Алег Саладуха: “У Брытаніі сумленная адукацыя”
- Час чытання: 5 хвілін
Выпускнік стыпендыяльнай праграмы The Chevening Scholarships Programme Алег Саладуха расказвае пра свой досвед навучання ў Брытаніі.
Раскажы, як ты апынуўся ў Брытаніі? Па якой праграме ты туды трапіў?
У 2005 годзе Міністэрства Замежных Спраў Вялікабрытаніі сумесна з універсітам графства Сасэкс (The University of Sussex) запрасілі да ўдзелу у 1- гадзічнай праграме The Chevening Scholarships Programme актыўных людзей, якія сябе выявілі ў якой-небудзь вобласці ў сваёй краіне. Стыпендыя пакрывала пражыванне, харчаванне ды праезд. Я вучыўся на паўдневым усходзе Англіі – гадзіна язды ад Лондану, на ўзбярэжжы каля Брайтана. Там знаходзіцца знакаміты Брайтан-біч, адкуль пайшла назва амерыканскага Брайтан-біч. На той момант я скончыў навучанне у ін’язе (Лінгвістычны Універсітэт) і паехаў у Брытанію ў магістратуру навучацца па спецыяльнасці “еўрапейскія даследаванні”. Спачатку быў агульны курс навучання, але галоўным было напісанне дысертацыі. Гэта добры ўніверсітэт, не вышэйшага рангу, але добры – вышэй за сярэдні, студэнты якога потым працуюць на ўсіх узроўнях, у тым ліку ва Урадзе. Са мной вучыліся тыя, хто потым працаваў, напрыклад, з прэм’ер-міністрам.
Якімі якасцямі неабходна валодаць для удзелу ў праграме?
Для таго, каб атрымаць стыпендыю, трэба было праявіць сябе ў грамадскім або грамадска-палітычным жыцці. Іншымі словамі, патрэбны былі выразныя лідэрскія якасці. Трэба было прадэманстраваць, што ты можаш і хочаш прымаць рашэнні. Да таго часу я ўжо даўно займаўся студэнцкімі абменамі і актыўнічаў у грамадскім жыцці.
Што цябе здзівіла ў навучанні ў Брытаніі? Што ў іх ёсць такого, чаго ў нас няма?
Здзівіла тое, што там людзі ўвогуле жывуць па іншых прынцыпах. У іх сумленная адукацыя. Калі яны прыйшлі вучыцца ў ВНУ – значыць, яны зацікаўленыя ў вучобе. Калі яны атрымліваюць добрыя адзнакі, значыць, яны добрыя адмыслоўцы. Увогуле тое, што нам кажуць у Беларусі пра нашу добрую якасную адукацыю – хлусня. Адукацыя там – на парадак вышэй: у арганізацыі вучэбнага працэсу, забеспечанні студэнтаў неабходнымі матэрыяламі, у падыходзе выкладчыкаў ды саміх студэнтаў да адукацыі. У Беларусі нам заўжды бракавала падручнікаў і мы пастаянна жылі з нейкімі ксеракопіямі. Там у карыстанні студэнтаў – велічэзная бібліятэка, у якой можна было жыць. І яна ніколі не пуставала, бо людзі на самай справе зацікаўленыя ў адукацыі.
Што табе патрэбна было зрабіць па заканчэнні праграмы?
Мне патрэбна было напісаць навуковую працу па тэме маёй спецыяльнасці. І тут я таксама заўважыў каласальнае адрозненне ад таго, як навуковыя працы робяць у Беларусі. Калі ў нас вельмі часта студэнты проста запампоўваюць кучу рознай інфармацыі з сеціва, то там за гэта адразу выключаюць з універсітэта. Незалежнасць у працы і адсутнасць іншых матэрыялаў, якія былі аднекуль выкрадзеныя – асноўныя прынцыпы напісання працы. Праца ж нашых студэнтаў, на жаль, з большага зводзіцца да таго, што чалавек проста знаходзіць нейкія часткі тэксту ў розных крыніцах, тусуе іх і выдае гэта пад свае імем, і, што дзіўна, такія працы прымаюцца выкладчыкам на “ура”, абы яна была добра і хораша напісаная. Але хто рабіў гэтыя часткі – усё роўна, галоўнае – добра змяшаў. У Велікабрытаніі гэта караецца ў першую чаргу, бо плагіят – гэта злачынства. Калі бярэш хоць нейкі чужы матэрыял, то абавязкова павінен паказаць, чый гэта матэрыял. У працы не можа быць не паказаны нейкія крыніцы інфармацыі. Там існуе строгая сістэма правіл, як гэтыя крыніцы інфармацыі трэба афармляць. Існуюць адмысловыя праграмы, якія працы правяраюць на плагіят, гэта спрашчае працу выкладчыкам.
Як адносяцца выкладчыкі да студэнтаў і па якой сістэме адбываецца выкладанне ўвогуле?
Ніхто ніколі потым не правярае, вядзе студэнт канспект ці не, і ніхто не адзначае, які ён у цябе добры або яго ў цябе наогул няма. Выкладчыкам напляваць на гэта. Правяраць канспекты – гэта глупства, таму што ўсе разумеюць: нават калі запісаць і вывучыць лекцыю на памяць, студэнт не зможа ахапіць цалкам тэму, якой прысвечана гэтая лекцыя. Таму студэнтам проста даецца спіс літаратуры: для абавязковага чытання і для дадатковага. А ўжо, што табе рабіць на лекцыях, вырашаеш сам. Прысутнасць на семінарах яшчэ больш-менш адзначаецца, а на лекцыях – наогул не. У нас, у палякаў і французаў сістэма адукацыі вельмі моцна завязаная на аўтарытэце выкладчыка, і чым больш гадоў выкладчыку, чым больш ён сівавалосы, тым, лічыцца, лепш. Але ў Брытаніі ў выкладчыкаў больш амерыканскі падыход, калі твой выкладчык, у першую чаргу, – твой калега, якога ты завеш па імені і не прытрымліваешся ніякіх рангаў. Я бачыў маладых дактароў, якім 27-30 гадоў і якія насамрэч вельмі дасведчаныя і сапраўды валодаюць інфармацыяй. У Велікабрвтаніі людзі не глядзяць на ранг, там глядзяць на тое, што ты ведаеш, бо ніхто нікуды не пападае па пратэкцыі.
Па якіх крытэрыях выкладчыкі ацэньваюць веды студэнтаў?
Вусновых іспытаў няма зусім – каб прыбраць суб’ектыўны фактар пры адзнацы, каб дзяўчына ў кароткай спадніцы не атрымала за прыгажосць сваіх ног вышэй адзнаку. Таму ўсе іспыты здаюцца толькі пісьмова ў такім парадку: ты пішаш, працу здаеш і яна адзначаецца нумарам, які нікому невядомы. Зразумела, выкладчык, які выкладаў у гэтых студэнтаў, прыкладна ведае, чыя гэта праца можа быць, але для гэтага ёсць дадатковы назіральнік, а можа і трэці яшчэ чалавек прыйсці праверыць. У Брытаніі адладжаная сістэма ва ўсім.
Ці была ў цябе магчымасць уладкавацца на працу ў самой Брытаніі пасля заканчэння праграмы?
Згодна з умовамі праграмы, пасля заканчэння вучобы мы павінны былі вярнуцца і карыстацца ведамі ў сваёй краіне. Мы нават падпісвалі дамову з грантадаўцам. Але хтосьці сапраўды выкарыстоўвае такія праграмы, каб вырвацца і застацца там. Калі да 2004, пакуль у ЕС не ўступілі балтыйскія і прыбалтыйскія краіны, уключаючы Польшчу, уладкавацца было хоць неяк магчыма, то пасля – складана. Каб у Брытаніі беларусу уладкавацца на працу, спачатку усяго толькі патрэбна быць лепш за усіх прадстаўнікоў Ўсходняй Еўропы. Па законе ЕС, каб узяць туды на працу не грамадзяніна ЕС, трэба спачатку пераканацца, што на гэтую пазіцыю нельга знайсці грамадзяніна ЕС. Хапае і ўсходнееўрапейцаў, якія адвучыліся ў ЕС. Да ўсяго, ім не трэба рабіць візу ды займацца афармленнем дадатковых дакументаў. Таму пасля ўступлення ў ЕС нашай суседкі Польшчы адразу ўсе палякі, хто хацеў, з’ехалі. І давесці, што ты лепш паляка, насамрэч няпроста.
Ты вярнуўся ў Беларусь у 2006. Як за гэтыя гады ты прымяніў свае веды?
Да ад’езду ў Брытанію я выкладаў у ін’язе студэнтам чацвёртага курса. Калі вярнуўся, мне зноў захацелася выкладаць, таму што я бачыў, як гэта можа быць, жадаў дапамагчы краіне. На той момант я пераканаўся, што выкладчыкі ў ін’язе патрэбныя. Я туды прыйшоў, яны спыталі, дзе я навучаўся, што вывучаў. Я адказаў, што сацыялогію, паліталогію і інш. галіны. Але у родным універсітэце мне адказалі, што, маўляў, будзе лепш, калі я і далей працягну сваю адукацыю ў гэтым рэчышчы. Карацей кажучы, я ім апынуўся не патрэбным. Са мной у Брытаніі вучыліся, напрыклад, студэнты з Балканскага паўвострава , у іх адукацыю ўкладвала грошы сама іх дзяржава, а за гэта яны абавязкова павінны былі ўжываць веды на практыцы ў свайё краіне. Бо сама дзяржава ў гэтым зацікаўленая. Але, на жаль, у Беларусі ты – персона нон-грата, таму што з’яўляешся патэнцыяльным апазіцыянерам: пусці цябе выкладаць – раптам ты будзеш запальваць іншых людзей нейкімі ідэямі? Дарэчы, ў Брытаніі слова “палітыка” – не лаянкавае. Там каб прыйсці ў палітыку людзі гадамі вучацца і робяць кар’еру. То бок усе сваі веды я атрымаў дзеля сябе. Зараз я у асноўным выкарыстаю сваю перакладніцкую адукацыю.
Але кожны год нехта ездзіць па стыпендыяльных праграмах… Ці магчыма, каб атрыманая адукацыя ішла на паляпшэнне не толькі інтэлектуальных магчымасцяў пэўнага чалавека, але і сваёй краіны?
– Такое магчыма, але калі адукацыя з большага пярэйдзе ў прыватныя рукі. Гэта створыць канкурэнцыю і студэнты будуць больш адказна падыходзіць да навучання, а універсітэты будуць набіраць добрых абітурыентаў. Зараз платная адукацыя ў Беларусі – 900-1000 даляраў ЗША. Гэта вельмі шмат. У той жа Нямеччыне навучанне каштуе 500 эўра і, ўлічваючы якасць адукацыі там, вывад робіцца сам сабой: у нас наогул няма сэнсу вучыцца. А платна – тым больш. За мяжой студэнты не плацяць дзяржаве, а дзяржава, у сваю чаргу, не будзе марнаваць грошы на Лядовы палац, ад якога студэнту ніякай карысці. Там за гэтыя грошы мусяць адсправаздачыцца: або набываюць падручнікі, або будуюць новыя будынкі, карпусы, або робяць рамонт. Людзі плацяць грошы і павінны ведаць, куды і на што яны ідуць.