Адзiн год з жыцця эстонскай валанцёркi ў Беларусi
- Час чытання: 5 хвілін
Марыяна, удзельнiца EVS-праекта ў Беларусi, распавяла пра свой досвед валанцёрства i падзялiлася ўражаннямі пра нашу краіну.
Марыяна, ты брала ўдзел у EVS-праекце ў Мінску. Можаш распавесці, што гэта за праграма i якiя магчымасцi яна прадстаўляе для моладзi?
EVS (European Voluntary Service) – адзiн з накiрункаў праграмы Erasmus+. Гэта выдатная магчымасць для моладзi ва ўзросце 17-30 гадоў, якая жадае паваланцёрыць за мяжой. Валанцёрскiя праекты могуць быць вельмi рознымі. Напрыклад, ёсць праекты, падчас якiх валанцёры жывуць у намётах i даследуюць экалагiчную бiяразнастайнасць пэўнага рэгiёна. Таксама EVS-валанцёры могуць дапамагаць лакальным цэнтрам па рабоце з людзьмi з асаблівымі патрэбамі цi займацца арганiзацыяй актыўнасцей для дзяцей пасля школы. Магчымасцей для валанцёрства насамрэч шмат, застаецца толькi абiраць тое, што падабаецца больш.
Ты валанцёрыла ў Беларусі досыць доўгі час, 10 месяцаў. У чым заключаўся твой праект?
Ён быў скiраваны на працу з моладдзю. Я была валанцёркай у РГА «Ліга дабрачыннай працы моладзі». Гэта арганiзацыя займаецца нефармальнай i міжкультурнай адукацыяй моладзi, прасоўваннем валанцёрства ў Беларусi ды развiццём карысных сацыяльных кампетэнцый маладых людзей. Я прымала ўдзел у арганізацыі трэнiнгаў, семiнараў, начных кiнапраглядаў i вечароў настольных гульняў у Мінску.
Раскажы, калі ласка, чаму ты вырашыла прыехаць менавіта ў Беларусь?
Мая сястра ўдзельнічала ў EVS-праекце ў Нямеччыне, таму пра праграму я ведала досыць шмат і сумневаў наконт таго, ці трэба гэта мне, не было – адназначна так! Аднак я не хацела абіраць краіну, папулярную для такіх праектаў і ў якую можна проста з’ездзіць на вакацыях. Мне хацелася чагосьці больш экзатычнага, таму я абрала Беларусь. Акрамя таго, хацела палепшыць навыкі рускай мовы падчас праекту.
Так, наша краіна сапраўды ў нейкай ступені экзатычная для турыстаў. Але, напэўна, ты нешта чула пра Беларусь, на падставе чаго склалася пэўнае меркаванне?
Калі шчыра, ведала я зусім няшмат, у асноўным тыя факты, якія запомніліся яшчэ на ўроках геаграфіі – сталіца Мінск і насельніцтва ў 7 разоў больш, чым у Эстоніі – каля 10 млн чалавек. Я таксама ведала, што фразы “Прывітанне! Як справы? Добра” будзе недастаткова для таго, каб адчуць культуру краіны, таму мне было неабходна ўзнавіць веды рускай мовы, якую нам выкладалi ў школе. Яшчэ, вядома, ведала, што мне патрэбна віза і шмат розных дакументаў, атрымаць якія было няпроста.
Так, мноства дакументаў і паперак – гэта першае, што запамінаецца замежнікам. Але за 10 месяцаў жыцця ў Мінску былі і іншыя моманты, калі ты адчувала культурны шок. Можаш падзяліцца?
Так, гэта метро. І не толькі таму, што людзі пахмурыя ды не ўсмiхаюцца, але таму, што ў Эстоніі няма метро. Таму ўсё, што звязана з метро, было для мяне новым і незвычайным. Чаго варта было толькі запомніць усе назвы станцый. Таксама я была здзіўлена тым, як у Беларусі ездзяць у аўтамабілях: прышпільвацца на заднім сядзенні рамянём бяспекі не абавязкова. У Эстоніі за такое можна атрымаць вялікі штраф.
І напрыканцы падзяліся парадай, што варта памятаць замежніку, якi збiраецца наведаць Беларусь.
Заўсёды трымайце пры сабе пашпарт! Яшчэ лепш – пашпарт і яго копію. Ніколі не ведаеш, калі могуць праверыць тваю рэгістрацыю, пачуўшы, што ты замежнік. Раю часцей камунiкаваць з мясцовымі жыхарамі. Людзі ў Беларусі вельмі добрыя і адкрытыя. Яны заўжды гатовы накарміць вас дранікамі. Дарэчы, па гэтай страве я вельмі сумую. Перад прыездам таксама раю даведацца пра краіну больш. Вельмі шмат месцаў, якія варта наведаць, таму раю спланаваць маршрут загадзя, каб усё паспець. У мяне было 10 месяцаў, таму я паспела я пабываць у многіх месцах і атрымаць асалоду ад прыгажосцi прыроды. І з упэўненасцю магу сказаць, што самыя выдатныя месцы Беларусі зусім не турыстычныя. Абавязкова скарыстайцеся цягніком, каб пабываць дзе-небудзь яшчэ, акрамя Мінску. І не забудзьце з’ездзіць на Нарач! Гэта must do у Беларусi.