмства з камандай «Адукацыі» працягнецца з новымі праектамі.
– Што ў праграме курса спадабалася больш за ўсё?
– У першую чаргу, фармат blended learning, які пакуль слаба распаўсюджаны ў фармальнай сістэме адукацыі. Для мяне гэта быў першы вопыт вучобы ў такім фармаце і ён апынуўся вельмі зручным. Па-другое, запрошаныя эксперты, якія апынуліся сапраўднымі прафесіяналамі. Пасля праходжання курса я стаў значна лепш арыентавацца ў структуры і арганізацыі Еўрапейскага саюза. Ва ўніверсітэце я таксама знаёміўся з гэтай сферай, але сістэматызаваў веды менавіта на гэтым праекце. Карыснай была і інфармацыя аб розных адукацыйных праграмах, якія прадастаўляюцца краінамі Еўрапейскага саюза.
– Ці змянілася стаўленне да адукацыі ўвогуле пасля ўдзелу ў праекце?
– Так! Фармат вочна-завочнай адукацыі больш эфектыўны, чым я думаў раней. Ва ўніверсітэце ў нас таксама выкарыстоўваюцца розныя тэхнічныя сродкі навучання: перыядычна практыкуюцца вэбінары, выкарыстоўваецца адукацыйны партал… Але выкладчыкі ВНУ падыходзяць да гэтага хутчэй фармальна, не выкарыстоўваюць ўсяго патэнцыялу сучасных тэхнічных магчымасцяў. Стваральнікі курсу «Адукуй сябе пра Еўропу» наадварот імкнуліся прадастаўляць інфармацыю ў такім выглядзе, які можа зацікавіць студэнта. Падыходзілі крэатыўна пры стварэнні заданняў. Факты маглі быць агульнавядомымі, але падача эксклюзіўнай. Яны разумелі: спампаваць падручнік ў электронным выглядзе я заўсёды магу і самастойна, без удзелу ў курсе. Шкада, але пакуль так лічаць не ўсюды.
– Ці разглядаеш варыянт працягу вучобы па еўрапейскіх адукацыйных праграмах?
– Арганізатары курсу распавялі пра шматлікія магчымасці вучобы ў Еўропе і ад такой перспектывы я не адмаўляюся. Гэта можа быць і нефармальная адукацыя, па-за межамі ўніверсітэта. У мяне ўжо быў вопыт вучобы па абмене, увосень 2017 года адзін семестр я вучыўся ў Славеніі на факультэце эканомікі і бізнесу ў Марыборскім універсітэце па праграме Erasmus.
– Раскажы крыху пра досвед вучобы ў Славеніі. Сістэма вышэйшай адукацыі Славеніі моцна адрозніваецца ад нашай, беларускай?
– Вучоба па абмене дазволіла пазнаёміцца з еўрапейскай адукацыяй, яе прыярытэтамі. Навучальныя праграмы маёй спецыяльнасці апынуліся вельмі падобнымі. Галоўнае ж адрозненне я бачу ў наяўнасці вялікай колькасці дысцыплін па выбары, якіх каля 30% ад агульнай колькасці вывучаемых прадметаў. У Славеніі вучыцца нямала замежных студэнтаў, што таксама фармуе сваю спецыфіку. Практычна ўсе выкладчыкі валодаюць англійскай на належным узроўні. Але гэта хутчэй следства глабалізацыі, думаю, з часам гэтак жа будзе і ў нас. Узровень валодання прадметам, прафесійная кампетэнцыя выкладчыкаў у Беларусі і Славеніі прыкладна роўныя.
– Славенія лічыцца адной з найбольш высокаразвітых дзяржаў Цэнтральнай Еўропы. Краіна паспяхова інтэгравалася ў ЕС і паказвае высокі эканамічны рост. А што ментальна адрознівае славенцаў ад беларусаў, ты заўважыў адрозненні?
– Славенцы, як і беларусы, славяне, таму ў нас больш агульнага! За перыяд навучання я пазнаёміўся са славенскай мовай, нашы мовы трохі падобныя. Славенцы запомніліся мне добразычлівымі і гасціннымі людзьмі, якія нягледзячы на еўраінтэграцыю захавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Гэты народ ганарыцца сваёй гісторыяй і культурай – гэтага, здаецца, і не хапае часам беларусам.
– Якія парады ты можаш даць удзельнікам другога набору «Адукуй сябе пра Еўропу»?
– У першую чаргу, актыўна ўдзельнічаць у дыскусіях на сустрэчах, выказваць свой пункт гледжання і задаваць пытанні экспертам. А яшчэ праглядаць як мага больш матэрыялаў, рэкамендаваных арганізатарамі, паколькі там можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб курс быў цікавым і эфектыўным, зараз справа за ўдзельнікамі!
– Вялікі дзякуй, Сямён, за рэфлексію пра ўдзел у праекце і карысныя парады. Жадаю табе паспяхова рэалізаваць атрыманыя веды на практыцы!
З Сямёнам гутарыў Аляксандр Перагудаў, удзельнік 2-га набора «Адукуй сябе пра Еўропу».