Алесь Анціпенка пра вучобу ў Беларускім Калегіюме: “Трэба разлічваць толькі на ўласную працу”
Давайце ўявім сабе патэнцыйнага абітурыента, які чуў пра БК і ведае, што “вучыцца там – файна”. Але ён не ўпэўнены, што гэта трэба менавіта яму, паколькі кепска ўяўляе, што ж такое Беларускі Калегіюм…
Што такое БК? Калі паспрабаваць адказаць на пытанне каротка, то гэта спроба часткі незалежнай інтэлектуальнай супольнасці краіны кшталтаваць крытычнае мысленне, мысленне адкрытае да беларускіх рэаліяў, а таксама мысленне ўгрунтаване ў еўрапейскі культурніцкі кантэкст ды беларускую культурніцкую традыцыю. Можна сказаць і інакш: гэта спроба дабудовы ці, лепш, працягу новага беларускага інтэлектуалізму, што паўстаў напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тагачасны інтэлектуалізм у цэнтр свайго мыслення якраз і паставіў Беларусь, якая да гэтага была адной савецкай рэспублікай, тэрыторыяй без інтэлектуальнай і культурніцкай традыцыі, без мыслення і без гісторыі. (Апошняя, праўда, калі выказацца больш дакладна, усё ж была, аднак пачыналася толькі з 1917 года).
Чаго варта чакаць? Што можа гарантавана атрымаць абітурыент, калі пройдзе конкурсны адбор?
Гарантавана можна чакаць сустрэчы з выбітнымі беларускімі інтэлектуаламі, незалежнымі добра вядомымі журналістамі і гісторыкамі.
На што не варта разлічваць, каб не расчаравацца?
Каб не расчаравацца, трэба разлічваць толькі на ўласную працу, скіраваную на тое, што я (студэнт) хачу навучыцца нестандартна (“нестандартна” я ўзяў у двукоссе таму, што мысленне само па сабе ёсць рэч выключна нестандартная) мысліць і цікава пісаць (для іншых). Толькі тады выкладчыкі БК будуць вам карысныя і толькі тады вам дапамогуць. А чаго ня можа даць БК? Дакладна ня можа даць гатовай веды. Бо веда – гэта заўсёды пошук (вынік МЫСЛЕННЯ).
Якія асабістыя якасці дапамагаюць не проста правесці перыяд жыцця ў БК, а быць паспяховым і атрымаць максімальную карысць?
Моцнае жаданне і прага веды (мыслення).
На Вашай старонцы размешчана інфармацыя пра праект стварэння Беларуска-амерыканскага ўніверсітэта. Якія магчымасці прапаноўвае студэнтам гэты праект?
Гэта праект для будучыні, для будучай інтэлектуальнай эліты, якая мусіць змяніць культурніцкі, адукацыйны і інтэлектуальны ландшафт краіны, зрабіць Беларусь адкрытай, а адукацыю ў краіне – канкурэнтаздольнай.
І амаль асабістае: калі б у той час, калі Вы былі студэнтам, існаваў БК, ці захацелі б Вы ў ім вучыцца? Чаму? І калі ўжо Калегіюма не было, то скажыце, калі ласка, дзе Вы бралі свае ўрокі свабоды думкі і творчасці?
Я адкажу адразу на два пытанні. Мне ў маім жыцці неверагодна пашчасціла. Па-першае, прыехаўшы ў Менск вучыцца, я практычна адразу ж патрапіў у нефармальны акадэмічны гуманітарны асяродак. Як? Дзякуючы чытацкаму білету свайго старэйшага брата я пачаў наведваць чытальныя залі бібліятэкі АН БССР і навуковую залю Нацыянальнай бібліятэкі. І гэта быў амаль цуд! У холі (пазней палёнцы былі выціснутыя ў прыбіральні) на трэццім паверсе бібліятэкі АН БССР адбываліся (падчас перапынкаў на цыгарэту) доўгія і часам нефармальныя дэбаты навуковых супрауцоўнікаў і аспірантаў (філосафаў, эканамістаў, літаратараў, гісторыкаў і г.д.). Тое ж адбывалася і ў прыбіральні навуковай залі Нацыянальнай бібліятэкі. Я прыходзіў туды і літаральна развешваў вушы. Як гэта не смешна гучыць, але прыбіральні гэтых бібліятэкаў сталіся для мяне культавымі мейсцамі. А, па-другое, была сустрэча з Кімам Хадзейевым, легендарнай асобай, чалавекам-бібліятэкай. Дзякуючы яму мая нефармальная адукацыя істотна прасунулася наперад. І, што самае дзіўнае, гэты чалавек ня толькі неверагодна шмат чаго ведаў, але і ўмеў мысліць! А цяпер да БК… У некаторым сэнсе БК і ёсьць мадэллю той нефармальнай адукацыі, якую я ў свай час атрымаў падчас майго фармальнага (дзеля дыплёма) навучаньня ў Лінгвістычным унівэрсытэце.