“Адукуй сябе пра(з) Еўропу” – скончылі другі выпуск

  • Час чытання: 6 хвілін
  • 12.06.2018
  • Блог
  • Здымкі Вольгі Турло

Два насычаныя дні ў Вільні. Цікавыя праэкты, матывуючыя спікеры, сама Вільня – магічная і яскравая. Зацікавіла? А гэта Школа “Адукуй сябе праз Эўропу” ладзіла трэццюю і апошнюю face-to-face сустрэчу!

Дзень першы

У суботу удзельнікі школы прэзэнтавалі вынікі сваіх міні-праэктаў. Міні-праэкты маглі быць рознымі. Можна было зрабіць інтэрв’ю, прэзентацыю ці печа-куча для замежнікаў. Тэма была аднолькавая: Эўропа і Беларусь – погляд суседа.

Да інтэрв’ю ўсе удзельнікі паставіліся адказна. Так, Дыяна перакладала  з ангельскай на беларускую, што не вельмі звычна для яе. Таксама яна адзначыла, што для францужанкі Аліс, яе гераіні, валанцёрства было once in a lifetime магчымасцю пабачыць Беларусь. Аліс была вельмі здзіўленая тым, што наяўнасць вышэйшай адукацыі ўплывае на працаўладкаванне.

Яўген падкрэсліў у сваім інтэрв’ю праблему з безбар’ерным асяроддзем. Мано Шванебергер распавяла аўтару, што яе вельмі здзівілі кошты на прадукты ў Мінску – амаль такія ж як і ў Германіі – і вялікія праблемы з пандусамі. Дзяўчыне не хапала таксама роверных сцежак.

Аляксандра даведалася, што нямецкая пункуальнасць – гэта толькі міт. Норман ахвотна распавёў пра свае ўражанні пра Беларусь. Ён мяркуе, што ў Германіі занадта мала інфармацыі, каб скласці поўнае ўражанне пра краіну.

Марыя таксама брала інтэрв’ю ў нямецкай валанцёркі, Раі. Тая падзялілася сваім досведам камунікацыі з беларусамі. Раю вельмі здзівіла, што нават у турыстычным офісе могуць не размаўляць па-ангельску.  Яшчэ пацвердзілася меркаванне, што ў Беларусі вельмі моцныя гендэрныя стэрэатыпы.

Саша і Алесь працавалі разам над інтэрв’ю. Раксана з Францыі прыехала вывучаць рускую мову на курсах. Спачатку беларусы для дзяўчыны аказаліся вельмі закрытымі і халоднымі. Але калі Раксана пачала паляпшаць свае веды, яна адчула да сябе зусім іншае стаўленне.  Таксама вялікім уражаннем была забарона ўваходу ў інтэрнат з 12 да 6 гадзін раніцы.

Выбар Вікторыі быў нечаканым. Яна зрабіла інтэрв’ю з замежнікам, які працуе і жыве ў Беларусі ўжо доўга. Барыс паходзіць з Арменіі, працуе ў кафэ. Ён стаў знакамітым таму, што першы ў Мінску пачаў гатаваць каву па-ўсходняму. Барыс адзначыў таксама, што яго вельмі непакоіць стаўленне да сталых людзей: часам іх не заўважаюць і не надаюць той увагі, якой яны заслугоўваюць.

Таксама ўдзельнікі курсаў прыгатавалі прэзентацыі. Усе прэзентацыі закранулі праблемы поглядаў на Беларусь з боку Эўропы. Вельмі часта можна было чуць такія погляды як “чыстая, але бедная краіна”, “прыгожыя дзяўчыны”. Прэзентацыя Кацярыны адрознівалася ад усіх іншых. Удзельніца вырашыла падагульніць досвед сваіх аднагрупнікаў і зрабіла шэраг “вредных” парадаў для тых, хто робіць інтэрв’ю.

Віялета зрабіла цікавую інфаграфіку, дзе памясціла цікавыя факты для замежнікаў. Дзяўчына спадзяецца, што вынік яе працы можна будзе выкарстаць для стварэння рознай турыстычнай прадукцыі.

У сваёй прэзентацыі Артур змясціў спасылку на фільм Джуда Лоў “Connection”, артыкул Vice пра Беларусь і ўласнае відэа пра замежнікаў у Беларусі.

Рыгор пералічыў 5 рэчаў, якія застаюцца незразумелымі для іншаземцаў, а Наста зрабіла цікавае назіранне: “Не трэба паказваць гарады, трэба паказваць што за імі”. Араз выразіў сваю зацікаўленасць тэмай LBGTQ-кам’юніці ў Беларусі.

За цікавай справаздачай мінула шмат часу. Пасля абеду Довіле Шукуте зрабіла цікавую прэзентацыю пра ролю Беларусі ў адносінах паміж краінамі Балтыкі і краінамі Усходняга партнерства.

Дзень другі

Нядзеля была плённай на цікавыя думкі і спрэчкі. Адбыліся дэбаты, асаблівасць якіх была ў тым, што нельга было абраць бок – трэба абараняць канцэпцыю, нават калі ты з ёй не згодны. Група была падзеленая на прадстаўнікоў апазіцыі і дзяржавы.

Першае пытанне: “Ці мусіць моладзь больш удзельнічаць у палітычным жыцці краіны?”

На погляд прадстаўнікоў дзяржавы, удзел моладзі ў палітыцы дазволіць прыўнесці свежы погляд на пытанні.Таксама можа атрымацца пакаленне прафесіяналаў, якое забяспечыць добрае жыццё наступным пакаленням.

Апазіція не пагадзілася з меркаваннямі дзяржавы. Так, на моладзь можна лёгка паўплываць і часам іх праца будзе аднабаковай.

Другое пытанне: “Ці мусіць Беларусь дазваляць уцекачам заставацца, каб палепшыць адносіны з ЭС?”

Дзяржава падтрымала гэтую ідэю. Прадстаўнікі гэтай групы выказалі меркаванне, што неабходна падтрымка правоў чалавека ў гэтым выпадку. Таксама гэта б дапамагло б дальнейшых перамовах з ЭС, бо будзе назірацца нейкае падабенства поглядаў.

Апазіцыя была занепакоена станам эканомікі – а ці мажліва пусціць уцекачоў і забяспечыць уласных грамадзянаў? Навошта нам гэта рабіць, калі Беларусь нават не ўваходзіць у ЭС? Таксама было меркаванне, што культура ўцекачоў нам чужая, і канфлікты праз гэта непазбежныя.

Што гэта сустрэча дала ўсім нам?

Безліч кантактаў. Цікавыя думкі. Новыя канцэпцыі. Погляд з іншага боку. Натхненне.

А яшчэ яна запэўніла ў тым, што цікавай і адукаванай моладзі ў нас хапае.

Да сустрэчы!