Адукуй сябе пра Еўропу: Шлях даўжынёй у чвэрць стагоддзя

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 12.03.2017
  • Блог

Кацярына Гладкая – адна з навучэнак курсу “Адукуй сябе пра Еўропу”, дзеліцца сваімі знаходкамі і назіраннямі пра важныя моманты гісторыі Еўрасаюза.

7 лютага 1992 года была  падпісана дамова, якая паклала пачатак Еўрасаюза. За гэты час ён адбыўся і ўмацаваўся, хоць і перажывае вельмі няпросты час. Каця рэфлексуе над некаторымі момантамі з гэтай гісторыі:

  • На сённяшні дзень у ЕС 27 краін-удзельніц. Гэта, зразумела, менш за 28, але больш за 12.
  • Хіба штурмавалі б натоўпы ўцекачоў з краін Азіі і Афрыкі яго межы, калі б ЕС быў такі дрэнны? Хіба б тоўпіліся грамадзяне Беларусі ў чарзе за жаданай шэнгенскай візай? Наўрад ці. Значыць, у ім нешта ёсць. Але гэта не значыць, што Еўрасаюз – рай зямны і вяршыня гістарычнага развіцця чалавецтва, гэткі «камунізм, толькі дэмакратычны і ліберальны».
  • З самага моманту яго стварэння не ўсё пайшло гладка. Так, Маастрыхцкі дагавор на рэферэндуме адобрылі ўсяго 51% французаў. Датчане прагаласавалі за яго толькі з другога разу, а англічане прадбачліва наогул не сталі ў народа нічога пытацца. А то б Brexit мог адбыцца яшчэ дзе-небудзь у 1995-м.
  • Галоўным “выгоданабывальнікам” ад удзелу ў Еўразвязе, па меркаванню шэрага эканамістаў, стала Германія. УВП яе падвысіўся на 2,3 %.

 

  • У XXI стагоддзі Еўрасаюз папоўніўся адразу 13 дзяржавамі, але наколькі апраўданым апынуўся такі крок?
  • Цяперашні крызіс з бежанцамі агаліў даўнюю праблему. У ЕС так і не выпрацавалі агульныя іміграцыйныя правілы, правілы прадастаўлення дапамог. І калі Нямеччына сказала, што «справіцца», блізкароднасная Аўстрыя прыйшла ў жах. А разам з ёй схапіліся за галаву Чэхія, Венгрыя, Грэцыя… Крытычная маса назапашваецца.

Нататкі-“цытаткі”:

«Мы лічым ЕС недасканалым. Мы губляем суверэнітэт, атрымліваючы новыя выдаткі, бюракратыю і бескантрольную міграцыю».
Барыс Джонсан, міністр замежных спраў Вялікабрытаніі.

«Калі ўцекачы працягнуць запаўняюць розныя часткі Еўропы, захаваць ЕС будзе вельмі цяжка, таму што яго жыхары будуць раззлаваныя… Думаю, Вялікабрытанія паступіла вельмі разумна, выйшаўшы з Еўразвязу”.
Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША.

Нельга сказаць, што ЕС у адно імгненне разваліцца – у яго аснове ляжыць шмат разумных рэчаў, ад якіх еўрапейцы наўрад ці адмовяцца. Але ў сваім цяперашнім выглядзе Еўрасаюз ужо відавочна не выглядае як увасабленне «еўрапейскай мары», як «дэмакратычны камунізм». І каб механізм зноў запрацаваў, у ім прыйдзецца шмат чаго памяняць, нешта дадаць, ад нечага адмовіцца. Інакш ён будзе нагадваць не вяршыню развіцця Еўропы, а буксуючую развалюху.